Ініцыятарам стварэння ІТ-кластара выступіў камітэт эканомікі Магілёўскага аблвыканкама. «Работа па гэтаму напрамку пачалася ў 2020 годзе. Была распрацавана функцыянальная схема кластара і спіс патэнцыйных удзельнікаў, праведзены аналіз сітуацыі па развіццю IT-сектара ў Магілёўскай вобласці. Праходзіла абмеркаванне праблемных пытанняў у развіцці лічбавых тэхналогій з патэнцыяльнымі ўдзельнікамі кластара», — адзначылі спецыялісты.
Вынікам працы стала падпісанне пагаднення аб стварэнні кластара ў сферы інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій Магілёўскай вобласці. Яго падпісалі 12 арганізацый, сярод якіх: камітэт эканомікі Магілёўскага аблвыканкама, Магілёўскае агенцтва рэгіянальнага развіцця, «Магілёўхімвалакно», «Магатэкс», УП «Артэзіё», ЗАТ «Сервалюкс Тэхналоджыс», ТАА «Софтмайстар». Акрамя гэтага, удзельнікамі падпісання сталі тры магілёўскія ВНУ: Беларуска-Расійскі ўніверсітэт, МДУ імя А.А. Куляшова і Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт харчовых і хімічных тэхналогій, а таксама Бабруйскі дзяржаўны лесатэхнічны каледж і Бабруйскі дзяржаўны аграрна-эканамічны каледж.
Пасля падпісання дакумента ўдзельнікі сустрэчы абмяняліся меркаваннямі і абмеркавалі далейшыя перспектывы працы кластара.
Арганізацыяй-каардынатарам кластара было абрана Магілёўскае агенцтва рэгіянальнага развіцця.
Звязда, 30 снежня 2021