https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Індывідуальнае жыллёвае будаўніцтва ў Беларусі ў апошнія гады набірае папулярнасць


Не сакрэт, што ў агульнай структуры ўведзенага ў эксплуатацыю новага жылля індывідуальныя дамы займаюць каля 40 %
А сёлета буйным будаўнічым прадпрыемствам сталі прапаноўваць больш актыўна развіваць комплексную індывідуальную жылую забудову. У Мінбудархітэктуры спадзяюцца, што гэты кірунак будзе развівацца і далей, заявіла на прэс-канферэнцыі начальнік аддзела жыллёвага будаўніцтва ўпраўлення жыллёвай палітыкі Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Кацярына Усянкова.

Больш за ўсё асобнага жылля пабудуюць у Мінскай, Брэсцкай і Гродзенскай абласцях

Нягледзячы ні на якія эканамічныя цяжкасці ў краіне, з году ў год захоўваецца павышаны попыт на індывідуальныя дамы. Многія людзі звяртаюцца па крэдыты, у іх ёсць жаданне будаваць або купляць такое жыллё.

Начальнік аддзела адзначыла, што летась у Беларусі ўведзена ў эксплуатацыю 4 мільёны 690 тысяч квадратных метраў агульнай плошчы жылля, з іх адзін мільён 770 тысяч — у індывідуальным выкананні (43 % ад агульнай колькасці ўведзенага ў эксплуатацыю жылля). З іх амаль 324 тысячы квадратных метраў было пабудавана ў Брэсцкай вобласці, больш за 118 тысяч — у Віцебскай, больш за 205 тысяч — у Гомельскай, звыш 165 тысяч — у Гродзенскай, амаль 790 тысяч — у Мінскай і больш за 131 тысячу квадратных метраў — у Магілёўскай вобласці. Звыш 37 тысяч «квадратаў» індывідуальнага жылля было ўзведзена ў 2019 годзе ў сталіцы.

На гэты год у краіне вызначана заданне пабудаваць чатыры мільёны квадратных метраў жылля, з іх адзін мільён 600 тысяч квадратных метраў індывідуальнага жылля (40 % ад агульнай колькасці).

Па словах прадстаўніка міністэрства, ёсць надзея, што асобныя вобласці могуць нават перавыканаць гэты план. Так, актыўна развіваецца індывідуальнае жыллёвае будаўніцтва ў Мінскай вобласці. Тут сёлета плануюць узвесці 700 тысяч квадратных метраў такога жылля. Далей у рэйтынгу ідуць Брэсцкая вобласць (300 тысяч «квадратаў») і Гродзеншчына (176 тысяч). Адзначаецца, што ў астатніх абласцях попыт ёсць, але ён не такі высокі.

— Мы спадзяёмся, што ў абласцях перавыканаюць даведзеныя заданні і пабудуюць яшчэ больш індывідуальных жылых дамоў, — удакладніла Кацярына Усянкова.

У сваім выступленні прадстаўнік Мінбудархітэктуры злёгку закранула тэму крэдытавання жылля для насельніцтва. Так, сёння ў гэтай галіне існуюць пэўныя праблемы. Крэдыты пад будаўніцтва або куплю нерухомасці не выдаюцца. Але, упэўнена Кацярына Усянкова, гэтыя абмежаванні часовыя. Акрамя таго, па тых дагаворах, якія ўжо дзейнічаюць, ніякіх прыпыненняў або зрываў не адзначаецца.

І пабудуюць жыллё роўнымі радамі...

Прадстаўнікі Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва падзяліліся планамі арганізаванай забудовы.

«У міністэрстве разлічваюць, што ў будучыні атрымае развіццё комплексная забудова, — кажа Кацярына Усянкова. — Такі спосаб дазваляе забудоўшчыку ўзяць не адзін-два зямельныя ўчасткі, а ахапіць сапраўды вялікую тэрыторыю».

Такія пляцоўкі забудоўваюць УКБ або домабудаўнічыя камбінаты, а пасля яны ж прапануюць грамадзянам набыць той ці іншы дом «пад ключ». Вядома, распрацоўшчыкі праекта мяркуюць, што гэта будуць не проста жылыя дамы, а забудоўшчык паклапоціцца і аб сацыяльнай інфраструктуры — дзіцячых садках, школах, гандлёвых аб`ектах. У ідэале такая забудова будзе комплекснай. Чакаецца, што ўжо сёлета будзе ўведзена ў эксплуатацыю 10 тысяч квадратных метраў такога жылля.

Напрыклад, масава будаваць індывідуальныя дамы дзеля далейшага продажу ўзяўся Салігорскі ДБК. «У перспектыве тэма індывідуальнага жыллёвага будаўніцтва для нашага прадпрыемства вельмі цікавая для рэалізацыі новых ідэй. Аднак пакуль мы робім толькі першыя крокі, — сказаў галоўны інжынер ААТ «Салігорскі домабудаўнічы камбінат» Дзмітрый Русакоў.

У гэтым годзе намаганнямі прадпрыемства ўведзены ў эксплуатацыю шэсць індывідуальных жылых дамоў для грамадзян, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Праекты былі распрацаваныя інстытутам «Салігорскпраект», які ўваходзіць у структуру домабудаўнічага камбіната.

Усяго прадпрыемства мае два варыянты праектаў дамоў, якія ўвялі ў эксплуатацыю ў Нясвіжскім раёне (пяць дамоў) і Салігорскім (адзін дом), — на 96 квадратных метраў і 128,8 квадратнага метра. Характэрна, што сабекошт будаўніцтва дома агульнай плошчай амаль 130 «квадратаў» з унутранымі інжынернымі сеткамі без аздаблення склаў 1086 рублёў за квадратны метр. За будаўніцтва ўсяго дома чаргавікам (па Указе № 240) прыйшлося заплаціць 140 тысяч рублёў.

Кошт будаўніцтва меншага дома агульнай плошчай 96 квадратных метраў склаў 1243 рублі за квадратны метр.

Дзмітрый Русакоў таксама расказаў, што прадпрыемства распрацоўвае схему комплекснай малапавярховай жылой забудовы, якая зойме 28 гектараў зямлі. Гэты праект з`яўляецца дастаткова перспектыўным, так як яго землі непасрэдна прымыкаюць да гарадскіх тэрыторый. Гэта азначае, што няма неабходнасці ўзводзіць дадатковыя дзіцячыя садкі і школы. З часам гэтую жылую забудову плануюць унесці ў межы горада. «Пакуль намі вядуцца перагаворы аб выдзяленні зямельнага ўчастка з Салігорскім райвыканкамам, але ў выніку спадзяёмся рэалізаваць праект, — удакладніў галоўны інжынер домабудаўнічага камбіната.

«Індывідуалцы» загадана расці хутчэй

Што датычыцца планаў на наступны год, то, па словах Кацярыны Усянковай, аб`ёмы індывідуальнага жыллёвага будаўніцтва памяншацца не будуць. «Мы прапануем абласцям пабудаваць у наступным годзе каля 1,8 мільёна квадратных метраў індывідуальнага жылля, сюды ўвойдуць і аб`ёмы комплекснай забудовы. Прапрацоўваецца таксама пытанне па давядзенні павышанага задання на 2021 год агульнага ўводу жылля ў памеры 4,1 мільёна квадратных метраў, але гэтыя заданні будуць яшчэ зацвярджацца ўрадам. Ужо вядзецца прапрацоўка пытання з аблвыканкамамі, і меркаванне чыноўнікаў на месцах будзе ўлічвацца. Пакуль урад не зацвердзіў гэтыя планы, але прадстаўнікі Мінбудархітэктуры ўпэўненыя: будаўніцтва — лакаматыў эканомікі, і жыллёвы сектар здольны ёй сур`ёзна дапамагчы.

Дом «навыраст» і дом-канструктар

Праектны інстытут «НікаПраект» у сферы індывідуальнага жыллёвага будаўніцтва працуе як з дзяржаўнымі, так і з прыватнымі заказчыкамі. Галоўны архітэктар прадпрыемства Дзяніс Кульгавы расказаў, што інстытут, у прыватнасці, распрацоўвае цікавы праект пад назвай «Дом навыраст». Калі маладая сям`я на дадзеным этапе не жадае/не можа будаваць больш габарытнае жыллё, ёй прапануецца ўзвесці такое жыллё, якое з цягам часу магчыма без праблем мадэрнізаваць.

«Мы прапануем чалавеку пабудаваць дом плошчай 96 квадратных метраў з магчымасцю ў любы час надбудаваць другі мансардны паверх. Дабудоўваць дадатковы паверх можна нават праз 5 або 10 гадоў. Акрамя дома, праектам прадугледжана будаўніцтва гаспадарчых пабудоў і двух парковачных месцаў», — удакладніў Дзяніс Кульгавы.

У адным з дадатковых кірункаў дзейнасці РУП «Завод газетнай паперы» спецыялізуецца на драўляным домабудаванні (выключна). Гэта каркасна-панэльныя, фахферкавыя дамы і дамы з клеенага бруса.

У мінулым годзе асобная вытворчасць завода вырабіла і экспартавала 25 домакамплектаў у Францыю, Японію і іншыя краіны. У цяперашні час заказы, выкананыя прадпрыемствам у сакавіку, на жаль, яшчэ не адгружаныя ў Славакію і Данію. Гэта звязана з тым, што спецыялісты завода аказваюць паслугі і па мантажы сваіх дамоў. А ім уезд у краіны ЕС забаронены. «Каранцін прадоўжаны да кастрычніка гэтага года, — паведаміў намеснік дырэктара па капітальным будаўніцтве завода Аляксей Малчанаў. — Таму нам прыйшлося пераарыентавацца на ўнутраны рынак».

Сёння завод прапануе тыпавы праект агульнай плошчай 90 квадратных метраў з магчымасцю надбудовы мансарднага паверха да 150 квадратных метраў.

Таксама рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства працуе па Указе № 240 і будуе дамы для грамадзян, якія маюць патрэбу ў жыллі. У цяперашні час кошт будаўніцтва дома плошчай 151 квадратны метр з гаспадарчымі пабудовамі, інжынернай інфраструктурай, абсталяваннем, унутраным і вонкавым аздабленнем складае 1680 рублёў за квадратны метр, або прыкладна 253 тысячы рублёў за аб`ект. Дом атрымліваецца цалкам драўляны, утульны і цёплы. Але дарагі. Такое жыллё прапанавана чаргавікам у Шклоўскім раёне. Будаўніцтва драўлянага дома «пад ключ» займае паўтара месяца.

Акрамя таго, прадпрыемства вырабляе і пастаўляе домакамплекты для сельскагаспадарчых арганізацый Віцебскай вобласці. Праект быў распрацаваны на 150 дамоў, але з-за праблем з фінансаваннем да канца гэтага года прадугледжана пабудаваць і ўвесці ў эксплуатацыю 27 дамоў.

Сумесна з Інстытутам «Магілёўжылпраект» заводам распрацоўваецца і пілотны праект 8-кватэрнага жылога дома з каркасна-драўляных канструкцый. Але драўляны блочны дом гэтага праекта на сённяшні дзень мае вельмі вялікі каштарысны кошт. Зараз спецыялісты завода працуюць над патанненнем сабекошту будаўніцтва.

«Хочам зрабіць таннейшым такое будаўніцтва, таму будзем працаваць з іншымі праектнымі інстытутамі. Наша задача — у наступным годзе ўсё ж рэалізаваць праект, тым больш што ДБК прапануюць мінімум 40-кватэрныя дамы, а ў нас атрымаецца стварыць хуткаўзведзенае жыллё для чатырох ці васьмі сем`яў, — адзначыў Аляксей Малчанаў. Па яго словах, мантаж камплекта дома на гатовы падмурак займае каля васьмі рабочых дзён.

Многія звяртаюцца на прадпрыемства, каб не толькі купіць дом для жылля, але і набыць пабудову для дачы. Сярэдні дом плошчай 60 квадратных метраў без мантажу, вокнаў і дзвярэй — свайго роду зборны канструктар — каштуе 300—350 рублёў за «квадрат». Мантаж — 25—30 % ад кошту ўсяго аб`екта.

Аўтар: Сяргей Куркач
Звязда, 23 верасня 2020
 
Дата публикации:23.09.2020
Тематика:Бизнес, Беларусь
Просмотров:367
 
Ключевые слова:
Жильё в Беларуси Индивидуальное строительство
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме