https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Што прадстаўлялі на TІBO сёлета


Міжнародны форум па інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогіях TІBO праходзіць у Мінску 27-ы раз (у мінулым годзе мерапрыемства было адменена з-за COVІD).
Вы яшчэ можаце паспець «зазірнуць у будучыню» — форум пачаў работу ў «Мінск-Арэне» 1 чэрвеня, а завяршаецца сёння. Мы пабывалі на TІBO-2021. Расказваем, што запомнілася.

Разумныя вокны і разумныя парты

Нават калі па родзе заняткаў вы далёкія ад ІТ-сферы, новыя тэхналогіі мяняюць ваша жыццё і свет вакол вас. Напрыклад, ужо сёння нават дашкольная адукацыя і пачатковая школа, не кажучы пра старэйшую школу, навучанне ў каледжах і ВНУ, зусім не падобныя на тое, як вучыліся бацькі цяперашніх дзяцей і падлеткаў. Замест падручнікаў — планшэт, замест наведвання бібліятэкі — інтэрнэт. І, цалкам магчыма, вельмі хутка замест пісьмовых сталоў і парт у дашкалят і школьнікаў з`явіцца лічбавая «мэбля». Інтэрактыўнае дзіцячае абсталяванне прапанавалі ўвазе наведвальнікаў на TІBO-2021.

— Паверхня стала ўяўляе сабой інтэрактыўную панэль, унутры ўбудаваны камп`ютар, — расказвае супрацоўніца кампаніі-распрацоўшчыка Валерыя Гончанка.

Стол разлічаны на дзіцячыя сады і малодшых школьнікаў, таму зроблены з павышанымі патрабаваннямі да бяспекі, а таксама да трываласці: на ім можна нават скакаць. На гэтым стале можна не толькі гуляць (напрыклад, падзяліць яго на патрэбную колькасць сегментаў і ладзіць спаборніцтвы паміж дзецьмі). Галоўнае, навінка дазваляе дзіцяці вучыцца. Напрыклад, адкрыць падручнік ці кнігу проста на паверхні стала або праводзіць тэсты па розных дысцыплінах. Праграмнае забеспячэнне прадугледжвае лагапедычны комплекс, трэніроўкі памяці і ўважлівасці, вывучэнне замежных моў і многае іншае.

Для старэйшых школьнікаў створана інтэрактыўная парта. Абсталяванне дазваляе трэніраваць навыкі вымаўлення на замежных мовах, арфаграфіі, матэматычныя дысцыпліны, таксама ёсць блок «Творчая майстэрня» і тэсты па ўсіх школьных прадметах.

Праграмнае забеспячэнне такога абсталявання — гэта развіццёвыя і навучальныя комплексы, распрацаваныя спецыялістамі ў сваіх галінах.

Частка выставы была адведзена пад «Адукацыйную алею». Напрыклад, БДУ прадставіў на TІBO каля двух дзясяткаў распрацовак. У экспазіцыю вядучай ВНУ краіны ўвайшоў макет першага ўніверсітэцкага спадарожніка BSUSat-1, а таксама разумныя вокны — вадкакрысталічныя панэлі, якія ў залежнасці ад знешніх фактараў з празрыстых змяняюцца ў матавыя і наадварот. Цалкам магчыма, у будучыні разумныя вокны заменяць звычайныя шкляныя: інавацыя абараняе памяшканне ад шкоднага УФ-выпраменьвання і часткова блакіруе інфрачырвонае.

5G для вёскі і горада

Адной з галоўных тэм TІBO-2021 стала тэхналогія 5G. Яе прадстаўлялі не толькі мабільныя аператары і вытворцы гаджэтаў, але і «Белтэлекам».

— «Белтэлекам» мае тэхналагічныя перадумовы стаць мабільным аператарам, але старт гэтай мабільнай гісторыі хацелася б пачаць з найбольш прагрэсіўнай сучаснай тэхналогіі 5G, — расказвае намеснік генеральнага дырэктара па камерцыйных пытаннях РУП «Белтэлекам» Сяргей Туромша. — Мы ўжо правялі тэставанне доследнай зоны 5G у дзвюх тэставых зонах — «Вялікім камені» і Капыльскім раёне. Спецыфіка «Белтэлекама» ў тым, што мы першыя ў Еўропе тэставалі гэтую мабільную тэхналогію ў нізкіх частотах (700 мегагерц). Мы прадэманстравалі, што 5G дазваляе ў сельскай мясцовасці, у малых населеных пунктах аказваць паслугі лічбавага тэлебачання, той жа інтэрнэт — там, дзе няма оптавалакна, як у горадзе. Наша галоўная ідэя — стаць аператарам 5G і стартаваць у гэтым сегменце.

Сярод карпаратыўных рашэнняў, якія могуць прымяняцца для бізнесу любога маштабу, «Белтэлекам» прадставіў дадатковы сэрвіс «Відэааналітыка» для паслугі «Відэакантроль». Новы модуль дазваляе ў рэжыме рэальнага часу аналізаваць даныя з усталяваных у карыстальніка камер відэаназірання. Таксама спецыялісты «Белтэлекама» дэманстравалі наведвальнікам рэсурсы сучаснага ТБ. У 2021 годзе кампанія мадэрнізавала і істотна пашырыла функцыянал тэлевізійнай платформы ZALA. Яшчэ адна навінка — фільмавыя пакеты паслуг «ЯСНА», створаныя ў супрацоўніцтве з вядомымі анлайн-кінатэатрамі іvі, MEGOGO і more.tv.

Яшчэ адной знакавай зонай экспазіцыі «Белтэлекам» стала ўніфікаваная сістэма кіравання, кантролю і ўліку інфармацыі інжынерных сістэм інтэлектуальных будынкаў — сучаснае рашэнне для ўліку спажывання камунальных рэсурсаў.

3D-маркі і «Паштоўкі дабра»

Стэнд РУП «Белпошта» таксама прадэманстраваў сучасныя паслугі і сэрвісы: магчымасці Нацыянальнай паштовай электроннай сістэмы і лічбавай авансавай сістэмы разліку для юрыдычных асоб, пашыраны функцыянал прылады «Мабільны паштальён». А таксама выпускі марак, выкананых у 3D-рэальнасці: спампоўваеце праграму, і малюнкі ажываюць. Напрыклад, можна ўбачыць старажытныя паштовыя маршруты або (у выпуску, прысвечаным 1000-годдзю Брэста) ліхтаршчыка, што запальвае старадаўні ліхтар.

Зрэшты, чым больш сучасны свет паглыбляецца ў лічбавыя тэхналогіі, тым прыцягальней для многіх становяцца папяровыя лісты і паштоўкі. На стэндзе РУП «Белпошта» кожны ахвотны мог падпісаць на адрас родных і блізкіх маляўнічыя паштовыя карткі з бясплатнай дастаўкай па Беларусі.

Аўтар: Аляксандра Анцэлевіч
Звязда, 3 чэрвеня 2021
 
Дата публикации:03.06.2021
Тематика:Бизнес, Беларусь
Просмотров:140
 
Ключевые слова:
TІBO-2021 5G Технологии Инновации Выставка
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме