https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 





Найти
 
 


Замест "чарніла" ў Беларусі будуць вырабляць больш якасны алкаголь альбо ўвогуле безалкагольныя напоі


У канцы студзеня стала вядома, што вытворчасць пладовых мацаваных ардынарных вінаў (у простанароддзі — "чарніла") сёлета будзе спынена.
Чым выкліканы такі захад? Ці паспрыяе ён зніжэнню п`янства? Ці не ўдарыць па эканоміцы шматлікіх вытворцаў? Гэта высветляў карэспандэнт "Звязды" ў канцэрне "Белдзяржхарчпрам".

Вырабляць віно было вельмі рэнтабельна

"Да нядаўняга часу ў Беларусі 89 прадпрыемстваў (на 1 студзеня 2005 года) мелі ліцэнзіі на вытворчасць пладовых вінаў агульнай магутнасцю больш за 290 млн літраў за год. У 2003-2004 гадах выраблялася рэкордная для нашай краіны колькасць гэтай прадукцыі — 270 млн літраў штогод. Віно выпускалі ўсе, хто хацеў і мог стварыць для гэтага неабходныя ўмовы", — сумна канстатаваў старшыня "Белдзяржхарчпрама" Іван Данчанка.

Ахвотных вырабляць гэтую прадукцыю было шмат таму, што, у параўнанні з іншымі відамі харчовай прадукцыі, вытворчасць віна была найбольш рэнтабельнай. Спажыванне пладовых вінаў на душу насельніцтва ў пераліку на бязводны спірт у 2005 годзе складала больш за 4 літры. На выпуск "чарніла" і іншай алкагольнай прадукцыі перайшлі піваварныя, кансервавыя, малочныя, хлебапякарныя і сельскагаспадарчыя арганізацыі. Многія з іх не мелі свайго абсталявання па перапрацоўцы пладоў і ягад і завозілі пладовыя вінаматэрыялы з Расіі і Украіны.

Але ж з гэтым трэба было штосьці рабіць

Сітуацыя змянілася пасля прыняцця Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 9 верасня 2005 года №11, які значна ўзмацніў жорсткасць патрабаванняў да ліцэнзавання вытворчасці алкагольнай прадукцыі і яе якасці. Адначасова ўрадам, пачынаючы з 2006 года, была ўведзена забарона на імпарт пладовых вінаматэрыялаў, што прымусіла прадпрыемствы ствараць асабістыя магутнасці па перапрацоўцы мясцовай пладова-ягаднай сыравіны.

У выніку, не вытрымаўшы новых патрабаванняў, шэраг арганізацый спыніў вытворчасць пладовых вінаў. Сталі пераходзіць на выпуск піва, кансерваў, малочнай, сельскагаспадарчай і іншай прадукцыі. Цяпер у краіне засталося 49 прадпрыемстваў па выпуску пладовых вінаў агульнай магутнасцю 253 млн літраў у год. Цікава, што з іх 22 — арганізацыі камунальнай формы ўласнасці, 8 — канцэрна "Белдзяржхарчпрам", 7 — Белкаапсаюза, 2 — Мінсельгаспрама, па адным належыць НАН Беларусі і Мінтрансу, 8 не маюць ведамаснай падначаленасці.

"З мэтай зніжэння ўзроўню спажывання алкагольнай прадукцыі на душу насельніцтва Дзяржаўнай праграмай нацыянальных дзеянняў па прадухіленні і пераадоленні п`янства і алкагалізму на 2006-2010 гады прадугледжвалася скарачэнне аб`ёмаў вытворчасці пладовых мацаваных ардынарных вінаў да 10% штогод, — расказвае кіраўнік канцэрна. — Гэтае патрабаванне выканана — скарачэнне больш чым у 7 разоў (са 192 да 27 млн літраў)". Аб`ёмы ж вытворчасці ўсіх пладовых вінаў за 8 гадоў (з 2004 года) знізіліся на 35% і ў 2011-м склалі 174 млн літраў. А ўдзельная вага спажывання гэтых вінаў на душу насельніцтва знізілася больш чым на 20% і склала 3,3 літра ў пераліку на бязводны спірт. Быццам бы няблага.

Цяпер спыняецца выпуск "чарніла"

Але ж, вядома, праблем з алкагалізмам менш не стала. Летась вытворцам "чарніла" працягвалі падкідваць лыжачкі дзёгцю ў вельмі сумнеўныя бочкі (далёка не з мёдам): стаўкі акцызнага падатку былі павялічаны на пладовыя мацаваныя ардынарныя віны ў 5,7 раза ў параўнанні з 2010-м, на пладовыя мацаваныя марачныя, палепшанай якасці і спецыяльнай тэхналогіі — у 6 разоў. Чарговае павышэнне акцызаў на алкагольную прадукцыю адбылося сёлета з 1 студзеня — на 23,5%. У выніку кошт пладовага віна павялічыўся з 4000 рублёў (за 0,7 літра) у 2011 годзе да 14000 у 2012-м. У сувязі з гэтым ажыццяўляць выпуск пладовых вінаў вінаробным арганізацыям краіны стала эканамічна нявыгадна. Вось і вырашылі вытворчасць нізкагатункавых ардынарных вінаў цалкам спыніць.

Яшчэ адным захадам па прадухіленні і змяншэнні п`янства сталі забароны ці абмежаванні па часе продажу пладовых вінаў у рознічным гандлі ў шэрагу раёнаў нашай краіны. Акрамя таго, алкагольныя праблемы вырашаюцца і на ўзроўні Беларусі—Расіі—Казахстана. "Праектам тэхнічнага рэгламенту Мытнага саюза "Аб бяспецы алкагольнай прадукцыі", які будзе прыняты ў найбліжэйшы час Камісіяй Мытнага саюза, з 1 студзеня 2017 года прадугледжваецца выключэнне выкарыстання этылавага спірту рэктыфікаванага з харчовай сыравіны пры вытворчасці вінаў. Адначасова праектам гэтага рэгламенту забараняецца выкарыстанне поліэтыленавай спажывецкай тары пры вытворчасці алкагольнай прадукцыі, у тым ліку пладовых вінаў", — паведамляе Іван Данчанка.

Аднак развіцця вінаробнай галіны ніхто не адмяняў

Не хацелася б, каб эканамічны складнік нашых прадпрыемстваў пацярпеў ад спынення вытворчасці пэўнай прадукцыі. З гэтай мэтай канцэрнам "Белдзяржхарчпрам" сумесна з зацікаўленымі міністэрствамі і ведамствамі распрацоўваецца стратэгія развіцця вінаробнай галіны рэспублікі, якая прадугледжвае:

— перапрафіляванне вінаробных прадпрыемстваў на выпуск іншых відаў прадукцыі (вытворчасць сокаўтрымліваючай прадукцыі, безалкагольных напояў, канцэнтраваных пладова-ягадных сокаў і іншага), стварэнне з дробных вінзаводаў участкаў па перапрацоўцы пладова-ягаднай сыравіны і нарыхтоўцы вінаматэрыялаў для буйных вінаробных заводаў;

— арганізацыю вытворчасці пладовых дыстылятаў на вядучых вінзаводах;

— павелічэнне выпуску пладова-ягадных натуральных вінаў (без дабаўлення спірту этылавага рэктыфікаванага з харчовай сыравіны);

— паляпшэнне дызайну і якасці афармлення знешняга выгляду гатовай прадукцыі.

Але гэта яшчэ не ўсё. У найбліжэйшай перспектыве ў асобных вінаробных арганізацыях краіны плануецца арганізаваць вытворчасці новых відаў прадукцыі. Іван Данчанка пералічыў якіх: кальвадосу (яблычны каньяк), пладовых гарэлак, марачных пладовых вінаў, пладовых натуральных сталовых газаваных вінаў з павышанай біялагічнай каштоўнасцю.

Між іншым, павышэнне якасці вонкавага афармлення пладовых вінаў ужо пачалося: з
1 лютага будзе выкарыстоўвацца новы корак. А пачынаючы з 2014 года разліў пладовых вінаў будзе ажыццяўляцца выключна ў шкляную бутэльку еўрапейскага ўзору ёмістасцю 0,75 літра (аналагічна вінаградным вінам).

Ці паспрыяюць захады зніжэнню п`янства?

На думку кіраўніка канцэрна, "вытворчасць новых відаў вінаробнай прадукцыі — прыярытэтны кірунак развіцця вінаробнай галіны, які дазволіць павысіць не толькі якасць, але і экспартныя магчымасці прадукцыі, стварыць асартымент канкурэнтаздольных нацыянальных алкагольных напояў, што будуць вызначацца арыгінальнымі арганалептычнымі характарыстыкамі". А гэта, у сваю чаргу, будзе спрыяць зніжэнню спажывання моцных алкагольных напояў насельніцтвам краіны, сцвярджае Іван Данчанка. Будзем спадзявацца, што так і адбудзецца. Надзею на тое даюць меркаванні медыцынскіх экспертаў, якія пасля прыняцця рашэння аб спыненні вытворчасці "чарніла" сталі актыўна выказвацца ў прэсе на гэты конт. Медыкі лічаць, што ўскладнены доступ да таннага алкаголю (а тым больш яго знікненне) дапаможа многім перастаць піць пастаянна.

Уладзіслаў Кулецкі
Звязда, 15 лютага 2012
_____________________________
Даведка:

У цяперашні час да групы пладовых вінаў адносяцца:

— віны пладовыя мацаваныя ардынарныя;
— пладовыя мацаваныя палепшанай якасці і спецыяльнай тэхналогіі;
— натуральныя пладова-ягадныя.

Чым жа адрозніваюцца віды пладовых вінаў?

Тэхналагічны цыкл вытворчасці пладовых мацаваных ардынарных вінаў складае 12-15 дзён з натуральным наброджваннем спірту да 5%, а вінаў палепшанай якасці і спецыяльнай тэхналогіі — да 37-50 дзён з наброджваннем спірту не менш за 10%.

Больш складаная тэхналогія вытворчасці ў натуральных пладова-ягадных вінаў: там выкарыстоўваецца спірт толькі эндагеннага паходжання (назапашаны ў выніку зброджвання цукру, які маецца ў соку, сусле. — Аўт.) і яго назапашванне вагаецца ад 9 да 14%. Гэтыя віны бываюць сухія, паўсухія, паўсалодкія, немацаваныя. Цыкл вытворчасці складае ад 64 да 129 сутак, а немацаваных — да аднаго года.

Забароны і абмежаванні ў абласцях

У Брэсцкай вобласці продаж пладовых вінаў забаронены ў
2 раёнах і ў 3 абмежаваны, у Віцебскай — абмежаваны ў 4 раёнах, у Гомельскай — забаронены ў 5 раёнах, у Гродзенскай — у 10 раёнах, у Мінскай — у 7, у Магілёўскай устаноўлены абмежаванні па часе продажу: з 10 да 12 і з 14 да 16 гадзін.
 
Дата публикации:15.02.2012
Тематика:Бизнес, Беларусь
Просмотров:2799
 
Ключевые слова:
Плодово-ягодные вина Чернила Алкоголь Белорусские вина Виноделие
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме