https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Без чаргі і за лічаныя хвіліны. Як здаюць экспрэс-тэст на каранавірус


З мінулага тыдня экспрэс-тэставанне на COVІD-19 даступнае ў многіх паліклініках Беларусі, у тым ліку і ў невялікіх гарадках і пасёлках гарадскога тыпу.
Яно платнае і каштуе для беларусаў у сярэднім 18—22 рублі ($7,3-9,2). Усё проста: папярэдні запіс па тэлефоне ў любой тэрытарыяльна зручнай паліклініцы (за дзень да аналізу), аплата, здача крыві — і праз некалькі гадзін гатовы вынік. Іншая рэч, што калі вы перахварэлі даўно (месяц і больш таму), антыцелы могуць не захавацца ці ўвогуле не выпрацавацца, калі хварэлі ў лёгкай форме. Таму ў большасці з тых, хто цяпер правяраецца, антыцел не выяўляюць.

Штосьці падобнае да каранавіруса — з тэмпературай і болем у горле — я перанесла месяц таму, і хоць шанцаў выявіць антыцелы няшмат, цікава ўсё ж дакладна ведаць свой «статус». Па тэлефоне ў рэгістратуры 11-й гарадской паліклінікі Мінска мяне запісваюць на наступны дзень, на 11.40, папярэджваюць, што варта прыйсці нашча і з пашпартам. У азначаны час накіроўваюся ў касу для аплаты. Прапануюць падпісаць стандартную дамову на платныя паслугі, аплачваю 21 рубель 77 капеек і атрымліваю накіраванне на аналіз пад парадкавым нумарам 13. Менавіта столькі чалавек у гэты дзень вырашылі праверыцца тут на COVІD-19. У працэдурным кабінеце чаргі няма, забор крыві з вены займае лічаныя хвіліны — і ўсё, застаецца чакаць вынік.

Менавіта такі экспрэс-тэст у бюджэтных медыцынскіх установах робіцца кантактам першага ўзроўню, а таксама тым, хто атрымаў станоўчы ПЦР-тэст і знаходзіцца пад медыцынскім назіраннем ці лечыцца. Цяпер магчымасць праверыцца на платнай аснове ёсць ва ўсіх ахвотных.

— Людзям цікава ведаць, хварэлі яны на каранавірус ці не, — расказвае ўрач лабараторнай дыягностыкі, загадчык клініка-дыягнастычнай лабараторыі 11-й гарадской паліклінікі Вікторыя Сачак. — На экспрэс-тэставанне прыходзяць людзі розных узростаў, найперш тыя, хто сочыць за сваім здароўем ці баіцца гэтай інфекцыі. Абследуюцца і тыя, хто едзе за мяжу, — проста для сябе. Як правіла, калі чалавек моцна хварэе, тэст будзе станоўчы. А пры лёгкай форме антыцел можа не быць.

Мінчанка Маргарыта вырашыла зрабіць тэст якраз перад паездкай на адпачынак — менавіта для ўласнага заспакаення, што за мяжой яе стан здароўя не пагоршыцца і не спатрэбіцца медыцынская дапамога. А вось малады чалавек, які прадставіўся Аляксандрам, кажа, што хоча праверыцца, бо некалькі дзён таму ўвечары ў яго паднялася тэмпература да 38,5, трымалася да раніцы, праз дзень зноў павысілася да 37,5.

— Вырашыў праверыцца для ўпэўненасці — хварэю ці не. Днём адчуваю сябе нармальна, тэмпературы няма, урач нават бальнічны, напэўна, не дасць, але адкуль гэта тэмпература ўвечары, не зразумела, — разважае малады чалавек.

Кожны дзень у паліклініцы каля 15—20 ахвотных здаюць экспрэс-тэст. Станоўчым ён аказваецца дзесьці ў дваіх з 15.

— Як правіла, першымі выпра-цоўваюцца імунаглабуліны М — у самым пачатку імуннага адказу арганізма. Гэта азначае, што чалавек у цяперашні момант хварэе, — тлумачыць Вікторыя Сачак. — Часта сустракаюцца імунаглабуліны М і G. Гэта пераходная фаза, калі М слабеюць і пачынаюць праяўляцца G — познія антыцелы. Як правіла, гэта адбываецца на 12—20-ы дзень хваробы. Імунаглабуліны G удзельнічаюць у нейтралізацыі вірусных таксінаў, і іх наяўнасць азначае, што чалавек перахварэў. Дарэчы, «злавіць» толькі імунаглабуліны G вельмі складана. І не ва ўсіх яны ёсць, бо далёка не ва ўсіх выпрацоўваюцца антыцелы.

Калі імунаглабуліны G усё ж выяўляюцца, інфармацыя пра такога пацыента паступае ў тэрытарыяльны цэнтр трансфузіялогіі. Там займаюцца нарыхтоўкай плазмы з антыцеламі, якая выкарыстоўваецца ў нас для лячэння цяжкіх хворых. Патэнцыйнаму донару патэлефануюць і прапануюць здаць кроў.

Экспрэс-тэсты, якія выкарыстоўваюць цяпер, кітайскай вытворчасці. Спецыялісты кажуць, што яны зручнейшыя, чым папярэднія. Тыя паказвалі сумарны ўзровень антыцел M і G, і было складана вызначыць, хварэе чалавек ці ўжо перахварэў. Лепш, калі відаць этапы захворвання.

Калі экспрэс-тэст выяўляе імунаглабуліны М, інфармацыя пра хворага паступае ў тэрытарыяльны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі, таксама ў паліклініку па месцы жыхарства пацыента. Гэта значыць, што такога пацыента возьмуць на кантроль. І, безумоўна, адразу інфармуюць самога хворага. Калі хвароба ў пераходнай стадыі (прысутнічаюць імунаглабуліны M+G), то пацыента накіроўваюць да інфекцыяніста і дзейнічаюць у залежнасці ад наяўнасці сімптомаў.

Справа ў тым, што нават калі тэст станоўчы, сімптомы назіраюцца далёка не ва ўсіх. Вікторыя Сачак згадвае: на піку захваральнасці каля 70 % кантактаў першага ўзроўню мелі станоўчыя тэсты, пры гэтым далёка не ўсе мелі адпаведныя сімптомы. Дарэчы, калі раней кантактныя групы паліклінікі, якія працуюць з хворымі на COVІD-19, рабілі па тры дзясяткі тэстаў штодзень, то цяпер іх менш за дзясятак.

Для выканання экспрэс-тэста ў пацыента бяруць, як правіла, вянозную кроў. Можна і з пальца, але ў такім выпадку дакладнасць тэста не такая высокая, таму так робяць толькі ў экстранных выпадках.

З крыві атрымліваюць сываратку ці плазму і наносяць яе на тэст-палоскі. Дастаткова 15 хвілін, і вынік гатовы. Праўда, гэтаму папярэднічаюць рэгістрацыя тэста і тое, што спецыялісты называюць пробападрыхтоўкай. Таму забор крыві праводзіцца з 8 да 12 гадзін, а пра вынік можна даведацца пасля 14.

Мой чакана аказваецца адмоўным. Гэта азначае, што на працягу некалькіх апошніх тыдняў я не хварэла на каранавірус (і значыць, тэарэтычна маю ўсе шанцы захварэць).

Алена Кравец
Звязда, 4 жніўня 2020
 
Дата публикации:04.08.2020
Тематика:Бизнес, Беларусь
Просмотров:272
 
Ключевые слова:
Эпидемия Тест-система Коронавирус Платные услуги Диагностика Лечение в Беларуси
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме