https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Ігар Капылоў: Нездарма ж кажуць, што беларуская мова — гэта жывая музыка


«Толькі тады цябе ўсе будуць шанаваць як чалавека, калі сам сябе будзеш шанаваць — калі не адкінеш свайго нацыянальнага ўласнага багацця. А першы скарб нацыянальны — гэта родная мова» — звяртаўся да свайго сучасніка-беларуса шмат гадоў таму Змітрок Бядуля.
Сёння, у Міжнародны дзень роднай мовы, самы час паразважаць, як жа мы шануем свой нацыянальны скарб, беларускую мову... А суразмоўцам стане дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Ігар Капылоў

— Уяўленне пра працу лінгвістаў, філолагаў стэрэатыпнае: кабінетныя навукоўцы. Аднак насамрэч гэтая праца ўключае ў сябе і шматлікія экспедыцыі, сустрэчы з носьбітамі мовы... Ці часта цяпер супрацоўнікі вашага інстытута выбіраюцца «у людзі»?

— У гады майго студэнцкага жыцця студэнты філалагічнага факультэта БДУ рэгулярна пасля 2-га курса накіроўваліся ў дыялекталагічную экспедыцыю. Гэта была выдатная магчымасць пачуць жывое народнае слова. На жаль, сённяшнія студэнты такой магчымасці не маюць. Упэўнены, што дыялекталагічную практыку неабходна вярнуць у навучальны працэс. Інстытут мовазнаўства гатовы падключыць студэнтаў да нашых экспедыцый. А яны праводзяцца пастаянна. На базе Інстытута працуе аддзел дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі — гэта адзіны ў нашай краіне навуковы цэнтр, які займаецца вывучэннем беларускіх народных гаворак.

Раней, гэта было адразу пасля Вялікай Айчыннай вайны, у такой працы фактычна былі задзейнічаныя ўсе вышэйшыя навучальныя ўстановы Беларусі — настаўніцкія і педагагічныя інстытуты. Дзякуючы супольным высілкам і дзяржаўнай зацікаўленасці і падтрымцы ў досыць кароткі тэрмін быў створаны «Дыялекталагічны атлас беларускай мовы» (1963), уганараваны ў 1971 г. Дзяржаўнай прэміяй СССР. У наш час такія маштабныя палявыя даследаванні не праводзяцца, ды і сёння вёска зусім іншая ў параўнанні з той, якой яна была ў 40–60-я гады ХХ-га стагоддзя.

Але нягледзячы на ўсё гэта аддзел дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі штогод, часам па некалькі разоў на год, едзе ў вёскі па народныя моўныя скарбы. Пры гэтым дыялекталагічныя экспедыцыі праводзяцца не толькі ў нашы беларускія вёскі, але і ў іншыя краіны, дзе таксама жыве традыцыйная беларуская гаворка.

Напрыклад, акадэмічныя навукоўцы былі на Беласточчыне ў Польшчы, былі ў Невельскім і Себежскім раёнах на Пскоўшчыне і ў Суражскім раёне на Браншчыне. Пачынаючы з 2009 па 2021 гг. супрацоўнікі аддзела правялі 35 выездаў на тэрыторыю ўсходняй часткі Беларусі, наведалі ледзьве не ўсе яе раёны. Чаму менавіта сюды? Даведацца, наколькі жывое мясцовае маўленне падлегла пад рускамоўны ўплыў. Лексічны лад любой мовы надзвычай рухомы, дынамічны. Ці будзе жыць, і дакуль, дыялектная мова бабуль і дзядуль? Адказу дакладнага няма. Але выміранне вёскі спрыяе і выміранню традыцыйных мясцовых гаворак. Таму сёння задача аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі зрабіць як мага больш запісаў па ўсёй Беларусі.

Я таксама з задавальненнем прымаю ўдзел у экспедыцыях. Дыялектолаг павінен не толькі добра разбірацца ў асаблівасцях народных гаворак, але яшчэ і быць добрым псіхолагам, умець знайсці падыход да суразмоўцаў. А тэксты, запісаныя падчас экспедыцый, каштоўныя не толькі для лінгвістыкі, яны змяшчаюць каштоўныя звесткі пра гісторыю народа, яго светабачанне, традыцыі і звычаі.

Напрыклад, у канцы мінулага года, Года гістарычнай памяці, мы здалі ў выдавецтва рукапіс пад назвай «Вайна — трагедыя і памяць народа», у якім змешчаны ўспаміны жывых сведак падзей Вялікай Айчыннай вайны, запісаныя падчас дыялекталагічных экспедыцый.

— Мова — гэта жывая стыхія, акадэмік Ліхачоў увогуле сцвярджаў, што яна валодае сваёй ментальнасцю... Што адбываецца сёння з беларускай мовай, наколькі прырастае новымі формамі — бо яе побытавае выкарыстанне звужаецца і звужаецца, а частка тых, хто пачынае ёю карыстацца, вывучалі яе не натуральным чынам, у сям’і, а самастойна, па кнігах? Былі ж сумневы, ці прыжывецца мова «на асфальце», ці выйдзе з-пад стрэхаў...

—Бясспрэчна, што мова — жывая стыхія. Пашырэнне і інтэнсіфікацыя міжнародных кантактаў, актыўнае паскарэнне навукова-тэхнічнага прагрэсу, з’яўленне новых рэалій паслужылі прычынай актыўнага папаўнення лексічнай сістэмы беларускай мовы запазычаннямі з заходнееўрапейскіх моў, у першую чаргу, з англійскай, якая ў канцы XX ст. стала мовай глабальнай камунікацыі. Тэматычна новыя запазычанні ахопліваюць практычна ўсе сферы сучаснага жыцця: саміт, спічрайтар, электарат, афшор, бартар, дэфолт, клірынг, тэндар, дамп, драйвер, ноўтбук, сканер, прынтабайкер, перфоманс, прадзюсар, тэйп-арт, арганайзер, гамбургер, памперсы, сайдынг, фаст-фуд і г. д.

У большасці выпадкаў запазычванне адбываецца праз пасрэдніцтва рускай мовы. Разам з тым непасрэдныя запазычанні з рускай мовы на сучасным этапе складаюць нязначную колькасць, у асноўным размоўныя словы. Больш за тое, у апошнія дзесяцігоддзі ў беларускай мове назіраецца тэндэнцыя адштурхоўвання ад лексікі, агульнай з рускай мовай, замена намінатыўных адзінак, агульных з рускай мовай, словамі з іншых славянскіх моў або лексічнымі адзінкамі, якія раней знаходзіліся на перыферыі моўнай сістэмы. Напрыклад, валіза — чамадан, ровар — веласіпед, імбрычак — чайнік, лецішча — дача, тынэйджар — падлетак, пляцак — рукзак, складанка — зборнік. 

На працягу многіх стагоддзяў носьбітам і захавальнікам беларускай мовы была вёска. Сёння, на жаль, нашы вёскі пусцеюць. Стан вясковай мовы таксама мяняецца. На сучасным этапе носьбітамі мовы з’яўляецца інтэлектуальная эліта. Зусім неабавязкова гэта прадстаўнікі гуманітарных прафесій. Актыўна карыстаюцца беларускай мовай праграмісты, урачы і бізнесмены. 

— Лёс беларускай мовы не выключны. Нагадаю, што ў Расіі мовай арыстакратаў доўга была французская — нават Тацяна Ларына ліст Анегіну пісала па-французку, бо «по-русски плохо знала». Габрэй з беларускай вёскі Лужкі на Шаркаўшчыне Бен Іегуда, калі аднаўляў іўрыт, сустракаў шмат скептыцызму, але казаў, што калі можна аднавіць мову, на якой перасталі гаварыць, размоўнай для аднаго чалавека, можна зрабіць яе размоўнай і для ўсяго грамадства. Што трэба зрабіць, каб беларуская мова гучала на вуліцах і ў дамах беларусаў? 

— Прыклад яўрэйскага народа надзвычай паказальны. Іўрыт, мёртвая мова, быў не толькі адроджаны, але і выступіў дзейным фактарам аб’яднання ўсёй нацыі на тэрыторыі новастворанай дзяржавы. Прыемна адзначыць, што выключна важную ролю ў гэтым адыграў наш зямляк. Але параўноваць беларускую мову з іўрытам нельга. Беларуская мова — жывая мова. Больш за тое, ёй нададзены высокі статус дзяржаўнай мовы незалежнай краіны.

Можна з упэўненасцю сцвярджаць, што на сучасным этапе беларуская мова — гэта высокаразвітая літаратурная мова з багатым слоўнікавым складам, разгалінаванай навуковай тэрміналогіяй і строгай сістэмай норм. Не трэба шукаць вінаватых у тым, што нацыянальная мова шырока не выкарыстоўваецца. Неабходна пачынаць з сябе. Ці заўсёды хапае волі зрабіць першыя крокі?

Прывяду такі прыклад. На занятках па беларускай мове студэнты, натуральна, многа разважаюць пра тое, што мову трэба развіваць, падтрымліваць, папулярызаваць. Калі ж я прашу падняць руку тых, хто, атрымліваючы стыпендыю ў банкамаце, націскае кнопачку з беларускай мовай, то бачу аднаго, у лепшым выпадку дваіх студэнтаў з 30. Ці ўзяць заліковую кніжку — яна аформлена па-беларуску, застаецца толькі ўпісаць сваё прозвішча ў беларускамоўным варыянце, дык не, пішуць па-руску.

Атрымліваецца, дзяржава забяспечыла магчымасці, а грамадзянін не жадае прыкласці нават невялікія высілкі, каб падтрымаць мову. У ідэале павага да нацыянальнай мовы павінна выхоўвацца ў сям’і. Калі няма асяроддзя, калі людзі не чуюць мову ў сям’і, то натуральна, што яна ўспрымаецца як замежная.

З іншага боку, сёння людзі вельмі прагматычныя. Для іх недастаткова заклікаў любіць і ведаць родную мову. Павінна быць матывацыя. Тут ужо павінна прыйсці адчуванне таго, што толькі веданне дзяржаўных моў, у першую чаргу нацыянальнай, а таксама замежных, найперш англійскай, дапаможа маладому чалавеку рэалізаваць свае магчымасці і амбіцыі ў сучасным шматмоўным і шматкультурным свеце. 

Што тычыцца дзяржавы, то робіцца для развіцця беларускай мовы не так і мала. Існуе дзяржаўная падпраграма навуковых даследаванняў, выдаецца вялікая колькасць беларускамоўнай літаратуры, рэгіструюцца і афармляюцца па-беларуску многія аб’екты, беларуская мова гучыць у грамадскім транспарце. Тым не менш гэтага недастаткова. Беларуская мова не запатрабавана ў многіх важных сферах грамадскага жыцця. Думаю, што павінна быць распрацавана дзяржаўная праграма па падтрымцы нацыянальнай мовы. Да распрацоўкі такой праграмы павінны падключыцца вучоныя НАН Беларусі, выкладчыкі ВНУ, школьныя настаўнікі, прадстаўнікі органаў дзяржаўнага кіравання і грамадскасці.

— Ва Уладзіміра Караткевіча ёсць палючы верш пра беларускую мову... «Ёсць паданне вякоў, што разбурыць калісь Вавілонскую Вежу Адам, і няўмольна сальюцца мовы зямлі ў адну, няродную нам». Караткевіч зацята адмаўляецца ў гэта верыць... А вы? Што адбываецца сёння з нацыянальнымі мовамі свету?

— Я таксама адмаўляюся ў гэта верыць. Інакш жыццё на Зямлі стане нецікавым. Мова кожнага народа з’яўляецца ўнікальным інструментам для разумення і апісання навакольнага асяроддзя, важным сродкам камунікацыі і перадачы ведаў, уяўляе сабой своеасаблівае «сховішча» гістарычнага і сацыяльнага вопыту нацый, выступае ў якасці фактару сацыялізацыі і сродку самаідэнтыфікацыі чалавека.

Нягледзячы на гэта, амаль палова моў свету, па даных ЮНЕСКА, знаходзіцца пад пагрозай знікнення, многія мовы страчваюць сваё значэнне ў разнастайных сферах грамадскага жыцця. Прыкладна 600 моў знікла на працягу ХХ стагоддзя, на жаль, гэтыя працэсы працягваюцца. Калі яны будуць адбывацца з такой жа інтэнсіўнасцю, то па прагнозах спецыялістаў ужо ў сярэдзіне гэтага стагоддзя застанецца толькі 50% існуючых сёння моў, а к канцу стагоддзя каля 90 працэнтаў моў свету знікне з лінгвістычнай карты.

Да асноўных выклікаў сучаснасці адносяцца працэсы глабалізацыі, вынікам якіх становіцца дамінаванне невялікай колькасці моў. І нават шырокараспаўсюджаныя мовы знаходзяцца ў складанай сітуацыі, паколькі адзначаецца негатыўны ўплыў на літаратурныя нормы. Гэта ў значнай ступені звязана з лібералізацыяй адукацыі, развіццём сацыяльных медыя (сетак), беспрэцэдэнтнай дэмакратызацыяй публічнай інфармацыйнай прасторы.

Узнікла прынцыпова новае інфармацыйнае асяроддзе, дзе няма аўтарытэтаў, норм і межаў самавыражэння. Лінгвістычная разнастайнасць — гэта рэсурс, які можа садзейнічаць стабільнасці і спрыяць паспяховаму развіццю грамадства. Невыпадкова, што праблема захавання і развіцця нацыянальных культур, нацыянальных моў, нацыянальных літаратур, духоўнай спадчыны народаў сёння набывае прыярытэтнае сусветнае значэнне.

Сёння існуе вялікая колькасць міжнародных дакументаў па абароне моў і моўнай разнастайнасці. Пастаянны форум ААН штогод выступае з рознымі ініцыятывамі. Стварэнне Сусветнага атласа моў дазваляе даць ацэнку стану моў і садзейнічае выпрацоўцы комплексных мер. Таму задачай агульнадзяржаўнай важнасці застаецца захаванне сваёй этнакультурнай самабытнасці як функцыянальна неабходнага кампанента грамадства.

У адпаведнасці з сучасным курсам Рэспублікі Беларусь на ўмацаванне суверэнітэту краіны, дзяржаўная нацыянальная мова павінна быць не толькі сродкам камунікацыі, элементам культуры, сродкам захавання і перадачы сацыяльнага вопыту, сімвалам нацыянальнай свядомасці, але і неад’емным атрыбутам незалежнасці краіны, фактарам кансалідацыі і яднання беларускай нацыі, гарантам гуманітарнай бяспекі. Гэтыя палажэнні замацаваны ў Канцэпцыі інфармацыйнай бяспекі Рэспублікі Беларусь. Беларускай мове нададзены высокі статус дзяржаўнай мовы, замацаваны ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і Законе аб мовах у Рэспубліцы Беларусь. 

— Яшчэ ў канцы 1980-х мы баранілі сваю мову, сцвярджаючы, што па даследваннях навукоўцаў яна займае другое месца ў свеце па меладычнасці пасля італьянскай... А як насамрэч?

— Інфармацыя пра тое, што беларуская мова займае другое месца ў свеце па меладычнасці ўжо даўно бытуе ў нашым грамадстве. Але дакументальна пацверджаных звестак аб правядзенні такіх даследаванняў у нашым распараджэнні няма. Разам з тым такое меркаванне ўзнікла небеспадстаўна. У беларускай мове, у адрозненне ад многіх моў свету, няма кароткіх галосных гукаў. Апрача таго, для беларускай мовы нехарактэрна спалучэнне некалькіх зычных (напрыклад, 3-4 зычных як у чэшскай мове). У нашай мове больш, чым у рускай мове, санорных гукаў. Націск у словах «працуе», каб скаардынаваць склады. Усё гэта стварае адметны меладычны малюнак мовы. Нездарма ж некаторыя спевакі і кампазітары кажуць, што беларуская мова — гэта жывая музыка.

— І пытанне пра мову мастацкіх твораў... Цяпер іх ствараюць у асноўным «дзеці асфальту», над калыскамі якіх маці не спявалі беларускія калыханкі. Наколькі дапушчальна для літаратара парушэнне існуючых моўных нормаў у творах? Ці дапушчальна ўсё — бо менавіта ў літаратуры шліфуецца, аздабляецца, развіваецца мова? І ці сочыце вы за мовай перакладаў на беларускую твораў сусветнай літаратуры? 

— Праблема мовы пісьменніка надзвычай важная. Варта ўзгадаць словы Якуба Коласа:"Тварэц мовы — народ. Задача ж пісьменніка — у фарміраванні, адборы найлепшага, у прывядзенні мовы да літаратурных нормаў«.

На працягу ўсёй гісторыі беларускай літаратурнай мовы пісьменнікі адыгрывалі выключную ролю ў яе развіцці. Часта пісьменнікі стваралі новыя словы, якія арганічна прыжыліся ў мове і ўзбагацілі яе.

Напрыклад, Уладзіміру Дубоўку належаць такія выдатныя наватворы як агнявейны, красамоўца, смутнавокі, успаветраны, шумлівазвонны, крынічыць і інш. А якімі арыгінальнымі рэгіянальнымі фразеалагізмамі ўзбагаціў мову Якуб Колас, напрыклад, хоць на пупе круціся, ні крупнік, ні каша, страляць у саракоўку і інш. Народнае слова для пісьменнікаў таго часу было натуральным, засвоеным з дзяцінства, паколькі большасць з іх нарадзілася і вырасла ў вёсцы.

Сёння сітуацыя кардынальна змянілася. Натуральная, арганічная мова вёскі знікае або істотна змяняецца пад уплывам рускай мовы. Цяпер мастацкія творы, як правіла, ствараюць «дзеці асфальту». Уплыў на мову пісьменніка аказвае публіцыстыка, сацыяльныя сеткі, з’яўляецца многа запазычанняў, слоў са слэнгу і інш. Як быць у такой сітуацыі? Магу параіць пісьменнікам карыстацца тымі багатымі лексічнымі рэсурсамі, якія сабраны, сістэматызаваны акадэмічнымі вучонымі-дыялектолагамі.

Пры напісанні твораў на гістарычную тэматыку, думаю, немагчыма абыйсціся без «Гістарычнага слоўніка беларускай мовы» ў 37 выпусках. З аднаго боку, норма стрымлівае моўную стыхію, а з другога боку, ці ўдасца пісьменніку рэалізаваць творчую задуму, калі не выходзіць за межы нормы? Думаю, што творчая асоба мае права выходзіць за межы лексічных нормаў літаратурнай мовы, напрыклад, ужываючы дыялектныя словы або аўтарскія аказіяналізмы. Не выключана, што з цягам часу гэтыя словы трывала замацуюцца ў мове. 

Калі гаварыць пра пераклад мастацкіх тэкстаў з далёкіх беларускай моў, то выразна заўважны дзве асноўныя тэндэнцыі: першая — перакладчык імкнецца як мага дакладней перадаць аўтарскі мастацкі свет; другая тэндэнцыя — максімальна адаптаваць, «адамашніць» арыгінал. І вось у другім выпадку часам узнікаюць сур’ёзныя непаразуменні. Напрыклад, у 2013 г. пераклад усім вядомай кнігі англійскага пісьменніка Льюіса Кэрала, якая ў арыгінале мае назву «Alice’s Adventures in Wonderland» (дакладна «Прыгоды Эліс (Алісы) у Краіне Цудаў»), створаны беларускім перакладчыкам Максам Шчурам, выклікаў непаразуменне ўжо сваёй беларускамоўнай назвай — «Алесіны прыгоды ў дзівоснай краіне». У канцы 2022 г. у інтэрнэт-прасторы з’явілася інфармацыя, што відэасэрвіс VOKA выпусціў у афіцыйным беларускамоўным дубляжы дыснееўскі фільм 2010 г., і тут па-беларуску назва гучыць як «Аліса ў Цудазем’і», што таксама можна назваць няўдалым «адамашніваннем».

Дарэчы, у нашым Інстытуце 22 лютага адбудзецца круглы стол «Мастацкі пераклад ва ўмовах блізкароднаснага білінгвізму: праблемы і перспектывы». Запрашаем...

Аўтар: Людміла Рублеўская
Звязда, 20 лютага 2023
 
Дата публикации:20.02.2023
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:532
 
Ключевые слова:
Беларуская мова Международный день родного языка
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме