https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Прадавец ці пакупнік без маскі — штраф


За выкананнем рэжыму на грамадскіх аб`ектах пастаянна сочаць супрацоўнікі санітарна-эпідэміялагічнай службы, адміністрацыі раёнаў і непасрэдна кіраўнікі ўстаноў і арганізацый.
Апошнім часам часта можна пачуць прэтэнзіі грамадзян з нагоды адмовы ў абслугоўванні без масак у гандлёвых аб`ектах. Чаму прадавец адмаўляецца разлічыць за тавар, калі вы без маскі? Ці мае ён рацыю? Якая мера адказнасці прадугледжана для гандлёвага аб`екта за невыкананне масачнага рэжыму? І што будзе пакупніку, які яго не выконвае?

Растлумачыў гэтыя і іншыя аспекты загадчык аддзялення гігіены харчавання Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Юрый Гузік.

У сувязі з шырокім распаўсюджваннем каранавіруса беларускія ўлады прынялі рэкамендаваныя Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя меры па стрымліванні інфекцыі. У адпаведнасці з законам «Аб санітарна-эпідэміялагічным дабрабыце насельніцтва» ў нашай краіне праводзяцца мерапрыемствы па прадухіленні заносу, узнікнення і распаўсюджвання інфекцыйных і масавых неінфекцыйных захворванняў на падставе вынікаў эпідэміялагічнага назірання.

Міністэрства аховы здароўя сумесна са спецыялістамі зацікаўленых міністэрстваў і ведамстваў праводзіць і пры неабходнасці дапаўняе комплекс санітарна-супрацьэпідэмічных мерапрыемстваў, накіраваных на своечасовае выяўленне і прафілактыку заражэння COVІD-19, зыходзячы з рэкамендацый СААЗ, з улікам міжнароднага вопыту краін, у тым ліку тых, у якіх сітуацыя з заражэннем COVІD-19 стабілізавалася.

— На падставе часткі другой артыкула 13 Закона «Аб санітарна-эпідэміялагічным дабрабыце насельніцтва» санітарныя нормы і правілы, гігіенічныя нарматывы абавязковыя для выканання дзяржаўнымі органамі, іншымі арганізацыямі, фізічнымі асобамі, у тым ліку індывідуальнымі прадпрымальнікамі, — тлумачыць Юрый Гузік.

СанПіН-217 абавязвае кіраўнікоў арганізацый усіх формаў уласнасці прымаць неабходныя меры па выкананні і кантролі санітарна-супрацьэпідэмічных мерапрыемстваў, у тым ліку сачыць за выкарыстаннем работнікамі сродкаў аховы органаў дыхання, а таксама фізічнымі асобамі пры наведванні аб`ектаў і арганізацый. Выбар спосабаў выканання ўстаноўленых патрабаванняў з`яўляецца рашэннем суб`ектаў гаспадарання. А невыкананне патрабаванняў СанПіН-217 цягне адміністрацыйную адказнасць па артыкуле 17.5 новага Адміністрацыйнага кодэкса.

Цяпер ва ўсіх рэгіёнах краіны прынята рашэнне аб рэжыме выкарыстання насельніцтвам сродкаў аховы органаў дыхання. Згодна з законам «Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь» рашэнні, прынятыя выканаўчымі і распарадчымі органамі, абавязковыя для выканання Саветамі дэпутатаў, выканаўчымі і распарадчымі органамі, а таксама ўсімі іншымі размешчанымі на адпаведнай тэрыторыі арганізацыямі і грамадзянамі. За невыкананне гэтых рашэнняў арганізацыі, іх службовыя асобы і іншыя грамадзяне нясуць грамадзянска-прававую, адміністрацыйную, крымінальную і іншую адказнасць у адпаведнасці з заканадаўствам.

— З 18 лістапада 2020 года абавязковы масачны рэжым у грамадскіх месцах уведзены ва ўсіх абласцях і раёнах Беларусі. Таму зараз усе жыхары краіны павінны з`яўляцца ў закрытых (якія знаходзяцца ў будынках і памяшканнях) грамадскіх месцах у масках, інакш ім могуць адмовіць у абслугоўванні. Гэтыя правілы распаўсюджваюцца на абсалютна ўсе грамадскія месцы. Насіць сродкі індывідуальнай аховы неабходна ў крамах, гандлёвых цэнтрах, аб`ектах грамадскага харчавання і сацыяльнага абслугоўвання, адміністрацыйных установах, наземным транспарце і метро. На вуліцу гэтыя патрабаванні не распаўсюджваюцца, таму на свежым паветры можна знаходзіцца і без маскі, — удакладняе спецыяліст.

Ён падкрэслівае, што абавязковы масачны рэжым павінны выконваць як работнікі, так і наведвальнікі аб`ектаў грамадскага харчавання і крам:

— Наведвальніка могуць папрасіць пакінуць магазін або адмовіць у абслугоўванні, калі ён будзе без маскі. Дзесьці могуць прапанаваць бясплатную маску ці пакажуць месца, дзе можна яе купіць. Калі чалавек не можа насіць маску па стане здароўя, то ён павінен скарыстацца іншым спосаб аховы дыхальных шляхоў, напрыклад, ахоўным экранам. У гэтым выпадку, неабходна падысці да прадстаўніка магазіна або ахоўніка і прадставіць даведку аб тым, што яму проціпаказаны рэспіратар. Але падчас абслугоўвання ўсё адно давядзецца прытрымлівацца дыстанцыі з іншымі наведвальнікамі.

За выкананнем рэжыму на грамадскіх аб`ектах пастаянна сочаць супрацоўнікі санітарна-эпідэміялагічнай службы, адміністрацыі раёнаў і непасрэдна кіраўнікі ўстаноў і арганізацый.

Юрый Гузік нагадвае, што функцыя маскі заключаецца ў бар`ернай затрымцы кропель вільгаці, якія ўтвараюцца пры размове, кашлі, чханні, і ў якіх могуць знаходзіцца ва ўзважаным стане мікраарганізмы (вірусы, бактэрыі). Вынікі праведзеных навуковых даследаванняў паказалі, што паўсюднае выкарыстанне насельніцтвам масак мае вялікае значэнне для скарачэння перадачы інфекцыі і істотна павялічвае магчымасці кантролю над распаўсюджваннем COVІD-19.

У даследаваннях і рэкамендацыях пацвярджаецца мэтазгоднасць выкарыстання насельніцтвам не толькі медыцынскіх масак, але і іншых сродкаў аховы органаў дыхання (палатняных масак, павязак). Найвялікшая карысць, як паказваюць даследаванні, калі маскі выкарыстоўваюцца ў спалучэнні з іншымі мерамі прафілактыкі, такімі, як захаванне сацыяльнай дыстанцыі (1—1,5 метра), мінімізацыя кантактаў з навакольнымі людзьмі, захаванне гігіены рук і рэспіраторнага этыкету.

Таксама спецыяліст нагадвае, што згодна з Законам «Аб ахове здароўя», адказнасць за сваё здароўе кладзецца на кожнага чалавека. Наведваючы закрытыя грамадскія месцы без маскі ў перыяд распаўсюджання інфекцыі COVІD-19, чалавек свядома падвяргае сябе і навакольных неапраўданай небяспецы.

— Пакуль пакаранне за невыкананне СанПіН-217 нясуць толькі кіраўнікі арганізацый. Калі чалавек робіць пакупкі ў краме ці наведвае адміністрацыйны будынак без маскі, то яму за гэта нічога не будзе. А вось арганізацыі — штраф. Таму ўсім наведвальнікам гандлёвых аб`ектаў і іншых арганізацый варта быць свядомымі і выкарыстоўваць маскі, каб засцерагчы сябе і іншых як ад распаўсюджвання інфекцыі, так і ад адміністрацыйнай адказнасці, — аргументуе Юрый Гузік. — Абавязковы масачны рэжым будзе дзейнічаць у нашай краіне да стабілізацыі эпідэмічнай сітуацыі.

Аўтар: Алена Кравец
Звязда, 16 сакавіка 2021
 
Дата публикации:16.03.2021
Тематика:Бизнес, Беларусь
Просмотров:301
 
Ключевые слова:
Санитария Медицинская маска Торговля Здравоохранение Коронавирус Эпидемия
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме