https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 





Найти
 
 


У Міністэрстве аховы здароўя расказалі, на колькі знізяцца цэны на стаматалагічныя паслугі


У Беларусі цэны на стаматалагічныя паслугі ў шэрагу выпадкаў знізяцца амаль на 50 працэнтаў, паведамілі ў Міністэрстве аховы здароўя, каментуючы ведамасную пастанову, якой устаноўлены гранічныя максімальныя тарыфы на гэтыя віды паслуг.
У адпаведнасці з названай пастановай, Міністэрствам аховы здароўя было прынята рашэнне па пашырэнні цэнавага рэгулявання на стаматалагічныя паслугі. Калі раней рэгуляваліся артапедычныя, зубатэхнічныя паслугі і прамянёвая дыягностыка, то цяпер уведзена рэгуляванне яшчэ на тэрапеўтычныя, хірургічныя і артадантычныя паслугі. Гэта значыць вызначаны аптымальныя справядлівыя цэны на ўсе віды стаматалагічных паслуг - яны будуць уведзены ў бліжэйшы час ва ўсіх установах аховы здароўя краіны (як дзяржаўным, так і прыватным сектары).

Як адзначылі ў міністэрстве, у дзяржаўных установах аховы здароўя традыцыйна тарыфы сфарміраваны на больш нізкім узроўні. Разам з тым аналіз, праведзены экспертамі, паказвае, што знізяцца і дзеючыя тарыфы ў недзяржаўных клініках. Так, пасля ўступлення ў сілу пастановы такая паслуга, як выдаленне малочнага зуба, у сярэднім стане таннейшай на 33 працэнты (было Br127, стане Br85,6), складанае выдаленне - на 42 працэнты (было Br479, стане Br278), лячэнне сярэдняга карыесу - на 47 працэнтаў (было Br163, стане Br86,4).

Начальнік упраўлення прадпрымальніцкай дзейнасці, цэнаўтварэння і дзяржаўнай маёмасці Міністэрства аховы здароўя Дзмітрый Калістратаў у размове з журналістамі растлумачыў прычыну прыняцця гэтай пастановы. Паводле яго слоў, кантрольнымі мерапрыемствамі ўпаўнаважаных органаў былі ўстаноўлены факты неабгрунтаванага завышэння цэн на стаматалагічныя паслугі, факты неабгрунтаванага атрымання даходаў і вываду гэтых сродкаў за межы рэспублікі.

"У сувязі з гэтым Міністэрства аховы здароўя было ўпаўнаважана на ўзмацненне рэгулявання цэн на стаматалагічныя паслугі. Такім чынам, былі распрацаваны гранічныя максімальныя тарыфы на ўвесь спектр стаматалагічных паслуг, якія зацверджаны пастановай Міністэрства аховы здароўя", - сказаў ён. Паводле слоў Дзмітрыя Калістратава, пастанова будзе накіравана ў першую чаргу на павышэнне даступнасці медыцынскіх паслуг для насельніцтва рэспублікі.

Урэшце, не толькі за кошт цэнавай палітыкі складваецца эканоміка арганізацый камерцыйнага сектара, заўважыў ён. "Неабходна будзе вярнуцца да пытання зніжэння ўзроўню затрат на аказанне медыцынскіх паслуг у стаматалогіі. Таксама мы разлічваем, што камерцыйны сектар будзе арыентаваны на экспартнае развіццё: пастанова не будзе распаўсюджвацца на замежных грамадзян", - дадаў ён.

У працяг тэмы галоўны пазаштатны стаматолаг Міністэрства аховы здароўя, рэктар БДМУ Сяргей Рубніковіч расказаў, што на працягу апошняга года зроблена шмат у плане ўдасканалення і самой стаматалагічнай службы, і нарматыўных дакументаў, якія рэгламентуюць работу ўрачоў-спецыялістаў рознага профілю - і тэрапеўтычнага, і хірургічнага, і артапедычнага, і артадантычнага. У прыватнасці, выдадзена больш за 100 новых клінічных пратаколаў, якія рэгламентуюць работу ўсіх урачоў-спецыялістаў. Абнаўленне клінічных пратаколаў пасадзейнічала таму, што перагледжаны нормы часу на аказанне стаматалагічных паслуг і нормы расходаў на стаматалагічныя матэрыялы, пракаментаваў ён.

Разам з тым кожны грамадзянін краіны мае магчымасць атрымаць гарантаваную якасную стаматалагічную дапамогу на бюджэтнай аснове, дадала галоўны ўрач Універсітэцкай стаматалагічнай клінікі Аксана Корзун.

"Тэрапеўтычная, хірургічная, артадантычная дапамога даступна ўсім жыхарам краіны на бясплатнай аснове", - сказала яна. Аксана Корзун заўважыла, што ў жыхароў Беларусі запатрабаваны абсалютна ўсе паслугі. Экстранная дапамога грамадзянам аказваецца ў дзень звароту, без запісу, без папярэдняга званка, без заказу талона.

21 лістапада 2023, Мінск
БЕЛТА
 
Дата публикации:21.11.2023
Тематика:Бизнес, Беларусь
Просмотров:134
 
Ключевые слова:
Ценообразование Стоматология Лечение в Беларуси
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме