https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Прафесар Міхаіл Кавалёў: "Замест валютнага "базару" час прыступаць да цывілізаванага рынку"


Сітуацыя на валютным рынку краіны працягвае заставацца няпэўнай. Курс беларускага рубля на міжбанку ўсё яшчэ зніжаецца. У чацвер-пятніцу банкі прасілі ў юрыдычных асоб за адзін долар ад 8500 да 9200 "зайчыкаў".
Хоць, нагадаем, у панядзелак курс долара на міжбанку знаходзіўся яшчэ ў раёне 6000-6300 рублёў, у аўторак раніцай — 7100-7300, у сераду — тыя банкі, якія валодалі замежнай валютай, прадавалі яе па курсе 7900-8000 рублёў.

У некаторых інтэрнэт-рэсурсах была інфармацыя, што долар спрабаваў браць вышыню і ў 10 тысяч рублёў, у іншых жа, наадварот, сцвярджалася, што беларускі рубель ужо адштурхнуўся ад дна, што падзенне яго спынілася... Як бы там ні было, але да канца тыдня тут, відаць, нічога не зменіцца. Але ж з любой сітуацыі, якой бы складанай яна ні была, карысна браць урокі. Што паказалі нам падзеі апошніх дзён? З такім пытаннем мы звярнуліся да вядомага беларускага эканаміста, доктара эканамічных навук прафесара Міхаіла Кавалёва.

— Па тых звестках, якія падаваліся ў інтэрнэце, нельга рабіць сур`ёзных высноў, што адбываецца на валютным рынку ў плане курсаўтварэння на самай справе. Здзелкі там невялікія, і ўсе гэтыя маніпуляцыі мелі на мэце зніжэнне курсу беларускага рубля. Вось, напрыклад, уявім: робяць здзелку два валютныя спекулянты, назавём іх Ваня і Пеця. Аб`ём і валюты, і рублёў у цэлым пры гэтым не павялічваецца і не памяншаецца. Па якім бы курсе гэта не адбылося. Проста ў кішэні ў Вані былі долары, а ў Пеці — рублі. Пасля гэтага яны памянялі іх месцамі. А ў цэлым жа аб`ём долара-рублёвай масы не змяніўся. Калі не адбываецца інтэрвенцыі Нацыянальнага банка ці знешніх інтэрвенцый, то ў краіне ні долараў больш не становіцца, ні рублёў — менш. І розніцы няма: рабіць абмен па 3 тысячы ці па 10 тысяч. Так што звяртаць на гэта ўвагі няма патрэбы. Іншая справа, што калі заключаюць буйныя здзелкі сур`ёзныя экспарцёры і імпарцёры, якія, робячы аперацыі, дастаткова доўга ўзважваюць, па якім курсе рабіць ім абмен.

Я яшчэ раз хачу сказаць, што той "базар", які сёння ёсць, ніяк не можа выявіць раўнаважнага курсу. І рана ці позна, але цэнтральны банк усвядоміць гэта і арганізуе нармальны рынак валют. Перакананы па-ранейшаму — гэта павінна адбывацца на валютнай біржы. Натуральна, што перагаворы з Расіяй і інфармацыя аб будучым стабілізацыйным крэдыце, хоць і абстаўленым умовамі, паўплывае на самых палкіх спекулянтаў. Зразумела, што будучы раўнаважны курс будзе залежаць ад вяртання ў краіну валютнай выручкі, а экспарт сёлета даволі імкліва расце ў параўнанні з мінулым годам. Проста зараз мы назіраем такія моцныя дэвальвацыйныя чаканні, што кожны экспарцёр да апошняга прытрымлівае валюту. Рана ці позна, але Нацыянальны банк папярэдзіць экспарцёраў, што калі яны не пачнуць нармальна гандляваць валютай, то ён можа па ўзору Кітая ці Чылі ўвесці 100-працэнтны продаж валюты замест 30-працэнтнага, і тады сітуацыя літаральны ў тры дні стабілізуецца.

Можна ўвесці і іншыя часовыя меры, якія дапамогуць вярнуць сітуацыю ў нармальнае рэчышча. Я думаю, што гэтага не зрабілі дасюль і па той прычыне, каб так званы некрытычны імпарт, усё тое, без чаго можна абысціся ў штодзённым жыцці, выстаўляў тыя ненармальныя цэннікі, якія сёння мы і бачым у магазінах і па якіх ніхто, маючы галаву на плячах, купляць такі тавар не будзе. Але гэта станоўча ўплывае на гандлёвы баланс краіны: імпарт пры такім падыходзе рэзка ўпадзе, і гэта будзе яшчэ адным фактарам, які не можа не паўплываць на стабілізацыю.

Усё залежыць ад таго, чыя інтарэсы захочуць "прышчаміць". Пакуль — праблемы ў імпарцёраў і часткова — у насельніцтва, якое дасюль не можа купіць валюты, бо па-ранейшаму існуе паніка. Тут ёсць розныя шляхі выхаду з сітуацыі. Можна, напрыклад, увесці мараторый на рублёвае крэдытаванне пэўных імпартных тавараў, можна яшчэ нешта зрабіць, што рэзка саб`е попыт на валюту. Я хацеў бы толькі, каб зразумелі тыя, хто спадзяецца, што пры нейкім курсе ўсё наладзіцца само па сабе: спекулянты не супакояцца і пры курсе 10000 рублёў да 1 долара. Неабходна прадпрымаць іншыя, можа, і непапулярныя меры, каб стабілізаваць сітуацыю, а пасля паступова ад іх адыходзіць.

Важна зразумець: адны спекулятыўныя аперацыі, без умяшальніцтва Нацыянальнага банка, пры тым крэдытаванні насельніцтва, якое сёння існуе, ніяк не дазволяць знайсці рэальны курс. Так што, як мне здаецца, раўнаважны курс можна знайсці праз часовае спыненне спажывецкага крэдытавання, а можа быць, нават і пры часовым спыненні наогул рублёвых крэдытаў (за выключэннем сацыяльна значных айчынных тавараў і будоўлі жылля тымі, хто мае ў гэтым патрэбу). Так мы вырашым сітуацыю, не зацягваючы яе. Час прайшоў. Цяпер эканамічным уладам краіны неабходна ўмешвацца ў справу, прымаючы канкрэтныя непапулярныя рашэнні, не спадзеючыся, што рынак сам знойдзе нейкі міфічны курс. Неабходна прыступаць да цывілізаванага валютнага рынку замест таго базару, які мы назіраем сёння.

Анатоль Сланеўскі
Звязда 21 траўня 2011
 
Дата публикации:22.05.2011
Тематика:Бизнес, Беларусь
Просмотров:3223
 
Ключевые слова:
Валютный кризис в Беларуси Финансы Экономика
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме