https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 





Найти
 
 


Брэнд на ўпакоўцы ёсць, а сапраўдная кава?


Аператыўнікі службы па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі Міністэрства ўнутраных спраў правялі маштабную аперацыю па спыненні незаконнай пастаўкі з Расіі падробленай кавы "Нестле" і далейшай яго рэалізацыі на тэрыторыі Беларусі.

Аперацыя праводзілася адначасова па ўсёй Беларусі. На рынках, у дробнарознічных аб`ектах гандлю Мінска і абласных цэнтраў была канфіскавана буйная партыя растваральнай кавы з яўнымі прыкметамі падробкі. Агулам было выяўлена і выведзена з нелегальнага абароту амаль 5 тысяч кантрафактных упаковак кавы вагой па 2, 75, 150, 320 і 750 грамаў на агульную суму больш за 60 мільёнаў рублёў.

Супрацоўнікі ГУБЭЗ МУС разам з афіцыйным прадстаўніком кампаніі "Нестле Расія" ў нашай краіне правялі даследаванне ўзораў сумніўнага напою. Экспертыза ўстанавіла, што ў падробцы выяўлены кававы напой з наяўнасцю алею зерняў ячменю і жыта, у той час як у сапраўднай каве павінны быць выключна кававыя зярняты. Адрознівалася падробка ад арыгінальнага тавару тым, што кантрольны ідэнтыфікацыйны знак на ўпакоўках адсутнічаў або быў падробленым. Выява на ўпакоўцы была нізкай якасці, яе колер святлейшы, дата вырабу з тэрмінам прыдатнасці выбіты не заводскім спосабам, а надрукаваны разам з выявай і размешчаны не ва ўстаноўленым месцы.

— Гэта першы выяўлены выпадак пастаўкі і рэалізацыі фальшывай кавы ў нашай краіне, — паведаміла старшы оперупаўнаважаны па асабліва важных справах ГУБЭЗ МУС Вераніка Пасмеццева. — А ў Расіі, як вядома, яны не адзінкавыя. У тым, што ў суседняй краіне падобных цэхаў, якія ў саматужных умовах вырабляюць "каву" ў прамысловых маштабах, няма сумненняў. Па нашай ацэнцы, аб`ём гадавога абароту кантрафактнай кавы толькі па адным найменні можа дасягаць 500 тысяч упаковак на суму звыш 800 тысяч долараў ЗША. Зараз праводзіцца далейшая праверка, па выніках якой правапарушальнікам пагражае адміністрацыйнае пакаранне ў выглядзе штрафу, канфіскацыі і знішчэння адпаведнай прадукцыі.

Як аказалася, летась аператыўнікаў пры правядзенні аналізу аб`ёмаў рэалізацыі асобных відаў тавараў на ўнутраным рынку краіны зацікавіла такая група тавараў, як кава. Аб`ёмы яго імпарту знізіліся практычна ў два разы, а аб`ёмы вытворчасці — у пяць разоў. Падчас маніторынгу і праведзеных аператыўна-пошукавых мерапрыемстваў было ўстаноўлена, што адной з прычын зніжэння афіцыйнага імпарту кавы ў Беларусь з`яўляецца яе неафіцыйны ўвоз з Расійскай Федэрацыі з мэтай далейшай рэалізацыі ў гандлёвай сетцы праз індывідуальных прадпрымальнікаў. Паколькі кошт кавы, што ўвозіцца нелегальна, істотна ніжэйшы, чым у афіцыйнага пастаўшчыка, узнікла абгрунтаванае сумненне: ці сапраўды гэтая кава выраблена на прадпрыемстве, чый брэнд маецца на ўпакоўцы?

Калі грамадзяне знойдуць у продажы тавар з яўнымі прыкметамі падробкі, яны могуць звярнуцца ў міліцыю па тэлефоне 102 або да афіцыйнага прадстаўніка кампаніі "Нестле Расія" па нумары 200 77 22.

Сяргей Расолька
Звязда, 25 студзеня 2013

 
Дата публикации:25.01.2013
Тематика:Бизнес, Беларусь
Просмотров:1916
 
Ключевые слова:
Кофе Nestle Контрафакт Криминал
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме