https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 





Найти
 
 


Урад Беларусі адобрыў комплекс мер па развіццю малога і сярэдняга бізнесу да 2015 года


Дакумент падрыхтаваны Міністэрствам эканомікі пры цесным узаемадзеянні з бізнес-супольнасцю.
Комплекс мер па дасягненню прагнозных паказчыкаў развіцця малога і сярэдняга прадпрымальніцтва ў абласцях і Мінску на 2013-2015 гады адобраны на пасяджэнні Прэзідыума Савета Міністраў, праведзеным 26 сакавіка пад старшынствам прэм`ер-міністра Міхаіла Мясніковіча.

У пералік увайшлі больш за 30 мерапрыемстваў, якія падзелены на пяць блокаў: інстытуцыянальнае развіццё прадпрымальніцкай дзейнасці; павышэнне ролі малога і сярэдняга бізнесу ў мадэрнізацыі эканомікі; развіццё канкурэнцыі; спрашчэнне адміністравання і падаткаабкладання; удасканаленне нацыянальнай сістэмы дзелавой адукацыі.

Як адзначыў, прадстаўляючы дакумент, міністр эканомікі Мікалай Снапкоў, распрацаваныя мерапрыемствы накіраваны на стымуляванне прадпрымальніцтва, яго інтэнсіўнае развіццё і прадугледжваюць як удасканаленне заканадаўства, рэгулюючага агульныя пытанні вядзення бізнесу, так і вырашэнне канкрэтных пытанняў прадпрымальніцкай дзейнасці ў асобных галінах і сферах эканомікі. У прыватнасці, запланаваны меры па абароне ўласнасці, развіццю канкурэнцыі, далейшаму спрашчэнню падаткаабкладання і падатковага адміністравання.

Міністр нагадаў, што праграмай дзейнасці ўрада на 2011-2015 гады пастаўлена задача павялічыць долю малога і сярэдняга прадпрымальніцтва ў ВУП да 30 працэнтаў і забяспечыць колькасць занятых у гэтым сектары не менш як 1,8 млн. чалавек да канца 2015 года.

Для дасягнення пастаўленай задачы Мінэканомікі сумесна з зацікаўленымі дзяржорганамі падрыхтаваны праект пастановы Савета Міністраў "Аб некаторых мерах па забеспячэнню развіцця малога і сярэдняга прадпрымальніцтва ў Рэспубліцы Беларусь", якім устаноўлены прагнозныя паказчыкі развіцця малога і сярэдняга бізнесу ў абласцях і Мінску на 2013-2015 гады, а таксама комплекс мер па іх дасягненню.

Падрыхтаваны праект пастановы павінен стаць адным з праграмных дакументаў урада, які вызначыць далейшыя крокі па лібералізацыі ўмоў вядзення бізнесу з улікам прыярытэтаў, замацаваных Дырэктывай нумар 4.

"На наш погляд, дакумент дасць імпульс больш інтэнсіўнаму развіццю прадпрымальніцкага асяроддзя", - рэзюмаваў Мікалай Снапкоў.

Як адзначыў намеснік прэм`ер-міністра, старшыня Савета па развіццю прадпрымальніцтва Пётр Пракаповіч, адным з ключавых мерапрыемстваў, закладзеных у комплексе мер, з`яўляецца продаж па заяўнаму прынцыпу нерухомай маёмасці, якая знаходзіцца ў дзяржаўнай уласнасці і арандуецца суб`ектам гаспадарання больш за тры гады, а таксама ўвядзенне адміністрацыйнай адказнасці службовых асоб за неабгрунтаваную адмову або непрыняцце рашэння аб адчужэнні.

Старшыня РГА "Беларуская навукова-прамысловая асацыяцыя" Аляксандр Швец паведаміў, што дзелавая супольнасць падтрымлівае гэты комплекс мер. "Дзяржава бачыць, у якіх сектарах эканомікі трэба развівацца малому і сярэдняму бізнесу. Гэта вельмі важна для прадпрымальніцтва", - падкрэсліў ён. Аляксандр Швец таксама агучыў шэраг найбольш актуальных для бізнесу пытанняў, якія патрабуюць вырашэння ў бліжэйшай перспектыве.

У сваю чаргу прэм`ер-міністр адным з прыярытэтаў для малога і сярэдняга бізнесу назваў кааперацыю з буйной прамысловасцю. "Я прапаную, каб сістэмаўтваральныя, горадаўтваральныя прамысловыя прадпрыемствы і сельгасарганізацыі садзейнічалі стварэнню малых і сярэдніх прадпрыемстваў, прыватных і прыватна-дзяржаўных, - заявіў Міхаіл Мясніковіч. - Сёння, напрыклад, не трэба, каб на нашых буйных прадпрыемствах займаліся абслугоўваннем або нейкімі іншымі другараднымі аперацыямі. Тут ёсць поле для ўзаемадзеяння".

Кіраўнік урада дадаў, што мадэрнізацыя на айчынных прадпрыемствах не абыдзецца без аптымізацыі колькасці персаналу. "У гэтым плане трэба ствараць цэлыя структуры па малому і сярэдняму бізнесу", - адзначыў ён. Таксама, паводле слоў Міхаіла Мясніковіча, у рэгіёнах малы і сярэдні бізнес можна актыўней прыцягваць у будаўнічую галіну.

У абмеркаванні пытанняў развіцця малога і сярэдняга прадпрымальніцтва ва ўрадзе прынялі ўдзел прадстаўнікі бізнес-супольнасці.

26 сакавіка 2013, Мінск
БЕЛТА
 
Дата публикации:26.03.2013
Тематика:Бизнес, Беларусь
Просмотров:1758
 
Ключевые слова:
Предпринимательство Малый и средний бизнес
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме