https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Памер фінансавай дапамогі ЗША Беларусі для замены высокаабагачанага ўрану на абеднены пакуль вызначаецца


Памер фінансавай дапамогі Беларусі з боку Злучаных Штатаў Амерыкі для замены высокаабагачанага ўрану на абеднены пакуль вызначаецца, заявіў журналістам 13 снежня ў Мінску часовы павераны ў справах ЗША Майкл Скэнлан.
"Мы гаворым аб перамяшчэнні высокаабагачанага ўрану з Беларусі ў Расію і замене яго абедненым, — сказаў дыпламат. — ЗША ўзялі на сябе абавязацельства аказваць фінансавую падтрымку гэтаму працэсу па меры таго, як ён будзе праходзіць, а таксама аказваць любую тэхнічную дапамогу, якая можа спатрэбіцца, каб гэта адбылося хутчэй".

Скэнлан падкрэсліў, што ЗША высока ацэньваюць рашэнне беларускага ўрада адмовіцца ад высокаабагачанага ўрану. "Мы падтрымліваем працэс яго замены на абеднены ўран, які больш бяспечны, танны ў выкарыстанні і не ўяўляе пагрозы, калі трапіць у рукі тэрарыстаў", — заявіў часовы павераны.

Як паведамлялася раней, дзяржсакратар ЗША Хілары Клінтан і міністр замежных спраў Беларусі Сяргей Мартынаў у сумеснай заяве, прынятай 1 снежня ў Астане, дзе праходзіў саміт АБСЕ, пацвердзілі прыхільнасць сваіх краін ядзернай бяспецы і ядзернаму нераспаўсюджанню. "Злучаныя Штаты і Беларусь пацвердзілі сваё ўяўленне пра свет без ядзернай зброі і ўзялі абавязак працаваць разам для прадухілення ядзернага распаўсюджання, — гаварылася ў паведамленні прэс-службы беларускага прэзідэнта. — Дзяржсакратар ЗША прызнала гістарычнае рашэнне Беларусі аб адмове ад сваёй ядзернай зброі, прынятае ў 1994 годзе, у якасці значнага ўнёску ў справу ядзернага раззбраення і зноў пацвердзіла гарантыі бяспекі Беларусі, зафіксаваныя ў Будапешцкім мемарандуме ад 5 снежня 1994 года".

Мартынаў, у сваю чаргу, аб`явіў, што Беларусь прыняла рашэнне аб ліквідацыі ўсіх сваіх запасаў высокаабагачанага ўрану і мае намер ажыццявіць гэта да наступнага саміту па ядзернай бяспецы ў 2012 годзе. "Прыняўшы гэтае рашэнне, Беларусь далучаецца да Злучаных Штатаў у міжнародных намаганнях па пераводзе ядзерных установак на выкарыстанне нізкаабагачанага ўранавага паліва, што ў XXI стагоддзі становіцца сусветным стандартам, — зазначалася ў паведамленні. — Абодва бакі абавязаліся працягваць сумесную працу ў сферы арганізацыі ядзернай бяспекі, уключаючы павышэнне ўзроўню бяспекі ў Аб`яднаным інстытуце энергетычных і ядзерных даследаванняў у Беларусі".

Мартынаў і Клінтан таксама абавязаліся ўмацоўваць глабальнае супрацоўніцтва ў сферы мірнага выкарыстання ядзернай энергіі ў адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі і дадатковымі двухбаковымі дамоўленасцямі, якія могуць быць заключаны паміж Беларуссю і ЗША.

12—15 снежня ў Беларусі знаходзяцца прадстаўнікі вядучых аналітычных цэнтраў ЗША. Як паведамляе прэс-служба беларускага МЗС, у склад дэлегацыі ўваходзяць кіраўнікі праграм, прафесары і вядучыя супрацоўнікі Цэнтра стратэгічных і міжнародных даследаванняў, даследчай службы кангрэса ЗША, фонду Карнэгі за міжнародны мір, фонду "Спадчына", фонду "Ініцыятыва па скарачэнні ядзернай пагрозы", Інстытута новых дэмакратый, Рэдфардскага ўніверсітэта.

У праграме знаходжання амерыканскіх аналітыкаў — сустрэчы ў Нацыянальным сходзе, з кіраўніцтвам знешнепалітычнага і абароннага ведамстваў, беларускімі палітолагамі і журналістамі. Амерыканскія прадстаўнікі наведаюць Парк высокіх тэхналогій, даследчы інстытут "Сосны", міжнародны навучальны цэнтр МУС па пытаннях міграцыі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі, Нацыянальную бібліятэку.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН
Мінск, 13 снежня 2010
 
Дата публикации:14.12.2010
Тематика:Бизнес, Беларусь
Просмотров:4360
 
Ключевые слова:
Уран Энергетика
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме