https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Эліксір для даўгалецця


Пачатак года ў Брэсце ўжо даўно асацыюецца з фестывалем «Студзеньскія музычныя вечары». Быў час, калі оперныя дзівы прыбывалі да нас у гэтую пару ў раскошных футрах, бо стаяла сапраўдная зіма.
Цяпер пейзажы іншыя — ні намёку на снег альбо мароз, а аркестр каля акадэмічнага тэатра ў дзень адкрыцця іграе пад дробным дажджом. Што ж, зімы няма, а фестываль ёсць — на радасць аматарам высокага мастацтва.

Напачатку тыдня Міжнародны фестываль класічнай музыкі «Студзеньскія музычныя вечары» адкрыў заслону 35-ы раз. На гэты раз у «Вечарах» прынялі ўдзел музыканты і выканаўцы з Беларусі, Балгарыі, Босніі, Грузіі, Італіі, Расіі, Сербіі і Сірыі. Як заўсёды, цырымонія ўрачыстага адкрыцця адбылася ў Акадэмічным тэатры драмы.

У прывітальным слове намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Вадзім Краўчук адзначыў, што фестываль даўно стаў не толькі брэндам Брэста і рэгіёна, але і нашай краіны. «Сюды прыязджаюць сусветна вядомыя спевакі і музыканты, некаторыя пабывалі ўжо шмат разоў. І ўсё дзякуючы непаўторнай атмасферы фестывалю, якую стварыла ад самага пачатку заслужаны дзеяч мастацтваў Лілія Батырава», — сказаў Вадзім Краўчук. Пад апладысменты залы Ліліі Рыгораўне перадалі букет ад імя старшыні аблвыканкама Юрыя Шулейкі.

І калі «Вечары» можна назваць брэндам рэгіёна, то брэндам фестывалю, несумненна, з`яўляецца яго заснавальнік, дырэктар, галоўны рэжысёр, лаўрэат Спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За развіццё міжнародных культурных сувязяў» Лілія Батырава. Лілія Рыгораўна некалькі гадоў таму адзначыла 85-годдзе, але па-ранейшаму з`яўляецца душой фестывалю, яе ведаюць і любяць артысты, здаецца, з усяго свету, на яе запрашэнні адгукаюцца і прыязджаюць падарыць брастаўчанам незабыўнае свята высокай музыкі.

Як заўсёды, асабліва хвалюючым становіцца вечар-адкрыццё. Праграму першага вечара сёлета адкрыў Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Беларусі пад кіраўніцтвам дырыжора і мастацкага кіраўніка, народнага артыста Беларусі Аляксандра Анісімава. Прагучала ўверцюра да оперы Вагнера «Нюрнбергскія мейстэрзінгеры» і ўверцюра да оперы Глінкі «Руслан і Людміла». Разам з народным артыстам Беларусі прафесарам Ігарам Алоўнікавым музыканты выканалі першую частку фартэпіяннага канцэрта Чайкоўскага.

Слухачы цёпла прымалі італьянскіх гасцей — салістку італьянскай оперы Расану Патэнца і саліста оперных тэатраў Дамінга Стасі, а таксама першую флейту оперных тэатраў Мілана і Рыма Антонія Амендуні. Ганна Саўкіна з Санкт-Пецярбурга выканала канцэрт для скрыпкі з беларускім аркестрам і была ўзнагароджана бурнымі апладысментамі.

Італьянскія выканаўцы спявалі і паасобку, і дуэтам — цудоўнае сапрана Расаны з тэнарам Дамінга стварала чаканую атмасферу, слухачы ўсміхаліся, зараджаліся энергіяй музыкі. А калі аб`явілі арыю «Заздароўную» з оперы Вердзі «Травіята», і Дамінга Стасі адкрыў бутэльку шампанскага, зала адгукнулася адабральным гулам, цалкам запанаваў святочны настрой.

Адным з найбольш чаканых аматарамі фэсту было выступленне тэатра «Маскоўская аперэта». Загадкавы містэр Ікс у выкананні Паўла Іванова, несумненна, пакарыў публіку. Марыя Варажэйкіна ў ролі Тэадоры таксама была чароўнай. Адным словам, спатканне з творам Імрэ Кальмана, правільней сказаць, спектаклем у дзвюх дзеях, атрымалася надзвычай цёплым, пранікнёным.

У трэці дзень «Вечароў» па традыцыі прайшоў калядны баль у тэатры драмы. Гэты баль не мае жорсткіх патрабаванняў да дрэс-коду, таму аматараў класічных танцаў прыйшло нямала. У вальсе і танга прыгожа кружылі пары ў тым ліку трэцяга ўзросту.

Адметнасцю сёлетняга фестывалю названы дабрачынны канцэрт для медыцынскіх работнікаў Брэста і Брэсцкага раёна. Як заявілі арганізатары, мерапрыемства стала знакам увагі да прадстаўнікоў самай гуманнай прафесіі, да людзей, якія працуюць у выхадныя і святы. Усяго было раздадзена каля 400 запрашальных білетаў. І зала Брэсцкага дзяржаўнага музычнага каледжа імя Р.Шырмы ўвечары 11-га аказалася поўная.

У кулуарах фестывалю артысты дзяліліся ўражаннямі з журналістамі. Маэстра Аляксандр Анісімаў пахваліў брэсцкую публіку:

— Прыемна бачыць у зале людзей, якія з году ў год прыходзяць на канцэрты «Вечароў». Ведаю, што некаторыя з іх даязджаюць не толькі ў Мінск, але нават у Маскву і Піцер, каб сустрэцца з высокім мастацтвам. Мы рады выступаць у Брэсце, шчаслівыя сустрэчамі з сапраўднымі аматарамі класічнай музыкі.

Улюбёнец брэсцкай публікі італьянскі флейтыст Антоніа Амендуні сказаў так:

— Мне прыемна зноў вярнуцца ў Брэст, дарэчы, сёмы раз выступаю на «Вечарах». Упершыню прыехаў сюды 15 гадоў таму. Для мяне ваш горад ужо крыху родны. Публіка тут цудоўная. Прыемна паслухаць іншых выканаўцаў. Я ўдзячны спадарыні Ліліі і ўсім арганізатарам фестывалю за запрашэнне і добрую арганізацыю.

Скрыпачка Ганна Саўкіна — таксама даўні сябар фестывалю, яна прыязджае ў Брэст сёмы раз:

— Я палюбіла Брэст за цёплыя сустрэчы, за добрую атмасферу. Гэта цудоўна, што фестываль праходзіць штогод і збірае артыстаў вельмі высокага ўзроўню. Таму ў сваім даволі шчыльным канцэртным графіку заўсёды знаходжу акенца для «Вечароў». З многімі калегамі-інструменталістамі пазнаёмілася менавіта тут, з некаторымі працягваем стасункі, абменьваемся інфармацыяй, творчым вопытам. Рада выступаць з беларускім дзяржаўным акадэмічным аркестрам пад кіраўніцтвам маэстра Анісімава. Музыканты цудоўна іграюць.

Напрыканцы парада ад Ліліі Батыравай: «Любіце музыку, адчувайце яе. Хто слухае класічную музыку, жыве доўга».

Аўтар: Святлана Яскевiч
Звязда, 13 студзеня 2023
 
Дата публикации:13.01.2023
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:465
 
Ключевые слова:
Фэст культуры Оперное искусство Классическая музыка Брэст
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме