Калі вясной мінулага года грамадзянін К. уладкаваўся ў адну з інтэрнэт-крам у якасці закладчыка наркотыкаў, ён, напэўна, здагадваўся, чым усё можа скончыцца. Аднак прага вялікіх і хуткіх грошай узяла сваё, і аб наступствах малады чалавек пачаў задумвацца ўжо радзей...
Ён не быў наркаманам, хоць і спрабаваў у свой час наркатычныя і псіхатропныя сродкі. Проста хацеў зарабіць. Прычым спосаб заробку выбраў сам. Атрымліваў наркотык, расфасоўваў яго на больш дробныя часткі і раскладваў у розных месцах сталіцы: там, дзе давала ўказанні інтэрнэт-крама. Малады чалавек асвойваў новую «спецыяльнасць» — закладчыка або «мінёра», як называюць такіх людзей у наркаасяроддзі.
Не за гарамі грамадзяніна К. чакала павышэнне па кар`ернай лесвіцы. Яму прапанавалі стварыць лабараторыю і вырабляць там наркатычныя, а таксама псіхатропныя рэчывы. Мужчына з лёгкасцю пагадзіўся — заробак абяцалі ўжо з большай колькасцю нулёў.
Па рэкамендацыі інтэрнэт-крамы малады чалавек арандаваў гараж у гарадскім пасёлку Мачулішчы, што каля Мінска. Невядомыя асобы даставілі туды абсталяванне і рэагенты для вырабу наркотыкаў. У вызначаны дзень грамадзянін К. атрымаў заданне забраць усё з гаража і перавезці ў іншае месца — у адну з хат у вёсцы Каралішчавічы Мінскага раёна, якую напярэдадні арандаваў. Ён яшчэ не ведаў, што знаходзіцца ў каністрах, а таксама для чаго неабходна абсталяванне, якое разам са сваім знаёмым яны перавезлі на новае месца. За маладым чалавекам ужо сачылі супрацоўнікі ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі ўпраўлення ўнутраных спраў Мінскага аблвыканкама.
Калі з грамадзянінам К. звязаліся з інтэрнэт-крамы і папрасілі прыгатаваць псіхатропнае рэчыва, ён адразу пагадзіўся. Па месенджары яму даслалі падрабязную інструкцыю. Рэагенты і абсталяванне, неабходныя для вырабу наркотыкаў, былі ў тых самых каністрах і каробках, якія ён напярэдадні перавёз. Змешваў «інгрэдыенты» малады чалавек пад строгім указаннем свайго работадаўца, які падрабязна раскрываў «сакрэты» прыгатавання. Зламыснік, у сваю чаргу, поспехі «кулінарнай дзейнасці» здымаў на відэа, якія дасылаў свайму куратару. Раптам нешта пайшло не так...
У адзін з дзён ён выйшаў з хаты, зачыніў яе на замок і паехаў у бок вакзала. Набыў білет да Масквы і сеў у аўтобус. Аператыўнікі, якія ўвесь час сачылі за падазраваным, зразумелі: для вырабу наркотыкаў нечага не хапае. І пачалі чакаць.
— Спешка ў нашай справе можа толькі нашкодзіць, — адзначае начальнік упраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі крымінальнай міліцыі Мінскага РУУС падпалкоўнік міліцыі Дзмітрый Белавушка. — Дачыненне да захоўвання, збыту або вытворчасці наркотыкаў заўсёды патрабуе доказу. Тое, што грамадзянін К. прывёз у арандаваную хату ў Каралішчавічах, магло ўяўляць сабой звычайныя хімічныя рэчывы, якія, як хутчэй за ўсё паказала б правядзенне экспертызы, не з`яўляюцца наркатычнымі сродкамі. У такім выпадку пры затрыманні раней тэрміну сапраўдны намер даказаць было б цяжка. Калі мы арыштавалі мужчыну непасрэдна падчас вырабу наркотыкаў, яго злачынная дзейнасць была навідавоку.
Як высветлілася пазней, у сувязі з адсутнасцю ведаў у прыгатаванні наркотыкаў грамадзянін К. вывеў са строю адно з абсталяванняў, неабходных для вырабу небяспечнага рэчыва. Акурат па яго і паехаў у суседнюю краіну. Падазраваны вярнуўся з Масквы праз два дні. Зачыніўся ў доме і зноў распачаў працэс прыгатавання. Усю ноч у вокнах гарэла святло. У тым, што ў гэты час там ажыццяўляўся выраб псіхатропных або наркатычных рэчываў, супрацоўнікі міліцыі ўжо не сумняваліся — на вуліцы стаяў рэзкі пах хіміі. Калі мужчына выйшаў на вуліцу па ваду (цэнтральнае водазабеспячэнне ў доме адсутнічала), ён быў затрыманы праваахоўнікамі.
У гэты час у хаце ўжо стаяла пяцілітровая колба з практычна гатовым асабліва небяспечным псіхатропным рэчывам. Падчас агляду аператыўнікі канфіскавалі астатнія ёмістасці, абсталяванне, а таксама каля 300 літраў прэкурсору (кампанента, з якога робяцца наркатычныя сродкі). Зыходзячы з разлікаў спецыялістаў, гэтага павінна было хапіць на выраб прыкладна 10–15 кілаграмаў гатовага наркотыку.
Малады чалавек, якога затрымалі, прайшоў шлях ад дробнага «мінёра» і аптовага закладчыка да арганізатара наркалабараторыі. Быў асуджаны на 11 гадоў пазбаўлення волі. Акрамя таго, пастанаўленнем суда прадугледжаны штраф і канфіскацыя маёмасці. На таго, хто кіраваў злачыннай дзейнасцю праз месенджар, супрацоўнікі міліцыі пакуль не выйшлі. Затое затрымалі яшчэ аднаго чалавека, які працаваў у інтарэсах згаданай інтэрнэт-крамы.
Як заўважае начальнік упраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі УУС Мінскага аблвыканкама палкоўнік міліцыі Сяргей Белавушка, тэхналогіі сёння не стаяць на месцы, аднак, на жаль, імі карыстаюцца і зламыснікі. «У апошнія некалькі гадоў культура наркаспажывання кардынальна памянялася, — акцэнтуе ўвагу афіцэр. — Калі раней збыт наркотыкаў адбываўся з рук у рукі, то цяпер з`явіліся спецыялізаваныя інтэрнэт-пляцоўкі, дзе канцэнтруюцца крамы па продажы наркотыкаў. У большасці выпадкаў небяспечныя рэчывы рэалізоўваюцца праз крыптавалюту. Гэта, безумоўна, ускладняе нам задачу. Толькі мы таксама не стаім на месцы: распрацоўваем новыя методыкі, якія дазваляюць выяўляць лабараторыі і каналы, па якіх распаўсюджваюцца наркотыкі».
Аўтар: Вераніка Канюта
Звязда, 8 кастрычніка 2021
Звязда, 8 кастрычніка 2021