Каб стаць удзельнікам, трэба да 17 мая падаць заяўку, суправадзіўшы яе расказам пра тое, якія экалагічныя практыкі выкарыстоўваюцца пры вядзенні сельскай гаспадаркі і як зніжаецца нагрузка на навакольнае асяроддзе.
З аднаго боку, арганізатары хацелі б заахвоціць вытворцаў, якія імкнуцца зніжаць сваю нагрузку на навакольнае асяроддзе, з другога - гэта рэальная магчымасць атрымаць грашовую падтрымку, якая ў гэтым годзе як ніколі важная.
"Мы цэнім вытворцаў, якія імкнуцца прасоўваць перадавыя практыкі ў сваёй сферы: не толькі вырошчваюць прадукцыю, але і, рэальна ацэньваючы наступствы сваёй дзейнасці, імкнуцца зніжаць негатыўнае ўздзеянне на навакольнае асяроддзе, - тлумачыць спецыяліст па арганічнай сельскай гаспадарцы Цэнтра экалагічных рашэнняў Любамір Клепач. - Разумеем, што гэты год выдаўся асабліва складаным. Асенне-зімовы перыяд быў рэкордна цёплым, амаль не было снегу, што можа знізіць ураджайнасць. Акрамя неспрыяльных прыродна-кліматычных умоў свой уклад у фінансавую ўстойлівасць сельгаспрадпрыемстваў уносіць і пандэмія каранавірусу, асабліва ўразлівыя сярэднія і дробныя вытворцы. Нам вельмі хацелася б іх падтрымаць".
У конкурсе могуць удзельнічаць прадстаўнікі фермерскіх і іншых невялікіх сельскагаспадарчых вытворчасцей, якія знаходзяцца ў зоне вадазбору Балтыйскага мора ў Беларусі (Гродзенская, Віцебская і частка Мінскай і Брэсцкай абласцей). Больш падрабязныя ўмовы ўдзелу, а таксама заяўку можна знайсці на сайце арганізатараў https://ecoidea.by/ru/article/4427.
Надзея Нікалаева
Звязда, 4 траўня 2020
Звязда, 4 траўня 2020