Аператыўнікі гомельскага наркакантролю пры падтрымцы байцоў АМАП затрымалі шлюбную пару, якая зарабляла распаўсюджваннем псіхатропаў. Канфіскавана больш за 50 г пара-метылэфедрона. 32-гадовая непрацуючая гамяльчанка — маці траіх дзяцей 5, 7 і 10 гадоў — пачала ўжываць мефедрон. «Наркотыкі патрабавалі грошай, і яна ўладкавалася працаваць рознічным кур’ерам у інтэрнет-магазін па продажы псіхатропаў. Аб новай рабоце яна расказала 37-гадоваму непрацуючаму мужу, які таксама быў нарказалежным. Ён пагадзіўся дапамагаць жонцы ў супрацьзаконнай справе», — расказалі ва УУС.
Праз некалькі тыдняў працы аператар крамы перавёў гараджанку на рэалізацыю буйных партый. Яна забірала аптовыя пастаўкі вагай 50-250 г, займалася грашовымі разлікамі з магазінам. Яе муж у падвале фасаваў наркотыкі па дробных дозах і развозіў па тайніках. Частку тавару шматдзетныя бацькі пакідалі сабе. Імкнуліся рабіць гэта неўзаметку для працадаўцы.
Сямейны бізнэс праіснаваў нядоўга. 13 лістапада гамяльчаніна злавілі з доказамі злачынства падчас закладкі тавару ў лесапаласе паблізу вул.Юбілейнай у Гомелі. Адзін скрутак вагай 25 г быў закапаны. Другі, які складаецца з 20 пакетаў па 1 г, знайшлі падчас асабістага дагляду. У кватэры знайшлі спадарожныя нелегальнаму бізнэсу прадметы: шалі, zip-пакеты, ізастужку. Там жа знаходзілася прыстасаванне для ўжывання наркотыкаў і мефедрон.
Па факце незаконнага абароту наркатычных сродкаў узбуджана крымінальная справа па ч.3 арт.328. Муж і жонка затрыманы. Траіх дзяцей, якія засталіся без бацькоў, забралі сваякі.
Звязда, 15 лістапада 2021