https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 





Найти
 
 


Беларуская АЭС: няпэўна, сумнеўна, небясьпечна


Расея агучыла шэраг умоваў, выкананьне якіх павінна папярэднічаць будаўніцтву першай беларускай атамнай электрастанцыі. Масква заявіла, што прэтэндуе на 50% прыбытку ад рэалізацыі вырабленай у Беларусі электраэнэргіі, а ў іншым выпадку абяцанае расейскім бокам крэдытаваньне будзе згорнутае.
Менск настойвае на атрыманьні ў першую чаргу крэдыту на агульную суму 9 мільярдаў даляраў, пасьля чаго згодны весьці астатнія перамовы. Экспэрты адзначаюць, што любое замаруджваньне працэсу пацягне за сабой для Беларусі страты: днямі пачалося ўзьвядзеньне Балтыйскай АЭС у Калінінградзкай вобласьці, уласную АЭС зьбіраецца будаваць і Літва. Першапачатковыя намеры разбагацець на экспарце электраэнэргіі могуць ня спраўдзіцца.

У канцэрне "Белэнэрга" ўстрымліваюцца ад камэнтароў адносна новых патрабаваньняў расейскага боку: маўляў, спачатку — сумеснае прадпрыемства, якое будзе прадаваць электраэнэргію на парытэтных умовах, а ўжо потым — крэдытныя пытаньні. Паводле папярэдняй дамовы Расея абяцала выдаткаваць Беларусі 6 мільярдаў даляраў на ўзьвядзеньне АЭС з двума рэактарамі і 3 мільярды на стварэньне спадарожнай інфраструктуры.

Крызісны мэнэджэр Мечыслаў Бурак лічыць, што з пачаткам будаўніцтва сёлета ў ліпені Балтыйскай АЭС у Калінінградзкай вобласьці беларускі праект для Масквы аўтаматычна адступіў на задні плян:
Атамную станцыю ў Беларусі трэба было будаваць ня сёньня, а яшчэ 15 гадоў таму ...

"Атамную станцыю ў Беларусі трэба было будаваць ня сёньня, а яшчэ 15 гадоў таму. Мы гэта прапаноўвалі яшчэ ў 1994 годзе, у "Звяздзе" былі надрукаваныя артыкулы, у якіх мы казалі: дзеля сваёй незалежнасьці мы павінны будаваць атамныя станцыі. Але час прайшоў, і пайшла ня справа, а гульні. Якая рэальная сытуацыя з атамнымі станцыямі цяпер? Вакол Беларусі заплянавана і будуюцца пяць АЭС. У тым ліку Расея ў сваіх маніторынгах запісвае Беларусь у шэраг спажыўцоў, якія будуць спажываць энэргію з Балтыйскай станцыі. То бок маскоўскі праект адназначны: у Беларусь энэргія будзе пастаўляцца з Балтыйскай АЭС, і да пабачэньня. Вось бачыце, такім чынам фактычна закрылі размовы пра атамную станцыю".

Між тым падрыхтоўчыя працы ў Астравецкім раёне на Гарадзеншчыне, дзе і мяркуецца да 2016 году ўвесьці першы энэргаблёк, не спыняюцца. Ад Астраўца да будаўнічай пляцоўкі пракладзеная чыгунка, для адміністрацыі і пэрсаналу будучай АЭС узьведзеныя два шматкватэрныя дамы, першыя паверхі якіх абсталяваныя пад офісы. Пакуль расейская крэдытная лінія не адкрытая, усе працы фінансуюцца зь беларускага бюджэту.

Аднак экспэрты кажуць, што першапачатковая ідэя — ня толькі забясьпечваць электраэнэргіяй унутраныя патрэбы Беларусі, але і пастаўляць лішкі суседзям -- на тле беларуска-расейскіх супярэчнасьцяў становіцца ўсё больш прывіднай. Пасьля пабудовы Балтыйскай АЭС Расея зьбіраецца ня толькі забясьпечыць свой рэгіён, але і наладзіць пастаўкі ў Польшчу. Прадстаўнік літоўскага МЗС Марыюс Гудзінас, у сваю чаргу, кажа, што прывязвацца да Беларусі ня мае намеру і Літва. Тут збудуюць уласную АЭС:

"Пры будаўніцтве сваёй атамнай станцыі мы замовілі студыю, якая разьлічыла патрэбы ў электраэнэргіі да 2020 году, а таксама на тэрмін пазьнейшы. Экспэрты правялі аналіз і сказалі, што ў гэтым рэгіёне ў прынцыпе можна пабудаваць 5 атамных электрастанцый, каб задаволіць патрэбы, якія будуць узьнікаць у бліжэйшыя 20 гадоў. Але зараз мы чуем пра тры станцыі: у Калінінградзкай вобласьці, у Літве і ў Беларусі".

Карэспандэнт: "То бок да беларускай АЭС вы не прывязваецеся?"

"Для сябе мы будуем сваю атамную станцыю. Беларусь, як мы разумеем, будуе для сябе. Літва ўвогуле мае на мэце перайсьці на эўрапейскае электразабесьпячэньне. Літва ў прынцыпе жадае адключыцца ад сёньняшняй постсавецкай энэргасыстэмы, мы жадаем падключыцца да энэргасыстэмы эўрапейскай. Гэта Беларусь дагэтуль існуе ў той, ранейшай энэргасыстэме".

Некаторыя аналітыкі спадзяюцца, што праблемы зь фінансаваньнем могуць мець пазытыўныя наступствы для жыхароў ня толькі Беларусі, але і суседніх дзяржаў. Супраць будаўніцтва сумнеўнага (з гледзішча перадусім бясьпекі) аб`екта пратэстуюць шмат якія грамадзкія дзеячы, палітыкі, эколягі. Былы супрацоўнік Міністэрства энэргетыкі Беларусі Валянцін Мацкевіч кажа: калі кіравацца дадзенымі Цэнтру геафізычнага маніторынгу Нацыянальнай Акадэміі навук, будаваць АЭС у гэтым месцы нельга катэгарычна:

Валяцін Мацкевіч
"Справа ў чым: у раёне Астраўца роўна 100 гадоў таму, 28 сьнежня 1908 году, адбыўся землятрус. Яго бальнасьць складала 7—8 балаў, што значна нават па ўсясьветных нормах (дзесьці на 20 гадоў раней такі ж землятрус быў зафіксаваны ў раёне Барысава). І якраз Цэнтрам геафізычнага маніторынгу Акадэміі навук зроблена дасьледаваньне гэтага раёну з указаньнем схемы разломаў і г.д. Дык вось гэтая тэрыторыя ўключаная ў зону магчымага землятрусу. То бок менавіта гэтая пляцоўка, а таксама зоны рызыкі ў раёнах Салігорску і Барысава. І хоць рэдка такія надзвычайныя зьявы здараюцца, але сама па сабе такая магчымасьць вельмі небясьпечная. Па вялікім рахунку, там проста нельга будаваць атамную станцыю!"

Ня выключана, што беларускаму боку давядзецца тэрмінова шукаць замену расейскім інвэстыцыям. Дагэтуль цікавасьць да праекту выяўлялі кітайцы, аднак расейскі бок даў зразумець: у выпадку прыцягненьня да дадатковага фінансаваньня кітайскіх кампаніяў Расея адмовіцца ад удзелу ў будаўніцтве АЭС. У Маскве тлумачыць, што Расея даўно працуе на гэтым рынку і валодае тэхналёгіямі, якімі б не хацела дзяліцца з кітайскімі кампаніямі.

Беларускія пляны пабудовы АЭС у Астравецкім раёне выклікалі занепакоенасьць грамадзкасьці ў Літве і Ўкраіне.

У пачатку сакавіка ў Вільні адбыліся арганізаваныя ўрадам грамадзкія слуханьні наконт беларускага праекту, але прадстаўнікі літоўскай грамадзкасьці не прызналі іх легітымнасьць. У тым жа месяцы больш як 20 тысяч літоўцаў падпісалі пэтыцыю да літоўскага прэзыдэнта і ўраду, просячы іх супрацьдзейнічаць плянаванай пабудове.

Падобныя грамадзкія слуханьні адбыліся ў канцы сакавіка ў Кіеве, дзе ўкраінскія навукоўцы і экалягічныя арганізацыі выказалі свае засьцярогі і супраціў адносна пабудовы АЭС Менскам.

У чэрвені ў Вільні, падчас міжнароднага абмеркаваньня рэгіянальных праектаў у атамнай энэргетыцы, прэзыдэнт Літвы Даля Грыбаўскайтэ сказала, што Беларусь хоча пабудаваць АЭС "паводле няясных крытэраў".

Прысутны на тым абмеркаваньні дырэктар МАГАТЭ Юкія Амана ўхіліўся ад прамога адказу на пытаньне, наколькі бясьпечны для навакольнага асяродзьдзя праект беларускай АЭС. Амана сказаў толькі, што рашэньне аб будаўніцтве АЭС кожная краіна прымае самастойна. Паводле ягоных словаў, Беларусь мяркуе запрасіць экспэртаў МАГАТЭ на пляцоўку пабудовы сваёй АЭС.

У сярэдзіне траўня ў Варшаве прайшлі міжурадавыя беларуска-польскія кансультацыі па пытаньні пабудовы астравецкай АЭС. Аб іх выніках бакі не паведамлялі грамадзкасьці.

Радыё Свабода
30.07.2010
Ігар Карней
 
Дата публикации:30.07.2010
Тематика:Бизнес, Беларусь
Просмотров:6716
 
Ключевые слова:
Белорусская АЭС Союзное государство Таможенный союз мытны саюз
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме