Вершы класіка ўсходняй паэзіі чыталі пісьменнікі і студэнты. З песнямі на беларускай і ўзбекскай мове выступілі маладыя выканаўцы. Вядучыя — вядомыя ў краіне пісьменнікі Міхась Пазнякоў і Алена Стэльмах расказалі пра Узбекістан сённяшні, пра багатую ўзбекскую літаратуру, да якой у беларускага чытача даўняя цікаўнасць. У прыватнасці, Міхась Паўлавіч расказаў пра працу над узбекскім томам у серыі «Дзіцячая літаратура народаў СССР», якая ў свой час была рэалізавана мінскім выдавецтвам «Юнацтва».
З расповядам пра сваю працу над перакладамі вершаў Алішэра Наваі выступіў ташкенцкі паэт і перакладчык Мікалай Ільін.
З прывітальным словам да гасцей вечара і ўдзельнікаў Дзён літаратуры Узбекістана ў Беларусі звярнуўся старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Карлюкевіч. Ён расказаў пра нядаўняе наведванне Ташкента, пра ролю кіраўніка Саюза пісьменнікаў Узбекістана Сіражыддзіна Сайіда ў развіцці беларуска-узбекскіх літаратурных сувязяў.
— На сённяшні дзень у Беларусі выдадзена дзве кнігі Алішэра Наваі на беларускай мове, — зазначыў Часовы Павераны па справах Рэспублікі Узбекістан у Рэспубліцы Беларусь Рахматула Назараў. — Перакладчыкамі выступілі Васіль Жуковіч і Дзмітрый Радкевіч. Такія імпрэзы, як вечар Алішэра Наваі ў Доме літаратара, безумоўна, паспрыяюць нараджэнню новых творчых праектаў у знак пашырэння ўяўленняў у Беларусі пра неўміручую паэзію класіка, якому ёсць і помнік у Мінску.
— Дарэчы, у Выдавецкім доме «Звязда» ідзе падрыхтоўка над над новым выданнем твораў Алішэра Наваі ў перакладзе на беларускую мову.
Аўтар: Сяргей Шычко
Звязда, 24 сакавіка 2023
Звязда, 24 сакавіка 2023