https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Калі Святое возера ў Магілёве зноў стане прыдатным для купання


Гэта праблема з барадой. Да 2015 года на пляжы каля Святога возера ў Магілёве загарала, напэўна, паўгорада. Потым купанне забаранілі, бо вада па бактэрыялагічных паказчыках не адпавядала норме.
З тых часоў пытанне, калі нарэшце возера вярнуць адпачывальнікам, з вуснаў не сыходзіць. Сёлета, напрыклад, яно ўздымалася падчас прыёму грамадзян намеснікам прэм`ер-міністра Анатоля Сівака. І зусім нядаўна прагучала ад моладзі на сустрэчы старшыні Магілёўскага гарвыканкама Аляксандра Студнева са студэнцкім актывам вышэйшых навучальных устаноў Магілёва.

На што захварэла Святое возера? Самы распаўсюджаны адказ — забрудзілі птушкі. Пасярод вадаёма знаходзіцца плывучы востраў з зыбкай асновай, які аблюбавалі чайкі. Яны там выводзяць птушанят, у ваду ляціць пер`е і прадукты іх жыццядзейнасці, якасць вады ад гэтага, вядома, лепей не становіцца. Але гэта толькі палова праблемы. На дне возера назапасіліся вялікія глеістыя адкладанні, яны таксама атручваюць ваду. Усе гэта разумеюць, але вырашэнне праблемы вельмі затратнае. Лепш пабудаваць карысны сацыяльны аб`ект. Возера ж, маўляў, пачакае. Але гэта праблема з разраду тых, якія самі па сабе не ліквідуюцца. Яе рана ці позна давядзецца вырашаць. Калі не вобласці, то краіне. Бо ліквідацыя наступстваў толькі расце ў цане.

Дыягназ Святому возеру ставілі неаднойчы. Летась яго даследавалі навукоўцы БДУ. Іх высновы несуцяшальныя. Возера дэградуе. Літаральна да наступлення халадоў незалежнае даследаванне вадаёма правялі асіповіцкія школьнікі. На базе іх школы № 3 ёсць сур`ёзнае хімічнае абсталяванне. Яны даследавалі хімічныя параметры вады і глебы, якую дзеля справы здабыла пры дапамозе магілёўскіх ратавальнікаў карэспандэнтка «Звязды».

Але спачатку крыху пра паходжанне вадаёма. Ён утварыўся ў 1960-я гады ў выніку здабычы будаўнічага матэрыялу для ўзвядзення Магілёўскага завода штучнага валакна, а потым — «Магілёўхімвалакно» і навакольных шматпавярховікаў. Раней на яго месцы было балота. Пры здабычы пяску будаўнікі дабіраліся да ключа, катлаван запаўняўся вадой, і яны капалі новы. Таму дно Святога возера — у ямах. Па здагадках спецыялістаў, там б`е не адзін дзесятак ключоў. Раней глыбіня возера дасягала 23 метры, а бачнасць даходзіла да 13 метраў у глыбіню. У цяперашні час, па ацэнках некаторых даследчыкаў, глыбіня складае 8—12 метраў.

Плошча возера за апошнія сем гадоў павялічылася з 37 гектараў да 38,2 з-за грунтавых і крынічных вод. Плывучы востраў, які прыцягвае да сябе ўвагу птушак, пакрыты воднай расліннасцю, у асноўным чаротам, трыснягом, рагозам і дробным хмызняком. Мелкаводдзе складаецца з арганічных рэшткаў адмерлых раслін, падобных на сапрапель. На цвёрдай забалочанай паверхні растуць хмызнякі, невялічкія дрэўцы.

Гідрахімічны аналіз проб з гэтага вострава праводзіўся з прымяненнем спецыяльнага вучэбнага і лабараторнага абсталявання. Пад кіраўніцтвам настаўніцы хіміі і біялогіі вышэйшай катэгорыі, выдатніка адукацыі Святланы Зайцавай вучні 9 і 11 класаў асіповіцкай СШ № 3 Антон Брытаў і Яўген Крот вызначалі ў пробах паказчыкі па ph, кіслотнасці, праводзілі аналізы на наяўнасць катыёнаў і аніёнаў, устанаўлівалі характар сапрапелю. Яны таксама прааналізавалі ўвесь інфармацыйны матэрыял, які быў раней атрыманы. Высновы школьнікаў сведчаць пра істотную біягенную нагрузку на Святое возера.

— Гэты востраў сапраўды ўяўляе небяспеку, — адзначае Святлана Зайцава. — Нават сапрапель яго не арганічны, ён шэрага колеру — нежывы. Калі зрабілі аналіз, у гэтым сапрапелі знайшлі нафту. У возеры няспынна ідуць энергетычныя працэсы, выдзяляецца серавадарод. Калі я адкрыла гэтыя пробы, непрыемны пах аж шыбануў у нос. У сапрапелі аказаўся яшчэ і аміяк.

Спецыялісты лічыць, што, каб пачысціць возера, трэба перадусім прыбраць плывучы востраў. Да таго ж востраў прывабны не толькі для чаек, але і для птушак, якія мігруюць. А яны, як вядома, здольныя пераносіць небяспечныя захворванні.

На думку асіповіцкіх даследчыкаў, нядрэнна было б перанесці далей ад возера аўтадром і аўтазапраўку.

— Ад аўтазапраўкі і аўтадрома ў грунтавыя воды, а потым і возера трапляюць вуглевадароды, — кажа эксперт. — Гэта негатыўна ўздзейнічае на стан возера, а значыць, і на здароўе людзей. Калі пакінуць усё як ёсць, возера з часам ператворыцца ў балота. Вядома, для ачысткі патрэбны вялікія грошы, але гэта не той выпадак, калі трэба эканоміць. Акрамя таго, што выпарэнні павялічваюць парніковы эфект, яшчэ і паветра атручваецца. У гэтым возеры нельга не толькі купацца, але нават і загараць.

Пра тое, што магілёўцы працягваюць карыстацца і возерам, і пляжам, сведчаць ратавальнікі. Грабянёўская ратавальная станцыя працуе ў звычайным рэжыме. Летам тут усё роўна ажыўлена, а зімой аматараў сонечных ваннаў змяняюць рыбакі і маржы. Па назіраннях начальніка станцыі Аляксея Сталярова, возера само спрабуе ачысціцца. Перыядычна кавалкі плывучага вострава дрэйфуюць да берага. На жаль, слой глею за апошнія гады павялічыўся прыкладна ў два разы. І возеру ўсё цяжэй і цяжэй дыхаць.

— У 90-я, калі я толькі прыйшоў сюды працаваць, празрыстасць вады складала да 10 метраў у глыбіню, зараз — менш як метр, — кажа Аляксей. — З дня свайго ўтварэння возера не ведала тэхнікі па ачыстцы донных адкладанняў. І гэта негатыўна паўплывала на яго. Яшчэ некалькі гадоў таму адчувалася, як на дне б`юць крыніцы. Людзі знаходзілі тут паратунак нават у 30-градусную спякоту. У вадзе было шмат месцаў, дзе адчуваўся жыватворны халадок. Зараз такога няма.

Справа ўпіраецца ў фінансы, але ёсць спадзяванне, што пытанне вырашыцца на карысць магілёўцаў. На сваёй сустрэчы з магілёўскімі студэнтамі старшыня Магілёўскага гарвыканкама Аляксандр Студнеў паведаміў, што праект на ачыстку Святога возера і добраўпарадкаванне прылеглай тэрыторыі ўжо распрацаваны і налета плануецца пачаць работы. «Для таго, каб поўнасцю прывесці і сам вадаём, і пляж у парадак, спатрэбіцца каля двух гадоў», — адзначыў ён.

— На наступны год прадугледжана выдзяленне сродкаў на ачыстку возера, — пацвердзіў у тэлефоннай размове намеснік старшыні Магілёўскага гарвыканкама Андрэй Кіблоў. — Возера павінна служыць людзям.

Мы ж са свайго боку абяцаем знаёміць чытача, як у Магілёве адраджаецца любімы гараджанамі аб`ект адпачынку.

Аўтар: Нэлi Зігуля
Звязда, 8 снежня 2022
 
Дата публикации:08.12.2022
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:775
 
Ключевые слова:
Магілёў Экология Святое озеро
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме