Беларускі бок заўсёды адчувае падтрымку Расіі ў расследаванні справы аб генацыдзе беларускага народа, заявіў намеснік начальніка ўпраўлення па наглядзе за расследаваннем асабліва важных крымінальных спраў Генпракуратуры Беларусі Сяргей Шыкунец падчас відэамоста Мінск-Масква ў мультымедыйным прэс-цэнтры Sputnik Беларусь.
"У першую чаргу гэта датычыцца вялізнага пласта архіўных дакументаў", - растлумачыў Шыкунец.
Гэтыя дакументы дазваляюць даведвацца пра раней невядомыя карныя аперацыі і месцы пахавання. Праца ў архівах працягваецца. Напрыклад, цяпер тры члены беларускай следчай групы займаюцца гэтым у Расіі.
За няпоўныя два гады следства ўстаноўлены раней невядомыя факты аб 1,3 тыс сельскіх населеных пунктах, якія пацярпелі пры акупацыі ад рук карнікаў. У тым ліку гэта не менш за 30 вёсак, лёс якіх аналагічны Хатыні. Калі раней лічылася, што ў цэлым такіх вёсак было 186, то цяпер вядома не менш як пра 216. Яны былі поўнасцю знішчаны разам з насельніцтвам і не адрадзіліся.
Тое ж самае з месцамі прымусовага ўтрымання насельніцтва. Раней было вядома пра 490 такіх месцаў у акупаванай БССР, а цяпер – больш за 580. Устаноўлена больш за сотню новых месцаў масавага знішчэння і пахавання. Запланаваны раскопкі ў 36 такіх месцах.
Прадстаўнік пракуратуры дадаў, што ў расследаванні дапамагаюць спецыялісты Мінабароны, архівісты, гісторыкі і грамадскія аб’яднанні. Вынікі працы ўжо ўкараняюць у школьную адукацыю. Цяпер распрацоўваюцца падручнікі гісторыі для 9-10 класаў. У іх будзе гаварыцца аб маштабах генацыду і аб ролі калабарацыяністаў, у тым ліку ўкраінскіх.
Акрамя таго, выдадзены кнігі па гэтай тэме, у тым ліку пра лагеры смерці ў акупаванай БССР.
"Лагерамі смерці мы называем усе месцы прымусовага ўтрымання насельніцтва", - растлумачыў Шыкунец.
Па словах прадстаўніка Генпракуратуры, робяцца спробы перапісаць гісторыю трагедыі ў Хатыні. Часам ставіцца пад сумнене існаванне Іосіфа Камінскага, адзінага жыхара вёскі, які выжыў. Пракурор падкрэсліў, што белых плям у гэтай гісторыі няма, і ў адрозненне ад апанентаў пракуратура аперыруе фактамі і архіўнымі дакументамі.