Паводле экспэрта, беларускім кампутарным фірмам цяпер няма неабходнасьці міграваць у Літву альбо Эстонію, бо ўсе ўмовы ёсьць у Беларусі. Ён прагназуе, што неўзабаве і айцішнікі будуць ўплываць на ўладу і палітыку.
«У дэкрэце рэалізавана большая частка чаканьняў ІТ-супольнасьці»
— У гэты момант, калі мы з вамі запісваем інтэрвію, праходзіць сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з прадстаўнікамі дзелавых колаў, на якой прысутнічае каля трохсот чалавек. Але вас там няма. Чаму?
— Мяне туды ніхто не запрашаў, шчыра кажучы.
— Вы ўжо бачылі асноўныя палажэньні доўгачаканага дэкрэту «Аб разьвіцьці лічбавай эканомікі», які 22 сьнежня афіцыйна падпісаў Аляксандар Лукашэнка. Як бы вы яго ў цэлым ацанілі? Гэта тое, чаго вы чакалі? Што гэты дакумэнт нясе эканоміцы краіны?
— Я вельмі чакаў гэтага дэкрэту. Ягонае прыняцьцё заняло надта шмат часу. Яшчэ ў верасьні я прадказаў, што ён будзе падпісаны ў апошні працоўны дзень году. Як бачыце, памыліўся на цэлых 5 дзён. Думаю, паўгода можна было не губляць.
Але добра, што ён увогуле падпісаны, і, наколькі я разумею, падпісаны ў першапачатковым выглядзе. То бок ніхто на яго не замахнуўся, не абкарнаў, не нівэляваў, і гэта вельмі добра.
Дэкрэт рэвалюцыйны для ІТ-галіны, рэалізаваная большасьць чаканьняў ІТ-супольнасьці. Прыкметна, што ён рыхтаваўся групай юрыстаў паводле заявак ІТ-супольнасьці. Таму ён атрымаўся цэласны, кампактны, там няма нічога лішняга і ёсьць усё неабходнае. Ён канцэптуальна цэласны.
— Гэта ваша агульная стратэгічная ацэнка. А што канкрэтна вы б назвалі галоўным пазытыўным чыньнікам у прыняцьці гэтага дэкрэту, што можа прывесьці да станоўчых і патрэбных зьменаў у беларускай эканоміцы?
— Самае галоўнае, што ў параўнаньні з ПВТшным дэкрэтам 2005 году разам з аўтсорсінгам узаконена «прадуктавае праграмаваньне». Нарэшце фірмам, якія гэта робяць, можна будзе працаваць легальна, а не празь нейкія пасярэднія структуры на Захадзе.
Крытыкі ПВТ увесь час кажуць, што «стымулюем продаж мазгоў за мяжу». Па-першае, гэта ўжо даўно ня так. Нашы «прадуктавыя кампаніі» цяпер атрымалі магчымасьць працаваць бязь «фірмаў-пракладак», легальна. Дэкрэт будзе стымуляваць іхні рост, таму што будучыня не ў аўтсорсінгу, мы моцныя сваімі мазгамі.
— Ініцыятары новых ільготаў для ІТ-сфэры кажуць, што менавіта гэтая галіна стане лякаматывам усёй беларускай эканомікі. А крытыкі — што яна становіцца прывілеяванай сфэрай, «дзяржавай у дзяржаве», якая працуе выключна на сябе і ня мае станоўчага эфэкту ў маштабах усёй краіны.
— У эканоміцы любой краіны ёсьць вядучыя галіны. Ужо сёньня беларускія праграмісты трацяць грошы на будаўніцтва жыльля, набыцьцё ўласнасьці, беларускіх прадуктаў харчаваньня, плацяць за дзіцячыя садочкі, палепшаную мэдыцыну і гэтак далей. Гэтыя грошы застаюцца ў краіне і падымаюць іншыя сфэры эканомікі, галоўным чынам сфэру паслугаў. Таму нельга казаць, што гэта нешта ізаляванае, гэта ўплывае на ўсю эканоміку.
— Аргумэнт, які прыводзяць многія, у тым ліку, напрыклад, эканаміст Сяргей Чалы — калі ІТ-сфэра такая прагрэсіўная і пасьпяховая, як сьцьвярджаецца, чаму яна ўвесь час патрабуе нейкіх ільготаў ад дзяржавы? Microsoft ці Apple не патрабавалі ад дзяржавы падтрымкі, і бяз гэтага вырваліся ў лідэры рынку. Чаму наша ІТ-сфэра ўвесь час патрабуе ўмоваў значна лепшых, чым у іншых?
— Microsoft ці Apple адпачатку разьвіваліся ў лепшых умовах. Іхнія ўмовы супастаўныя з тымі, якія ёсьць цяпер у ПВТ. У ПВТ, вядома, шыкоўныя, ільготныя, «шакалядныя» ўмовы. Але амэрыканскія ўмовы не параўнаць з тымі, якія існуюць у Беларусі для іншых галінаў.
Дарэчы, Сяргей Чалы цалкам справядліва запытваецца, чаму гэтыя льготы ўведзеныя толькі для ПВТ, а не для ўсіх. Тут я зь ім салідарны. Але я ўпэўнены, што для ўсіх галінаў такі дэкрэт бы не прайшоў, яго б завярнулі. Таму добра, што ён прайшоў хаця б для ІТ-галіны, і потым можна будзе гэты досьвед распаўсюдзіць на іншыя галіны, хаця б часткова.
— А што такога новага прапануе гэты дэкрэт, каб беларусы маглі вырвацца ў лідэры на гэтым вельмі канкурэнтным рынку? Як вы казалі, беларусы дагэтуль пераважна займаліся аўтсорсінгам. Ці ёсьць падставы меркаваць, што пасьля прыняцьця дэкрэту будзе зроблены скачок наперад, каб дагнаць тую ж Эстонію, Ізраіль, Індыю?
— Даганяць Эстонію ці Літву нам ня трэба, мы даўно наперадзе, па-мойму. Але пакуль вельмі многія беларускія фірмы працуюць у Вільні, бо там адпачатку былі нармальныя ўмовы для праграмаваньня прадуктаў. Цяпер тыя фірмы, якія там працуюць, могуць спакойна вяртацца працаваць дадому, у Беларусь. А новым фірмам няма неабходнасьці міграваць у Літву або Эстонію, бо цяпер усе ўмовы ёсьць тут.
Беларускія прыкладаньні агульнавядомыя ў сьвеце, імі карыстаюцца. Цяпер гэты бізнэс зможа легальна разьвівацца ў Беларусі. Дагэтуль цалкам легальна, цалкам «па-беламу» гэта было фактычна немагчыма.
— Адна з ацэнак гэтага дэкрэту — улады хочуць працягваць курс на аўтарытарную дзяржаву, але на гэты раз у пэўным саюзе з ІT-бізнэсам. То бок людзі, які ня ўвойдуць у сьпіс абраных, да «новага жыцьця» ня будуць дапушчаныя. Хіба можна казаць, што гэты дэкрэт спрыяе фармаваньню нейкага шырокага слою «сярэдняй клясы»?
— Уласна кажучы, а што такое ІТ-супольнасьць? Гэта і ёсьць сярэдняя кляса. Так, праграмісты часта абыякавыя да палітыкі. Але рана ці позна яны задумваюцца, і, у прынцыпе, гэта добра для фармаваньня грамадзянскай супольнасьці.
— Ці можна чакаць, што за гэтым крокам пойдуць далейшыя па пераўтварэньнях у беларускай эканоміцы? То бок улада пабачыла добрыя вынікі — і вырашыць, што гэтыя мэтады можна скарыстаць і ў іншых сфэрах? Ці ІТ-сфэра застанецца такім асобным востравам?
— Цяжка сказаць. Бо ўсе гэтыя перамены адбываюцца вельмі павольна, паўзком, зь вяртаньнямі назад. Але будзем спадзявацца на лепшае.
— Я зноў спрабую ацаніць усе пазытыўныя і нэгатыўныя бакі. Магчыма, сярод станоўчага можна адзначыць, што паступова расьце ўплыў новых людзей, ІТшнікаў, — на ўладу і ўвогуле сытуацыю ў краіне. Можа, разам з ростам іхняга ўплыву можна канстатаваць і зьмяншэньне ўплыву «чырвоных дырэктараў» і нават сілавікоў?
— Тут я вельмі з вамі згодны, гэта вельмі станоўчы чыньнік у сэнсе палітыкі. Мяняецца арыентацыя дзяржавы зь мінулага на будучыню. Калі дагэтуль наша дзяржава была накіраваная ў мінулае, — то гэты дэкрэт сымбалізуе пачатак развароту ў будучыню.
Віталь Цыганкоў
Радыё Свабода, 22 сьнежня 2017