Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў Закон "Аб змяненні законаў па пытаннях падаткаабкладання", дакумент №230-3 ад 30 снежня апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале ў сераду.
Асноўныя змены, якія закрануць бізнес, набываюць моц з 1 студзеня. Паглядзелі, што зменіцца для тых, хто плаціць падаткі.
Бывай, спрошчаная сістэма
Самае вялікае расчараванне ў прыватнага бізнесу выклікала адмена спрошчанай сістэмы падаткаабкладання. Улады такое рашэнне прынялі яшчэ год таму, меркавалася адтэрміноўка да 2023 года.
Адзіная стаўка пры "спрошчанай сістэме" была ўстаноўлена на ўзроўні 6%. Цяпер жа ў ІП ёсць два рэжымы падаткаабкладання – падаходны падатак і адзіны падатак. Але і тут ёсць змены.
Падаткі вырастуць
Падаходны падатак (вылічваецца ад розніцы паміж атрыманай выручкай і панесенымі расходамі) з 1 студзеня 2023 года павялічваецца з 16% да 20%. А спісак відаў дзейнасці, згодна з якім ІП маглі плаціць адзіны падатак (фіксаваная стаўка, розная для кожнага віду дзейнасці), істотна скарочаны.
Напрыклад, прыбралі з такога спіска работы па рамонце і тэхабслугоўванні аўтамабіляў, вытворчасць адзення і абутку, стаматалогію. Або, напрыклад, для тых ІП, хто здае жыллё ў кароткатэрміновую арэнду, пакінулі магчымасць прымянення толькі адзінага падатку. Аналіз паказаў, што выручка ў такіх прадпрымальнікаў не адпавядала попыту.
Стаўкі адзінага падатку і для прадпрымальнікаў, і для фізічных асоб у гэтым годзе зноў істотна вырастуць. Нагадаем, з 2022 года іх ужо падымалі – у 1,5-2 разы. З 2023 года адзіны падатак зноў вырас у 2 разы.
Новы падатак для самазанятых – на выбар
З 1 студзеня 2023 года для фізічных асоб уводзіцца новая сістэма падаткаабкладання – падатак на прафесійны даход. Яго памер складае 10% ад штомесячнай выручкі. Пераход на яго – справа добраахвотная.
Новаўвядзенні для рамеснікаў і аграсядзіб
Пакуль што спісак відаў дзейнасці, па якіх можна быць рамеснікам, не чапалі. Але з 1 ліпеня 2023 года па новым заканадаўстве фізічныя асобы змогуць прымяняць рамесны збор толькі ў тым выпадку, калі будзе рашэнне мясцовых органаў улады, што дзейнасць плацельшчыка адносіцца да рамеснай.
Што гэта значыць? Калі кагосьці перастануць лічыць рамеснікам у канкрэтным горадзе ці раёне, яму трэба будзе перайсці на падатак на прафдаход.
Акрамя таго, рамесны збор з 2023 года будуць плаціць крыху інакш. З 1 студзеня трэба плаціць не гадавую суму ў 60 рублёў, а ўносіць па 6 рублёў штомесяц.
Новаўвядзенні чакаюць і аграсядзібы. Яны будуць плаціць па 37 рублёў у месяц (было 31 руб.), калі не пяройдуць на новы падатак на прафдаход. Але выбару не будзе, калі мясцовыя ўлады не далі спецыяльнага дазволу. Тады застанецца толькі другі варыянт.