Абвінавачаны, знаходзячыся за мяжой, набыў для незаконнай рэалізацыі небяспечнае наркатычнае рэчыва гашыш у выглядзе плітак. Усяго ў арсенале наркадылера аказалася 670 такіх плітак агульнай вагой больш за 64 кг. Беларус схаваў іх у тайніку ў прыналежным яму Chevrolet Corvette і 14 студзеня правёз наркотыкі з Літвы праз мытны пункт «Каменны Лог». Падчас мытнага надгляду нелегальны груз быў затрыманы.
У судзе абвінавачаны сваю віну не прызнаў, спасылаючыся на тое, што ягоны знаёмы папрасіў перавезці медыкаменты для пратэзавання і «прыгажосці», прычым таксама не дэкларуючы гэтыя тавары. І знаёмы нібыта сам абсталяваў схованку ў перададзеным яму аўтамабілі, а беларус свой транспартны сродак не аглядаў.
Па сукупнасці злачынстваў за набыццё з мэтай збыту, захоўванне, перавозку, незаконнае перамяшчэнне праз мытную мяжу Еўразійскага эканамічнага саюза наркатычных сродкаў у буйным памеры абвінавачанаму прызначылі пакаранне ў выглядзе 15 гадоў пазбаўлення волі са штрафам у даход дзяржавы ў памеры 250 базавых велічынь (1 БВ — Br37). Мабільны тэлефон і аўтамабіль, якія выкарыстоўваліся мужчынам у злачыннай дзейнасці, былі канфіскаваныя.
Прысуд суда не ўступіў у законную сілу і можа быць абскарджаны і апратэставаны ва ўстаноўленым парадку.
Звязда, 16 жніўня 2023