https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Адпачынак можна будзе дзяліць больш чым на дзве часткі


Падрабязна пра змяненні ў Працоўным кодэксе Беларусі.
Прэзідэнт падпісаў Закон «Аб змяненні законаў па пытаннях працоўных адносін», які прадугледжвае ўнясенне змяненняў у Працоўны кодэкс. Дакумент ужо афіцыйна апублікаваны і з 1 студзеня наступнага года ўступіць у сілу. У ім змяняецца больш чым 80 артыкулаў, з`явіліся чатыры новыя. Больш падрабязна пра гэта распавёў намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Ігар Старавойтаў.

Колькі дзён на дыспансерызацыю?

Ігар Старавойтаў адзначыў, што змены перш за ўсё датычацца ўзмацнення сацыяльных гарантый работнікаў, пашырэння магчымасцяў прымянення інфармацыйных тэхналогій у сістэме працоўных адносін. Акрамя таго, прадугледжваецца карэкціроўка нормаў кодэкса па пытаннях працоўнага часу і адпачынкаў.

Калі згадваць пра найбольш важныя навацыі, то першае пытанне — гэта дыспансерызацыя, лічыць намеснік міністра. Летась у Пасланні беларускаму народу кіраўнік дзяржавы адзначыў, што неабходна стварыць адпаведныя ўмовы, каб работнікі маглі праходзіць абследаванні свайго здароўя. Для гэтага трэба даць вольныя ад працы дні. Гэта даручэнне было рэалізавана. Цяпер у Працоўным кодэксе (ПК) з`яўляецца новы артыкул.

Як рэальна работнік будзе вызваляцца ад працы? Тут усё залежыць ад яго ўзросту. Чым работнік старэйшы, тым рызыка захворванняў вышэйшая, таму людзі, якім да 40 гадоў, будуць вызваляцца ад працы раз у тры гады на адзін дзень з захаваннем сярэдняга заробку. Работнікам, якім больш за 40 гадоў, але яны не дасягнулі пенсіённага ўзросту, будзе штогод давацца адзін дзень на дыспансерызацыю з захаваннем сярэдняга заробку. Работнікі-пенсіянеры (альбо якім не хапае 5 гадоў да гэтага ўзросту) будуць атрымліваць два дні на гэтыя мэты штогод.

«Хачу звярнуць увагу, што мы не ствараем сістэму дыспансерызацыі, гэтым пытаннем займаецца Міністэрства аховы здароўя па дакументах сваёй сістэмы. Цяпер гэтая работа ўжо праводзіцца ў краіне. Мы ж даём работнікам права вызвалення ад працы з захаваннем сярэдняга заробку. Гэта важна і будзе спрыяць таму, каб людзі ўсё ж такі думалі пра сваё здароўе і праходзілі дыспансерызацыю. Мы разглядаем такую магчымасць як дадатковую сацыяльную гарантыю», — адзначыў Ігар Старавойтаў.

Дзень для шматдзетных і не толькі

На гэты раз змяняецца і артыкул 265 кодэкса, у якім гаворыцца аб свабодным працоўным дні для бацькоў. «Ідзе гаворка пра бацькоў, якія выхоўваюць дзіця-інваліда да 18 гадоў альбо ў каго трое і больш дзяцей да 16 гадоў. Для іх сёння ёсць гарантыя, устаноўленая Працоўным кодэксам, згодна з якой дзейнічала норма выдзялення аднаго вольнага ад працы дня ў тыдзень з захаваннем сярэдняга заробку. Але мы атрымалі дастаткова шмат меркаванняў аб тым, што не ўсе бацькі хочуць менавіта так карыстацца гэтай гарантыяй — сыходзіць з працы на цэлы дзень. Некаторым больш выгадна, каб скарачаўся кожны працоўны дзень на адну гадзіну. Таму цяпер такая форма рэалізаваная: бацькі могуць альбо атрымліваць адзін свабодны дзень у тыдзень, альбо замест гэтага вольнага дня скарачаць на адну гадзіну працоўны час кожны дзень. Гэтая пазітыўная гарантыя дасць больш магчымасцяў для бацькоў», — сказаў намеснік міністра.

Пытанні «лічбы» і дыстанцыйнай працы

Гэта цэлы блок змяненняў, і датычыцца ён пашырэння выкарыстання лічбавых тэхналогій у працоўных адносінах. «Была прававая нявызначанасць: ці можна работніка або наймальніка азнаёміць з якімі-небудзь дакументамі або дзеяннямі ў электронным выглядзе. Паступала на гэты конт шмат пытанняў. Цяпер жа ўносіцца артыкул, згодна з якім можна азнаямленне, папярэджанне работнікаў здзяйсняць у электронным выглядзе, галоўнае — выконваць дзве ўмовы. Першая — тыя праграмныя комплексы, якія будуць выкарыстоўвацца, павінны дакладна ідэнтыфікаваць таго работніка, які быў папярэджаны або апавешчаны. Другая — у арганізацыі павінен быць прыняты адпаведны лакальны дакумент, які ўсё гэта ўрэгулюе. Тады гэтае пытанне можа нармальна працаваць, тым больш такая практыка ў многіх арганізацыях ужо ёсць», — падкрэсліў Ігар Старавойтаў.

Таксама варта разабрацца з новым кірункам — дыстанцыйнай работай, якая з`явілася з 2000 года. Па словах прадстаўніка Мінпрацы, яна добра праявіла сябе ва ўмовах пандэміі. «Практыка паказала, што работнікі і наймальнікі хочуць гэтую форму ўдасканальваць. Да ўступлення змяненняў ПК у сілу ў працоўным дагаворы работніка, калі ён хоча працаваць дыстанцыйна, гэта паказваецца, што робіць яго толькі дыстанцыяністам на ўвесь час. Але ёсць жаданні, каб гэта права было неяк больш гнутка рэалізавана. Таму мы цяпер уносім у Працоўны кодэкс змяненні, якія дазваляюць выконваць дыстанцыйную працу часова. Для гэтага не трэба будзе ўносіць работніку ў працоўны дагавор змены, спатрэбіцца толькі афармленне проста загада наймальніка.

Акрамя таго, мы прадугледжваем такую форму, як камбінаваная праца. Гэта калі работнік, напрыклад, на працягу тыдня 2-3 дні працуе ў офісе і 1-2 дні — дыстанцыйна. Такая форма работы служыць для многіх арганізацый прыступкай да поўнай дыстанцыйнай працы. Цяпер уносяцца адпаведныя змены ў раздзел, які рэгулюе дыстанцыйную працу, гэтыя пытанні мы будзем рэгуляваць больш гнутка», — дадаў Ігар Старавойтаў.

Праца ў святы

Дастаткова істотныя змены закранулі і пытанні рэгулявання працоўнага часу, напрыклад, у перадсвяточны дзень. «У нас, калі праца папярэднічае дзяржаўнаму святу альбо святочнаму дню, працоўны час скарачаецца на 1 гадзіну. Для работнікаў, якія працуюць звычайны працоўны дзень, гэта не праблема, але ўзнікала пытанне, што рабіць з тымі, хто працуе няпоўны дзень. Напрыклад, калі чалавек працуе 1 гадзіну ў дзень, што яму рабіць — прыходзіць на працу ці не?

У выніку прынята рашэнне, што для работнікаў, якія працуюць няпоўны працоўны час, скарачэнне будзе ажыццяўляцца прапарцыянальна колькасці свайго працоўнага часа.

Напрыклад, калі чалавек працуе не 8 гадзін, а 4, то яго скарачэнне працоўнага дня складзе 30 хвілін. Гэтыя змены здымуць пытанні, якія часта ўзнікалі і ў наймальнікаў, і ў работнікаў. Яшчэ адно пытанне, якое часта паступала ў ведамства, датычылася перапынку на абед. У нас ёсць патрабаванне заканадаўства аб тым, што работніку абавязкова неабходна выдзяляць час для адпачынку і харчавання не менш за 20 хвілін і не больш за 2 гадзіны, незалежна ад таго, колькі чалавек працуе. Але разам з тым ёсць сітуацыі, калі работнік працуе няпоўны працоўны час і не хоча мець гэты перапынак, таму што ён проста зацягвае час знаходжання на працоўным месцы. Таму ўносіцца змяненне ў Працоўны кодэкс: калі работнік працуе менш за 4 гадзіны, то па яго жаданні гэты перапынак яму можа не выдзяляцца.

Наступны момант — гэта праца ў дзяржаўныя святы і святочныя дні. На сёння гэтае пытанне рэгулюе артыкул 147 кодэкса: у нас устаноўлены асаблівыя выпадкі, калі можна прыцягваць работнікаў у святочныя дні і дзяржаўныя святы. Гэта перш за ўсё тыя галіны, дзе нельга спыніць вытворчасць, і тыя сферы, дзе работнікі займаюцца абслугоўваннем насельніцтва. Калі праводзяцца розныя святы, выступаюць артысты, аркестры, гэтыя людзі выконваюць сваю працу, але фактычна атрымліваецца, што яны гэта робяць па-за рамкамі Працоўнага кодэкса. Таму ўносяцца змяненні, дапаўненне ў артыкул, дзякуючы якім можна будзе прыцягваць работнікаў для ўдзелу ў масавых мерапрыемствах», — растлумачыў намеснік міністра.

У інтарэсах работніка і наймальніка

Тут, мабыць, была найбольшая колькасць пытанняў. Першае пытанне заключалася ў тым, што рабіць, калі работнік на працягу працоўнага года, напрыклад, пераводзіцца на іншую пасаду, і ў гэтай сувязі ў яго змяняецца працягласць водпуску. Тады працягласць водпуску вызначаецца на момант яго выдзялення —
незалежна: першай або другой часткі, альбо цалкам. На той момант, калі работнік сыходзіць у адпачынак, яго прававое становішча, якое ёсць на дадзены момант, і павінна вызначаць, колькі дзён водпуску работнік павінен атрымаць.

Яшчэ адно пытанне, якое ўздымалася і работнікамі, і наймальнікамі, — у нас ёсць норма заканадаўства, якая прадугледжвае, што наймальнік абавязаны выплаціць сярэдні заробак не пазней чым за два дні да сыходу работніка ў адпачынак. Часам з`яўляюцца абставіны, калі людзі просяць адпусціць іх у адпачынак тэрмінова, — хтосьці ўзяў пуцёўку, у кагосьці сямейныя абставіны, асабістыя, — і наймальнік часам не ахвотна пагаджаецца, таму што калі ён не можа за два дні выплаціць сярэдні заробак, то фактычна парушае заканадаўства. Пасля кансультацый было прынята рашэнне ўнесці адпаведныя змены ў артыкул 176 ПК, дзе норма будзе выглядаць такім чынам, што, калі работнік сыходзіць у адпачынак па графіку, то захоўваецца дзеючая норма. Але калі выхад у адпачынак не па графіку, то па дамоўленасці паміж наймальнікам і работнікам заработная плата можа быць выплачана не пазней за два дні пасля сыходу ў адпачынак. Гэта значыць, з`яўляецца больш гнуткая норма, якая дасць магчымасць наймальнікам адпраўляць работнікаў у адпачынак, не парушаючы заканадаўства. Работнік таксама зможа падзяляць працоўны водпуск на больш чым дзве часткі не толькі на падставе калектыўных дагавораў. Пры іх адсутнасці — па іншых лакальных прававых актах наймальніка. Шмат змен унесена ў раздзел, які датычыцца навучальных адпачынкаў, у асноўным гэта нормы прывядзення ў адпаведнасць з тэрміналогіяй Кодэкса аб адукацыі. Два галоўныя пасылы — раней наймальнік абавязаны быў даваць навучальны адпачынак таму работніку, якога ён сам накіроўваў на вучобу, астатнім — па дамоўленасці. Цяпер жа ўнесены наступныя змяненні: калі работнік упершыню атрымлівае сярэднюю спецыяльную або вышэйшую адукацыю, нават у выпадку, калі наймальнік не накіроўваў яго на гэтую вучобу, то даецца навучальны адпачынак без захавання зарплаты. А ў выпадку, калі работнік атрымлівае прафесійна-тэхнічную адукацыю, нават калі гэта другая ці трэцяя адукацыя, наймальнік абавязаны даць навучальны адпачынак.

У артыкул 219 таксама ўносяцца змены, якія ўстанаўліваюць абавязак, а не права, наймальніка даваць адпачынак работніку без захавання заработнай платы, калі ён паступае ў аспірантуру. «Гэта гарантыя для тых работнікаў, якія хочуць павышаць свой узровень і далей вучыцца», — адзначыў намеснік міністра.

— Працоўны кодэкс пастаянна развіваецца. Мінулы раз сур`ёзныя змены ўносіліся ў 2019 годзе, і ў 2020-м яны ўступілі ў сілу. Цяпер мы працягваем работу. У цэлым гэта збалансаваны дакумент, які ўлічвае інтарэсы як работнікаў, так і наймальнікаў, — падкрэсліў Ігар Старавойтаў.

 Аўтар:Сяргей Куркач
Звязда, 11 ліпеня 2023
 
Дата публикации:11.07.2023
Тематика:Бизнес, Беларусь
Просмотров:225
 
Ключевые слова:
Трудовой кодекс Отпуск Права трудящихся
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме