Напярэдадні прэм`ер-міністр Міхаіл Мясніковіч правёў нараду па пытаннях развіцця гэтай галіны ў рэспубліцы.
Як адзначылі ў прэс-службе, у бліжэйшы час будзе распрацаваны праект праграмы, які прадугледжвае павелічэнне пагалоўя авечак у айчынных гаспадарках да 2016 года да 150 тыс. галоў, давядзенне рэалізацыі авечак у жывой вазе да 2460 т.
Мэтай праграмы з`яўляецца развіццё авечкагадоўлі для задавальнення патрэбнасці насельніцтва краіны ў воўне, аўчыне, бараніне. Мерапрыемствы праграмы будуць накіраваны на задавальненне патрэбнасці насельніцтва ў высакаякасным маладняку авечак, забеспячэнне вытворчасці воўны ў аб`ёмах 410 т, а таксама стварэнне беларускага шматплоднага паўтанкаруннага тыпу авечак.
Мяркуецца, што аднаўленне галіны будзе паэтапным. Да 2015 года плануецца стварыць племянную базу ў мэтах забеспячэння гаспадарак рамонтным пагалоўем. Паралельна будзе створана матэрыяльна-тэхнічная база, сучасныя прадпрыемствы па першаснай перапрацоўцы воўны, сістэма падрыхтоўкі кадраў для галіны. У прыватнасці, у тыпавыя праграмы навучальных планаў устаноў вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі будзе ўключана падрыхтоўка спецыялістаў зоатэхнічнага профілю па спецыялізацыі авечкагадоўля.
На першым этапе прадугледжваецца завоз племяннога пагалоўя з-за мяжы. Другім этапам стане развіццё таварнай вытворчасці з выхадам на пагалоўе авечак 100-150 тыс.
Каб забяспечыць эканамічны складальнік галіны, разглядаюцца магчымасці рэалізацыі мяса і скур, а таксама развіццё кушнерскай вытворчасці.
У сістэму авечкагадоўлі плануецца актыўна прыцягваць фермерскія гаспадаркі і асабістыя гаспадаркі грамадзян. У ходзе рэалізацыі праграмы прадугледжваецца выпрацоўка эканамічнага механізма рэнтабельнага вядзення галіны, стварэнне адзінага холдынга з арганізацыямі, якія перапрацоўваюць прадукцыю авечкагадоўлі.
Абазначаны падыходы па падтрымцы галіны. Паводле слоў прэм`ер-міністра, з падтрымкай дзяржавы будзе ажыццяўляцца набыццё маладняку, племянная работа, ветабслугоўванне. Мяркуецца, што будуць распрацаваны эканамічныя стымулы, каб гэты від жывёлагадоўлі развіваўся прыярытэтна ў прыватных фермерскіх гаспадарках. Сёння ў рэспубліцы разводзяць 50 тыс. авечак, у асноўным пагалоўе сканцэнтравана ў прыватным сектары.
Лепшымі для гадоўлі авечак лічацца Брэсцкая, Гомельская, Мінская і частка раёнаў Гродзенскай вобласці.
5 сакавіка 2013, Мінск
БЕЛТА