Рэспубліканская дабрачынная акцыя Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі і Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі "Цуды на Каляды" стартавала сёння, у Міжнародны дзень добраахвотнікаў.
Традыцыйна моладзевая ініцыятыва прыўнясе свой уклад у скарбонку добрых спраў нацыянальнага навагодняга дабрачыннага праекта "Нашы дзеці". Бо яе галоўная задача - акружыць цяплом і клопатам маленькіх жыхароў нашай краіны - выхаванцаў дзіцячых дамоў, школ-інтэрнатаў, прыёмнікаў-размеркавальнікаў, прытулкаў для дзяцей-сірот, дзяцей-інвалідаў, якія маюць асаблівую патрэбу ў гэтым у навагоднія і калядныя дні. Будзе арганізаваны збор навагодніх падарункаў, цацак, развіваючых гульняў, канцылярскіх і спартыўных тавараў дзецям-сіротам, шматдзетным сем`ям, дзецям, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, дзіцячым дамам сямейнага тыпу.
"Мы сабралі сёння падарункі з усіх рэгіёнаў краіны, 16 снежня яны дойдуць да адрасатаў - выхаванцаў Івянецкага дзіцячага дома - падшэфнай сацыяльнай установы БРСМ, дзе адбудзецца дабрачыннае мерапрыемства акцыі "Цуды на Каляды" з удзелам добраахвотнікаў валанцёрскага атрада "Слон" БДУКМ", - расказала сакратар ЦК БРСМ Аляксандра Ганчарова.
Традыцыйна святочныя праграмы ўпрыгожыць сімвал акцыі - чырвоныя рукавічкі. "Акцыя прадоўжыцца па 13 студзеня. Больш за 250 мерапрыемстваў пройдзе ва ўсіх рэгіёнах краіны адрасна. Праект "Цуды на Каляды" БРСМ праводзіць разам з Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыяй. Таму валанцёрства мы пачынаем выхоўваць з цімураўскага ўзросту", - падкрэсліла Аляксандра Ганчарова.
Ужо з заўтрашняга дня пачне работу сімвалічная "Ёлка жаданняў". На ёй валанцёры размесцяць паштоўкі з жаданнямі выхаванцаў Краснапольскага і Слаўгарадскага раённых цэнтраў карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. У куфэрак "Добрых сэрцаў", устаноўлены пад ёлкай, кожны жадаючы зможа пакласці падарунак і здзейсніць навагоднія жаданні амаль 40 дзяцей.
5 снежня 2022, Мінск
БЕЛТА
5 снежня 2022, Мінск
БЕЛТА