Дарэчы, прадуманыя пакупнікі гэтым карыстаюцца, купляючы сімвалы Новага года пасля завяршэння зімовых свят, у разліку на Новы год будучы. Бо ўжо 8–10 студзеня цэны на ўсё гэта падаюць, і часам — аж на 50–70 %.
Ну, а цяпер навагоднія тавары — на піку папулярнасці і спажывецкага попыту, і цэны на іх, зразумела, максімальныя. Глядзім, што пачым.
Галоўны колер
Як адзначылі ў Міністэрстве антыманапольнага рэгулявання і гандлю, сёлета святочны асартымент па традыцыі шырокі. Навагодняй атрыбутыкі на паліцах крам — больш за 20 000 найменняў, у тым ліку каля 2000 пазіцый ёлачных упрыгажэнняў і навагодніх сувеніраў. У асноўным гэта цацкі айчыннай, кітайскай і расійскай вытворчасці.
Галоўны колер гэтай навагодняй ночы — зялёны, бо, паводле Усходняга гараскопа, надыходзячы год пройдзе пад заступніцтвам Зялёнай Змяі. Акрамя таго, менавіта зялёны лічыцца колерам фінансавага поспеху: калі жадаеце прыцягнуць яго ў надыходзячым годзе, выбірайце навагодні дэкор у зялёных тонах. Асабліва калі вы шчаслівы ўладальнік стыльнай белай штучнай ёлкі — тады зялёны манахром у яе дэкоры будзе выглядаць выйгрышна. Калі ж ваша штучная ялінка нармальнага зялёнага колеру або калі вы ўпрыгожваеце ёлку натуральную, да зялёнага тону цацак можна дадаць іншыя колеры.
У гэтым годзе ў трэндзе спалучэнні «зялёны+срэбра» і «зялёны+золата» (так, мода ёсць нават ва ўпрыгожванні навагодняй ёлкі). Някепска спалучаюцца з зялёным у навагоднім дэкоры бірузовы, сіні, а таксама блакітны і адценні пурпурнага (прычым чырвоны лічыцца колерам, здольным у наступным годзе прыцягнуць у ваша жыццё каханне). Але чырвоных і пурпурных тонаў сёлета шмат на ёлцы быць не павінна: апякунка года, Зялёная Змея, можа пакрыўдзіцца.
Манахром або настальгія
Што да стыляў упрыгожвання ёлкі, вось ужо некалькі гадоў у модзе манахром: згодна з гэтай стылістыкай, усе ўпрыгажэнні павінны быць адных колеру і формы. Адрозніваюцца яны толькі фактурай паверхні. З улікам дадзенай моды сёлета на прылаўках асабліва шмат такіх набораў у розных колерах. Вытворчасць — у асноўным Кітай, матэрыял — пластык, цана — у сярэднім 15–18 рублёў за ўпакоўку з 15–18 шарыкаў (то-бок, шарык — у сярэднім за рубель). Такога набору цалкам дастаткова для ўпрыгожвання звычайнай хатняй ялінкі вышынёй 150–160 см. Зрэшты, нямала ў продажы і набораў пластыкавых цацак, дзе кожная каштуе 2,50–2,80 рубля — такія цацкі маюць больш складаную і прыгожую афарбоўку.
Яшчэ адна яркая навагодняя тэндэнцыя гэтага снежня, таксама не новая (яна не першы год прасочваецца і ў прапанове навагодніх кірмашоў і аддзелаў, і ў перавагах пакупнікоў) — «настальгічныя ноткі»: ёлачныя цацкі «а-ля савецкага ўзору» або «як з дзяцінства». Гэта класіка: шкляныя фігуркі і шары, часам нават распісаныя ўручную. Каштуюць яны значна даражэй за пластык, і шмат такіх цацак не купіш, але прапанова велізарная — проста разбягаюцца вочы. У гэтай нішы пераважае айчынны вытворца: мінскі «Грай» і брэсцкі «Дэкарт». У сярэднім на адну такую цацку выдаткаваць давядзецца ад 24 да 32 рублёў. Наўрад ці прыйдуцца дарэчы яны сем’ям з маленькімі дзецьмі і занадта актыўнымі хатнімі гадаванцамі. Затое такія цацкі сапраўды атмасферныя, ствараюць асаблівы настрой.
З «бестселераў» гэтага года — пінгвіны, брыганціны і касманаўты, распавялі прадаўцы. «Фігуркі касманаўтаў у якасці ёлачных цацак былі папулярныя ў СССР у 1960-я», — дадала адна з пажылых пакупніц аддзела ёлачных цацак.
Што датычыцца «дожджыку» і ёлачных гірлянд, цэны на мішуру ў сярэднім стартуюць ад 3 да 4 рублёў, але ёсць варыянты значна даражэйшыя — за 15 і нават 18 рублёў (усё залежыць ад даўжыні і пышнасці вырабу). А рознага роду навагоднія гірлянды з лямпачак якраз стартуюць ад 15–18 рублёў, як і папулярныя ў апошнія гады навагоднія шторы-гірлянды на вокны. Сёлета ў продажы шмат механізаваных фігурак Дзеда Мароза: зімовы чараўнік лезе па лесвічцы або падымаецца-спускаецца па вяроўцы. Каштуе сувенір (вытворчасць Кітай) ад 35 рублёў. А за лялек Дзеда Мароза і Снягуркі пад ёлку ў гэтым снежні прапаноўваецца выкласці больш за 130 рублёў (хоць ёсць варыянты і таннейшыя). Сімвал надыходзячага года — сувенірная змейка — прадстаўлена ў самых розных варыянтах: свечкі, дэкаратыўныя фігуркі, бірулькі для ключоў і г. д. У сярэднім такі сувенір абыдзецца вам рублёў у 9-10.
Цэнтральны атрыбут
Калі вы бескампрамісны прыхільнік жывых ёлак, то варта завітаць на ёлачныя кірмашы, якіх у пераднавагоднія тыдні запланавана 590. Ну, а калі вам па душы ёлка штучная, пакупнікам прапануюць больш за 100 найменняў штучных ялінак і соснаў, з іх звыш 40 відаў — айчыннай вытворчасці, а цэнавы дыяпазон — ад 6 рублёў да бясконцасці (у залежнасці ад вышыні і «віртуознасці выканання»). За 6 рублёў штучную ёлку мы, праўда, не адшукалі, але, як паказвае практыка, цана на такі «інтэр’ерны выраб» залежыць у першую чаргу якраз ад другога крытэрыю — падабенства да жывога, толькі ідэальнага дрэўца. Так, роскід цэн на настольную ёлку 0,6 м складае ад некалькіх дзясяткаў рублёў да 200. У сярэднім штучная ялінка такой вышыні беларускай вытворчасці каштуе каля 75–80 рублёў. А ёлка вышынёй 1,2 м, якую здалёк практычна не адрозніш ад натуральнай, у сярэднім будзе каштаваць 140–190 рублёў, у залежнасці ад вытворцы (а гэта, акрамя Беларусі, таксама Расія, Кітай, Тайланд і г. д.). У секцыі навагодніх тавараў прадаўцы адзначаюць, што высокія (і, адпаведна, нятанныя) штучныя ёлкі звычайна купляюць прыкладна за тыдзень да навагодняй ночы.
Пакуль жа попытам карыстаюцца настольныя, маленькія ялінкі для стварэння навагодняга настрою на працоўным месцы: іх можна паставіць на рабочы стол.
Пакуль жа попытам карыстаюцца настольныя, маленькія ялінкі для стварэння навагодняга настрою на працоўным месцы: іх можна паставіць на рабочы стол.
Аляксандра Анцэлевіч
Звязда, 2 студзеня 2025
Звязда, 2 студзеня 2025