https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


З імем Фінберга. Аркестр, якім кіраваў маэстра, будзе насіць яго імя


Народнага артыста Беларусі, дырыжора Міхаіла Фінберга не стала напрыканцы мінулага года. Засталася справа — вялікая, адзіна важная, якой ён прысвяціў усё сваё жыццё: аркестр.
Канцэртны аркестр Беларусі быў не толькі яго справай — наогул сэнсам жыцця, нават сям’ёй. А сям’я звычайна мае імя, якое яднае розныя яе адгалінаванні. Пры «аркестры Фінберга», як яго звычайна называлі пры жыцці маэстра, акрамя асноўнага калектыву, былі і ансамблі. Ён фактычна стварыў асобны магутны цэнтр музыкі, часткі якога працавалі на розныя глядацкія аўдыторыі, але ўсе мелі агульную мэту: асвета праз беларускую культуру. Ён і сам стаў яе носьбітам і вельмі актыўным прапагандыстам як беларускай музыкі, так і беларускага слова.

Цяжка было ўявіць у 1987 годзе, у што выльецца пачатак працы Міхаіла Фінберга з канцэртным аркестрам — што дзякуючы імпэту яго кіраўніка Беларусь атрымае безліч яркіх канцэртных праграм на творы выдатных беларускіх паэтаў і кампазітараў. Гэта былі сапраўдныя культурныя падзеі, калі былі ўзняты пласты песень, створаных на словы Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Уладзіміра Караткевіча, Петруся Броўкі ды сучасных паэтаў. Нібыта песні і былі на слыху, пра іх ведалі, але калі яны аб’ядналіся ў асобнай праграме, то гучалі асабліва ўрачыста, а слухачы былі ўражаны адкрыццём: наша, беларускае слова, самае мілагучнае і прыгожае. Фінберг усміхаўся, і час ад часу сам падаваў прыклад, як трэба гаварыць па-беларуску. Ён смакаваў асобныя словы так, як гэта можа рабіць музыкант: стараўся падбіраць такія, каб чалавек задумаўся: а што гэта значыць? І калі Фінберг так можа гаварыць, то чаму я не магу? Ён натхняў сваім прыкладам.

І тады натхняў, калі адзін за адным у Беларусі сталі ўзнікаць фестывалі, заснавальнікам якіх стаў Дзяржаўны канцэртны аркестр Беларусі. Спачатку быў магутны рух, якім у нейкі момант стаў фестываль нацыянальнай песні і паэзіі ў Маладзечне, для якога ствараліся адмысловыя праграмы. А потым дырыжор пайшоў далей, зразумеўшы, што сучаснасць немагчымая без гісторыі. І зноў зрабіў неверагоднае, фактычна ахінуўшы Беларусь сеткай фестываляў камернай музыкі, на якіх уздымаліся старадаўнія творы, бо музыка ў Беларусі не пачалася з 1917 года.

Разам з навуковым кіраўніком фестывалю прафесарам Вольгай Дадзіёмавай яны паказалі: у Нясвіжы, Міры, Мсціславе, Заслаўі і іншых гарадах людзі гатовыя слухаць сур’ёзную беларускую музыку, адкрываць для сябе імёны Яна Голанда, Антонія Радзівіла, Восіпа Казлоўскага і тых музыкантаў, імёны якіх зацерушыліся праз стагоддзі і эпохі. А музыканты яго аркестра даказвалі: яны здольныя іграць не толькі эстрадныя творы, але і вельмі віртуозныя музычныя сачыненні. За што і атрымлівалі высокія адзнакі: званне заслужанага калектыву і пазней нацыянальнага. Здавалася, што якую б ідэю ні прапанаваў няўрымслівы Міхаіл Якаўлевіч, яны здолеюць яе ажыццявіць разам з гэтым аркестрам. З яго аркестрам, за які маэстра заўсёды стаяў гарой, пра ўзровень і імідж якога так моцна клапаціўся, бо ведаў: «нацыянальны» — высокае званне, увесь час трэба даказваць, што яму адпавядаеш.

Цяпер народны артыст Беларусі Міхаіл Фінберг са сваім аркестрам назаўсёды. І ўсё так жа вызначае ягоны імідж.

Аўтар: Ларыса Цімошык
Звязда, 7 верасня 2022
 
Дата публикации:07.09.2022
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:755
 
Ключевые слова:
Михаил Финберг Оркестр Музыка
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме