Рост заработнай платы на беларускім рынку працы паскараецца, канстатуюць эксперты Еўразійскага банка развіцця (ЕАБР) у чарговым аглядзе.
Аўтары агляду звярнулі ўвагу, што рэальны заробак у лютым павялічыўся на 13,7% у гадавым выражэнні пасля 11,8% у студзені.
"Рост зарплат адбываецца на фоне павышанага попыту на рабочую сілу, пры скарачэнні колькасці занятых у эканоміцы (–1% год да года ў лютым)", - адзначылі аналітыкі ЕАБР.
Яны мяркуюць, што высокі рост заробкаў будзе заставацца праінфляцыйным фактарам. Пры гэтым пакуль што тэмпы росту цэн запавольваюцца. Індэкс спажывецкіх цэн на тавары і паслугі ў лютым у параўнанні са студзенем у Беларусі склаў 0,9%, а са снежнем мінулага года – 1,7%. Гадавы ўзровень інфляцыі ў студзені быў 5,9%, а ў лютым – 5,6%.
Цэны на прадукты харчавання за люты павялічыліся на 0,5%, а ў параўнанні са снежнем 2023 года – на 1,8%. Больш за ўсё падаражэлі алкагольныя напоі – 2,1% і макаронныя вырабы – 2%. Пры гэтым алей стаў таннейшы на 1,6%.
На гэтым фоне бізнес-саюзы заяўляюць аб дэфіцыце рабочай сілы ў гандлі. У прыватнасці, не так даўно пра гэта казаў сустаршыня, дырэктар Мінскага сталічнага саюза прадпрымальнікаў і работададаўцаў Віктар Маргелаў. Ён звярнуў увагу, што дэфіцыт кадраў назіраецца паралельна са скарачэннем насельніцтва.
Маргелаў згодзен, што дэпапуляцыя ёсць і ў іншых краінах Еўропы. Пры гэтым у Беларусі адбываецца яшчэ і адток насельніцтва, асабліва з малых гарадоў і сельскай мясцовасці.
"У нас у рэгіёнах прадаўцы сёння атрымліваюць 700-800 рублёў. У сельскай мясцовасці ўсё яшчэ больш складана...", - падкрэсліў кіраўнік бізнес-саюза.