https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


"Малочны" мільён


Да 2015 года Магілёўская вобласць павінна дасягнуць рэалізацыі малака ў 1 мільён тон.

Будаўніцтва новых комплексаў, рэканструкцыя старых фермаў, укараненне сучасных тэхналогій і павелічэнне пагалоўя — вось шлях да будучых поспехаў у малочнай жывёлагадоўлі.

— З кожным годам ідзе планамернае павелічэнне валавой вытворчасці малака і яго рэалізацыі, — падкрэслівае намеснік старшыні Камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Магілёўскага аблвыканкама Алег Маслак.

Ён называе лічбы, якія паказваюць, што сёлета, у параўнанні з леташнімі паказчыкамі, вытворчасць малака (за 7 месяцаў) павялічылася на 5%, а рэалізацыя — на 10%. Паводле планаў, за год плануецца вырабіць больш за 800 тысяч тон малака і рэалізаваць больш за 730 тысяч тон.

У першую чаргу, за павелічэнне вытворчасці малака адказныя новыя прагрэсіўныя тэхналогіі. Павелічэнне пагалоўя сёлета нязначнае — плюс 2%, а гэта толькі 3 тысячы кароў.

— Так, спрацавала тэхналогія, — пацвярджае Алег Маслак, які курыруе пытанні жывёлагадоўлі ў рэгіёне. — У вобласці 575 фермаў. З іх 169 — з новымі тэхналогіямі, абсталяваныя сучаснымі даільнымі заламі. Іх менш за трэць, але менавіта там вырабляецца больш за палову малака.

Жывёлагадоўля Магілёўскай вобласці ўжо завяршыла эру "даення ў вёдры": на 1 студзеня 2012 года ў рэгіёне не засталося ніводнай фермы, дзе б даілі ў вёдры і ў іх жа пераносілі малако. Аднак цяпер ужо і фермы, дзе працуюць з малакаправодамі, называюць старымі. Там, кажуць, жывёла стаіць як раней, на кані альбо ўручную раздаюць кармы, і не заўсёды можна ўкараніць усе новыя тэхналагічныя прыёмы. На новых і мадэрнізаваных фермах выкарыстоўваецца ўся тэхналогія, якая дазваляе атрымліваць больш малака.

— На працягу апошніх пяці гадоў ідзе мадэрнізацыя фермаў, — расказвае Алег Маслак. — У нас 183 сельскагаспадарчыя прадпрыемствы займаюцца вытворчасцю малака. Сёлета, паводле даручэння Прэзідэнта, трэба ў кожнай гаспадарцы рэканструяваць адну ферму, з абсталяваннем там сучаснай даільнай залы. Пералік гэтых фермаў вызначаны ўрадам. І мы працуем: ужо прыступілі да рэканструкцыі 162 малочнатаварных фермаў.

Рэканструкцыя, тлумачаць спецыялісты, — гэта фактычна новая ферма. Таму што побач з будынкам звычайна ўзводзяцца новыя памяшканні, а старое прыстасоўваецца пад што-небудзь іншае.

Разам з рэканструкцыяй ідзе і будаўніцтва абсалютна новых фермаў, згодна з праграмай развіцця малочнай галіны на 2010-2015 гады. Сёлета новых фермаў у вобласці павінна быць 14 (у прыватнасці, у Горацкім раёне, які прымае "Дажынкі-2012", і ў Шклоўскім).

Між тым, у рэгіёне вызначылі свой "фірменны" кірунак: тут будаўніцтва і рэканструкцыя фермаў ажыццяўляецца з выкарыстаннем драўляных канструкцый. Вяскоўцы гавораць, што драўніна стварае своеасаблівы клімат, які спрыяе добраму ўтрыманню жывёлы. У Камітэце па сельскай гаспадарцы настойваюць на тым, што самае галоўнае ў выкарыстанні мясцовага будаўнічага матэрыялу — гэта эканомія сродкаў. Будаўніцтва фермы з драўлянымі канструкцыямі абыходзіцца цяпер у 20 мільярдаў рублёў, а з жалезабетону — даражэй.

Увядзенне ў строй новых малочнатаварных комплексаў азначае прыбаўку ў малацэ. А нездарма цяпер у гаспадарках гавораць, што малако — гэта "жывыя грошы". У некаторых СВК менавіта сродкі ад рэалізацыі малака складаюць большую частку выручкі, аж да 80%.

— Рэнтабельнасць вытворчасці малака ў вобласці за паўгоддзе склала 29,1%, а на асобных прадпрыемствах — больш за 40%, — сказаў намеснік старшыні Камітэта па сельскай гаспадарцы. — Напрыклад, у Быхаўскім раёне рэнтабельнасць перасягае 50%, у Горацкім — амаль 50%.

Каб дасягнуць такіх паказчыкаў, важныя не толькі аб`ём малака, але і яго якасць.

— Мадэрнізацыя фермаў дае нам, у першую чаргу, магчымасць атрымліваць якаснае малако, гатунку "экстра", — гаворыць Алег Маслак. — З дапамогай тэхналагічных прыёмаў гэтае малако нават з паветрам не кантактуе. Вось такое малако ў нас добра набываюць. А на старых фермах гатунак "экстра" атрымаць вельмі цяжка. Але там, дзе ёсць сучасныя даільныя залы, амаль 100% малака атрымліваюць гатункамі "экстра" і вышэйшым.

Праграма развіцця малочнай галіны ставіць перад жывёлаводамі Магілёўшчыны істотныя задачы: да 2015 года трэба мець 212 тысяч кароў (цяпер — 171 тысяча), вытворчасць малака павінна скласці 2,2 мільёна тон, а рэалізацыя — дасягнуць мільёна тон. Як кажуць, ёсць куды расці, таму што летась рэалізавана 584 тысячы тон малака, а 2015 год зусім не за гарамі.

— Сур`ёзныя планы, — пацвярджае куратар жывёлагадоўлі ў вобласці. — Рэканструкцыя фермаў прывядзе да павелічэння пагалоўя жывёлы, спрацуюць новыя тэхналогіі. Вядома, малочная прамысловасць арыентавана на экспарт прадукцыі. Больш за 60% малочных прадуктаў (у пераліку на малако) і цяпер экспартуецца ў замежжа.

Самае галоўнае, падкрэсліваюць у абласным Камітэце па сельскай гаспадарцы і харчаванні, гэта працаваць па праграме, прынятай на ўзроўні дзяржавы.

— Справа ў тым, што для выканання задачы мы прынялі яшчэ некалькі падпраграм, якія датычацца вытворчасці кармоў, аднаўлення статка, ветэрынарнай працы і іншых, — падкрэсліў Алег Маслак. — Гэта пастаянна праца, карпатлівая, але крок за крокам мы набліжаемся да мэты і свой "малочны" мільён у вызначаны тэрмін атрымаем.

Ілона Іванова
Звязда, 14 жніўня 2012

 
Дата публикации:14.08.2012
Тематика:Бизнес, Беларусь
Просмотров:2504
 
Ключевые слова:
Магілёўшчына Молочная промышленнсть Агрокомплексы Сельское хозяйство
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме