Нагадаем, 1 сакавіка на пасяджэнні Саўміна Аляксандр Лукашэнка заявіў пра нязменнасць сваіх падыходаў да прыватызацыі. "Зацыкліліся на прыватызацыі і разумееце прамыя замежныя інвестыцыі выключна як продаж дзяржаўнай уласнасці. Вось зноў у інтэрнэце абмяркоўваюць нейкія новыя прыватызацыйныя спісы", — цытавала Лукашэнку дзяржаўнае інфармагенцтва БелТА. Паводле яго слоў, "кампанейшчыны з продажам не будзе". "Прынцып вядомы: хочаш купіць — плаці поўную цану і яшчэ вазьмі абавязацельствы ўкласці грошы ў вытворчасць, захаваць працоўныя месцы, забяспечыць людзям годную заработную плату і рост паступленняў падаткаў у бюджэт", — сказаў ён. "Чыноўніцкай ці апаратнай прыватызацыі ў нас не будзе. Як не будзе і келейнага продажу асобным буйным бізнесменам. І на гэтым у размовах аб прыватызацыі ставім кропку", — рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.
Паводле слоў Балыкіна, захаванне статус-кво дазваляе чыноўнікам і топ-менеджменту, з аднаго боку, атрымліваць прэферэнцыі ад дзяржавы, з іншага — пераразмяркоўваць фінансавыя патокі на карысць афіляваных камерцыйных арганізацый.
"Дэ-факта прыватызацыя ў Беларусі ідзе поўным ходам, хаця дэ-юрэ, вядома, яна практычна не праводзіцца, — канстатаваў эксперт. — Асаблівасцю беларускай прыватызацыі з`яўляецца тое, што прыватызуюцца перш за ўсё абаротныя сродкі прадпрыемстваў. Апрача таго, за кошт выведзеных абаротных сродкаў набываюцца найбольш прыцягальныя актывы тыпу нерухомасці ў добрых раёнах і некаторыя вытворчыя магутнасці".
У прыватызацыі прадпрыемстваў як маёмасных комплексаў або ў набыцці долі ўдзелу ў статутных фондах дзяржаўных юрыдычных асоб зацікаўленасць не вельмі вялікая, бо разам з прыцягальнымі актывамі ў такім выпадку набываюцца і рознага кшталту абцяжаранні тыпу даўгоў, неабходнасці захавання працоўных месцаў і іншага, мяркуе эксперт.
Паводле яго слоў, некаторыя схемы вываду абаротных сродкаў Лукашэнка абвясціў на пасяджэнні Саўміна. "На жаль, рэальнай дзейнасці па прадухіленні вываду актываў з боку беларускага лідара і яго падначаленых не бачна", — сказаў Балыкін.
У гэтых умовах сваё слова павінна сказаць апазіцыя. "Я, напрыклад, неаднаразова спрабаваў звярнуць увагу лідараў АГП на працэсы, што адбываюцца ў эканоміцы. На жаль, вярхі партыі толькі імітуюць барацьбу з "распілам" уласнасці, кажучы пра нейкую "сейфавую" прыватызацыю і продаж акцый, якая, як ужо адзначалася раней, не ўяўляе вялікай цікавасці для аператараў шэрых схем", — заявіў Балыкін. Аднак рэальныя схемы вываду актываў застаюцца за межамі ўвагі намінальных лідараў беларускай апазіцыі, мяркуе ён.
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН
Мінск, 2 сакавіка 2013