https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


У Беларусі на 1 верасня 2014 года зарэгістраванае беспрацоўе захавалася на ўзроўні 0,5 працэнта эканамічна актыўнага насельніцтва


Аб гэтым паведаміла намеснік начальніка ўпраўлення палітыкі занятасці Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Галіна Грынчук.
"На працягу апошніх паўтара года ўзровень беспрацоўя ў краіне застаецца нязменным. Гэта з`яўляецца сведчаннем стабільнасці на рынку працы рэспублікі", - сказала субяседніца.

Што датычыцца рэгіёнаў, то за жнівень гэтага года ўзровень беспрацоўя ўзрос на 0,1 працэнтнага пункта ў Брэсцкай вобласці (да 0,7 працэнта) і ў Мінску (да 0,2 працэнта). Па-ранейшаму гэты паказчык складае ў Віцебскай вобласці 0,7 працэнта, у Гродзенскай, Гомельскай і Магілёўскай абласцях - 0,6 працэнта, у Мінскай вобласці - 0,4 працэнта.

Паводле даных наймальнікаў, масавага вызвалення работнікаў у верасні не чакаецца. У асноўным яно датычыцца ўстаноў адукацыі ў сувязі з рэарганізацыяй. "Адчувальнага націску на рынак працы гэтыя працэсы не акажуць", - лічыць Галіна Грынчук.

У верасні магчымы рост колькасці зваротаў у службу занятасці выпускнікоў ССНУ і ВНУ, якія не падлягаюць размеркаванню і чые самастойныя спробы пошуку рабочага месца не ўвянчаліся поспехам. "Мы гатовы аказаць ім садзейнічанне ў працаўладкаванні, як і вызваленым работнікам, а таксама моладзі, якая ўпершыню шукае работу", - запэўніла прадстаўнік міністэрства.

У краіне цяпер налічваецца 54,1 тыс. вакансій (тры чвэрці з іх, як і раней, прызначаны для рабочых). Акрамя таго, ёсць магчымасць атрымаць запатрабаваную на рынку працы спецыяльнасць - у верасні-кастрычніку традыцыйна пачынаецца вучэбны год для беспрацоўных, якія накіроўваюцца службай занятасці на прафнавучанне. За студзень-жнівень бягучага года прайшлі прафпадрыхтоўку 6,2 тыс. чалавек. Цяпер ідзе актыўнае фарміраванне груп "курсантаў".

Паводле аператыўных даных, у Беларусі колькасць беспрацоўных за жнівень узрасла на 0,2 тыс. чалавек (для параўнання: за ліпень іх стала больш на 0,3 тыс. чалавек, за чэрвень колькасць беспрацоўных зменшылася на 0,7 тыс., за май - на 0,6 тыс.). На 1 верасня гэтага года на ўліку па беспрацоўі былі 21,7 тыс. чалавек (на 0,9 працэнта менш, чым год таму).

Колькасць зваротаў у службу занятасці наконт работы зніжаецца, змяншаецца і рэгістрацыя ў якасці беспрацоўных. Спецыялісты прагназуюць, што магчымы прыток зваротаў пасля таго, як скончыцца актыўны перыяд работ на прысядзібных участках, завершыцца пара збору грыбоў і ягад.

У студзені-жніўні бягучага года працаўладкавана на створаныя рабочыя месцы і існуючыя вакансіі 111 тыс. чалавек, у тым ліку 71,5 тыс. беспрацоўных. У аплатных грамадскіх работах прынялі ўдзел 30,1 тыс. чалавек, з іх 17,3 тыс. беспрацоўных. У мэтах стымулявання працоўнай мабільнасці грамадзян у студзені-ліпені аказана садзейнічанне ў перасяленні на новае месца жыхарства і работы 182 сем`ям беспрацоўных.

Галіна Грынчук праінфармавала, што прадаўжаецца фарміраванне праекта Дзяржаўнай праграмы садзейнічання занятасці насельніцтва Рэспублікі Беларусь на 2015 год. Акумулююцца і аналізуюцца прапановы, што паступілі з рэгіёнаў.

Дзяржаўная праграма садзейнічання занятасці насельніцтва Рэспублікі Беларусь на 2014 год зацверджана з аб`ёмам фінансавання Br277 млрд 82,4 млн. Асноўная асаблівасць дзяржпраграмы - пераарыентацыя на вырашэнне праблем занятасці і павышэнне канкурэнтаздольнасці незанятых грамадзян, садзейнічанне працаўладкаванню мэтавых груп насельніцтва, якія маюць патрэбу ў сацыяльнай падтрымцы. Асаблівая ўвага ўдзелена мерапрыемствам па інтэграцыі ў працоўную сферу мэтавых груп насельніцтва, якія маюць патрэбу ў дадатковых гарантыях занятасці. Акцэнт зроблены на забеспячэнні занятасці моладзі, грамадзян, якія доўга не працуюць, асоб, якія вярнуліся з месц пазбаўлення волі.

10 верасня 2014, Мінск
Алена Прус - БЕЛТА
 
Дата публикации:10.09.2014
Тематика:Бизнес, Беларусь
Просмотров:1177
 
Ключевые слова:
Трудоустройство Безработица Соцзащита в Беларуси
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме