https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Арэнда жылля ў Беларусі - прагнозы


Спецыялісты лічаць, што ў летні сезон магчымы грандыёзны абвал рынку доўгачасовай арэнды.
Пакуль назіраем рост

Аднак аж да першых дзён вясны цэны на арэнду жылля ў Мінску працягвалі расці, а за год яны падняліся прыблізна на 10 %, лічыць аналітык гэтага рынку Арцём Сахарэвіч. На яго думку, люты адзначыўся даволі сціплым узроўнем попыту — актыўнасць па пошуку здымнага жылля ў галоўным горадзе краіны знізілася па выніках месяца на 16 %. Хутчэй за ўсё, попыт будзе заставацца на бягучым узроўні аж да канца вясны.

Агульная прапанова вырасла ў лютым на 1,1 %. Актыўней за ўсё база аб`ектаў папаўнялася аднапакаёвымі кватэрамі (+3,6 %). Усяго для засялення ў мінулым месяцы прапаноўвалася каля 2,9 тысячы кватэр.

Але калі капнуць статыстыку глыбей, то рэаліі здадуцца не такімі і светлымі. Так, у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года выбар на рынку доўгатэрміновай арэнды жылля скараціўся на 3,2 %. А таму, нягледзячы на рост курса долара, а таксама адсутнасць павышанага попыту, дынаміка цэн на арэнду кватэр у сталіцы была станоўчая.

На канец месяца сярэдняя цана арэнды аднапакаёвых кватэр у Мінску прыплюсавала 2,2 % і складала 284 долары, двухпакаёвыя кватэры падаражэлі на сціплыя 0,8 % (368 долараў), а трохпакаёвыя вырваліся на рост у 3,5 % (476 долараў).

За апошнія 12 месяцаў цэны на арэнду кватэр у Мінску выраслі на 9,2—13,9 % у залежнасці ад іх тыпу. У мінулыя гады рынак арэнды жылля чуйна рэагаваў на курсавыя ваганні. Сакавіцкі скачок курса стаў адным з самых адчувальных за апошнія гады, таму не выключана, што па выніках першага вясновага месяца ў дынаміцы цэн на арэнду жылля намеціцца пералом, лічыць Арцём Сахарэвіч.

Вірус ударыць мацней за ўсё?

Эпідэмія каранавіруса паўплывала на сітуацыю, хоць і апасродкавана. Абмежаваны паветраныя зносіны, самі людзі не хочуць нікуды ехаць. У гэты час турызм б`ецца ў канвульсіях, і калі гэта скончыцца, ніхто не ведае. Усё гэта пагражае знікненнем цэлай падгрупы рынку нерухомасці.

Напрыклад, наш эксперт Мікалай Прасталупаў, ганаровы старшыня Беларускай асацыяцыі «Нерухомасць» лічыць, што 85 % бескватэрнага насельніцтва сталіцы ўжо даўно выбралі сабе адэкватнае жыллё, у тым ліку па бюджэтных цэнах. У статыстыцы засталіся толькі дарагія кватэры. Яны, як правіла, з добрым рамонтам, але і з завышаным цэннікам. Акрамя таго, трэба ўлічваць складаную абстаноўку, якая назіраецца на рынку кароткатэрміновай арэнды: кватэры на суткі ў пашане ў турыстаў, якіх цяпер амаль няма. Калі ўладальнікі «сутачных» кватэр пачнуць масава пераходзіць на доўгатэрміновую арэнду, магчымы грандыёзны абвал усяго рынку, бо прапанова значна перавысіць попыт.

Гэты бізнес на мяжы банкруцтва

Кіраўнік аддзела кароткатэрміновай арэнды нерухомасці сталічнага агенцтва Сяргей Івашкевіч на адным з рэсурсаў расказаў аб катастрофе, якую ўжо зараз перажывае рынак.

Штогод люты-сакавік для бізнесменаў у сегменце кароткатэрміновай арэнды характарызаваўся паніжаным попытам, задача ў гэты перыяд — пратрымацца на плаве і выйсці ў нуль, а зарабіць ужо ў сезон. Аднак гэты год пойдзе па іншым сцэнарыі.

З пачатку сакавіка падарожнікі пачалі адмяняць браніраванне апартаментаў. Прычым не толькі госці з Кітая і краін, дзе былі зафіксаваны ачагі эпідэміі, але і з іншых краін свету. Да сярэдзіны месяца тэндэнцыя ўжо мае масавы характар — на сёння да 80 % броні адменена. З улікам рэалій многія прадпрымальнікі задумваюцца, як пазбегнуць сур`ёзных страт. Калі эпідэмія пойдзе на спад, ніхто не ведае. Але калі так працягнецца і далей, то галіну чакаюць сур`ёзныя наступствы.

Па звестках эксперта, многія апартаменты стаяць пустыя з 1 сакавіка, а значыць, прадпрымальнікі скончаць месяц у мінусе. Ужо цяпер яны не могуць пакрыць выдаткі на арэнду, падаткі, рэкламу, клінінг і іншае, а значыць, церпяць страты. Бізнес заціх, і пазітыўных перадумоў пакуль, на жаль, не відаць. Ілюстрацыяй сказанага можа служыць ліст кліента з Еўропы, які напісаў: «Выбачайце, прыляцець не магу. Самі разумееце, якая сітуацыя».

Бурны май адмяняецца

У сегменце кароткатэрміновай арэнды няма ажыятажу нават на майскія святы. Попыт на кватэры на суткі ў сталіцы практычна нулявы. А гэта ўжо сур`ёзны званочак для рынку. Людзі баяцца ўносіць хоць нейкую перадаплату, таму што няма ўпэўненасці ў паездцы. Пакуль назіраецца адзінкавы попыт на святы, але гарантый, што нават гэтыя госці прыедуць, — няма.

Спецыяліст лічыць, што гэта не проста ўзрушэнне, а катастрофа. Нічога падобнага рынак яшчэ не перажываў. Калі ў 2014 годзе падчас крызісу бізнесменам давялося моцна ўціснуць цэны, каб прыцягнуць гасцей, то сёння не дапаможа і гэта.

Многія ўласнікі кватэр ідуць насустрач прадпрымальнікам, змякчаючы ўмовы арэнды. Кожны разумее, што зарабіць у такой сітуацыі практычна немагчыма. Уціснуліся ўсе — і арэндадаўцы, і субарандатары. У нашай краіне ў апошнія гады высокая канкурэнцыя ў сегменце кароткатэрміновай арэнды, прапанова перавышае попыт, і калі ў сувязі з эпідэміяй попыту не будзе і ў сезон, то многія прадпрымальнікі будуць вымушаныя адмовіцца ад арэндных кватэр, каб пазбегнуць грашовых страт. Рынак арэнды жылля перанасыціцца, што, натуральна, прывядзе да падзення цаны на любое жыллё. Ці будзе гэта насамрэч — пакажа час...

Муніцыпальнае арэнднае жыллё будуецца ў асноўным за грошы мясцовых бюджэтаў

Як паведамляе прэс-служба Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва, у нашай краіне сёлета плануецца пабудаваць 135 тысяч квадратных метраў арэнднага жылля.

З іх за кошт сродкаў мясцовых бюджэтаў мяркуецца ўвесці ў эксплуатацыю больш за 91 тысячу «квадратаў», а таксама больш за 43 тысячы квадратных метраў — за кошт сродкаў суб`ектаў гаспадарання.

Міністэрствам запланавана, што больш за ўсё арэндных дамоў з`явіцца ў Мінскай вобласці (30,5 тысячы квадратных метраў). У Брэсцкай вобласці сёлета будзе пабудавана 25,4 тысячы квадратных метраў арэнднага жылля, у Мінску — 22,3 тысячы «квадратаў», Гомельскай вобласці — 16,3 тысячы, Магілёўскай — 14,84 тысячы, Гродзенскай — 13,88 тысячы, Віцебскай — 11,78 тысячы «квадратаў». Варта адзначыць, што летась у краіне было ўведзена амаль 140 тысяч квадратных метраў арэнднага жылля.

На думку спецыялістаў Мінбудархітэктуры, найбольшай папулярнасцю ў кліентаў арэнднага жылля традыцыйна карыстаюцца невялікія адна- і двухпакаёвыя кватэры. Плата за карыстанне такім жыллём збіраецца на адпаведных рахунках і накіроўваецца на будаўніцтва новых арэндных дамоў.

Аўтар: Сяргей Куркач
Звязда, 17 сакавіка 2020
 
Дата публикации:17.03.2020
Тематика:Бизнес, Беларусь
Просмотров:141
 
Ключевые слова:
Жильё в Беларуси Аренда Прогноз Недвижимость Коронавирус Эпидемия
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме