https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 





Найти
 
 


У Мінску ў стадыі будаўніцтва знаходзіцца 113 шматкватэрных жылых дамоў агульнай плошчай 1,2 мільёна квадратных метраў


Пра гэта расказала старшыня камітэта будаўніцтва і інвестыцый Мінгарвыканкама Ірына Гонтарава.
У сталіцы ўзводзіцца больш за сотню жылых дамоў. Галоўная ўвага — шматдзетным сем`ям

Жыллё будуюць як камунальныя прадпрыемствы горада, так і камерцыйныя забудоўшчыкі. Узвядзеннем 37 аб`ектаў плошчай 386,4 тысячы квадратных метраў (32 % ад агульнага аб`ёму жыллёвага будаўніцтва) займаюцца камунальнікі, на долю другіх забудоўшчыкаў прыпадае 76 аб`ектаў плошчай 827,6 тысячы «квадратаў».

Старшыня камітэта адзначыла, што найбуйнейшым камерцыйным забудоўшчыкам на тэрыторыі горада застаецца арганізацыя, якая ажыццяўляе будаўніцтва жылога комплексу Mіnsk World. Яго доля ў агульным аб`ёме складае каля 44 %. Цяпер у жылым комплексе ў стадыі будаўніцтва знаходзіцца 47 шматкватэрных дамоў агульнай плошчай амаль паўмільёна квадратных метраў. Да канца года плануецца ўвесці ў эксплуатацыю 200 тысяч квадратных метраў жылля.

Яшчэ адзін буйны праект — «Паўночны бераг». У складзе шматфункцыянальнага жылога комплексу плануецца пабудаваць каля 5 мільёнаў квадратных метраў жылля. Зараз праект знаходзіцца на пачатковай стадыі рэалізацыі. Замежны інвестар сёлета ўжо ўвёў у эксплуатацыю парк каля вадасховішча. Разгорнута будаўніцтва чатырох жылых дамоў (каля 20 тысяч квадратных метраў) і выставачнага цэнтра. Рэалізацыя праекта прадугледжвае агульную забудову да 2040 года. Ірына Гонтарава звярнула ўвагу, што найбольш маштабнае будаўніцтва ідзе цяпер у Кастрычніцкім раёне, працягваецца забудова і Маскоўскага раёна.

Варыянты для чаргавікоў

Найбольшая колькасць жылля для грамадзян, якія стаяць на ўліку тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, у тым ліку для шматдзетных сем`яў, цяпер узводзіцца ў мікрараёне Лошыца. Забудова праходзіць таксама ў межах вуліц Ангарская — Магнітная, Карвата — Геалагічная, Лагойскага тракта — вуліц Валгаградскай, вуліц Шаранговіча — Гарэцкага і вуліцы Выгоцкага. Паводле прыведзеных аператыўных звестак, сёлета ў Мінску з задання 760 тысяч квадратных метраў жылля ўведзена ў эксплуатацыю больш за 426 тысяч квадратных метраў. З іх каля 100 тысяч «квадратаў» пабудавана для грамадзян, якія стаяць на ўліку тых, хто мае патрэбу.

У сталіцы пабудавана 958 кватэр для 872 шматдзетных сем`яў. Да канца года забудоўшчыкі плануюць забяспечыць новымі жылымі памяшканнямі 1050 шматдзетных сем`яў. У планах таксама ўвесці ў эксплуатацыю чарговы электрадом на 75 кватэр у квартале вуліц Грушаўская — завулак Разінскі — вуліца Разінская.

Асаблівую ўвагу старшыня камітэта будаўніцтва і інвестыцый Мінгарвыканкама звярнула на будаўніцтва арэнднага жылля. Яна распавяла, што частка кватэр ва ўведзеным жылым доме ў межах вуліц Шаранговіча — Гарэцкага будавалася за кошт уласных сродкаў аднаго са сталічных прадпрыемстваў. Заказчыкам праекта выступала УКБ Фрунзенскага раёна. Кватэры будуць аддавацца ў арэнднае карыстанне работнікам прадпрыемстваў, кіраўніцтва якіх спадзяецца, што камфортныя жыллёвыя ўмовы будуць спрыяць замацаванню на першым працоўным месцы высокакваліфікаваных маладых спецыялістаў. Ірына Гонтарава заўважыла, што калі праект акажацца паспяховым, ён атрымае падтрымку гарадскіх улад і будзе працягнуты, магчыма, у некалькі іншым выглядзе.

Шэраг перспектыўных пляцовак для будаўніцтва ўжо вызначаны ў Мінску. Імі будуць займацца раённыя УКБ, УКБ Мінгарвыканкама і ДВА «Мінскбуд». «Гэта дастаткова моцныя прадпрыемствы, асноўная задача якіх — рэалізацыя дзяржаўных праграм. Яны ў большасці сваёй задзейнічаны ў будаўніцтве сацыяльнага жылля для шматдзетных сем`яў, дзяцей-сірот і інвалідаў», — удакладніла старшыня камітэта будаўніцтва і інвестыцый Мінгарвыканкама.

Жыллё ў Мінску і яго гарадах-спадарожніках практычна на 100 % узводзіцца ў энергаэфектыўным выкананні, з прымяненнем новых тэхналогій. У якасці прыкладу Ірына Гонтарава прывяла жылую забудову ў Смалявічах з выкарыстаннем новых каляровых і праектных рашэнняў у частцы ўваходных груп дамоў.

Стальныя каркасы

Як адзначыў намеснік генеральнага дырэктара ДВА «Мінскбуд» Аляксандр Яцко, адной з галоўных перспектыў індывідуальнага жыллёвага будаўніцтва, выступае прадукцыя новай прамысловай вытворчасці на базе Мінскага гарадскога тэхнапарка. Так, адна з расійскіх кампаній з удзелам УКБ Мінгарвыканкама і «Мінскбуда» плануе выпуск лёгкіх сталёвых танкасценных канструкцый (ЛСТК), якія дазволяць у самыя кароткія тэрміны ў заводскіх умовах збіраць нарыхтоўкі для каркаса любога будынка і збудавання.

«З дапамогай гэтых канструкцый на будаўнічай пляцоўцы мы зможам у мінімальны тэрмін з мінімальнымі «мокрымі» працэсамі завяршаць будаўнічыя каркасы будынка. У сувязі з гэтым мы бачым далейшае развіццё індывідуальнага жыллёвага будаўніцтва менавіта ў гэтых канструкцыях», — адзначыў намеснік генеральнага дырэктара ДВА «Мінскбуд».

Прыклады выкарыстання ЛСТК ужо ёсць у краіне, досыць шырока распаўсюджаная гэтая тэхналогія і ў Расіі. Прадпрыемства плануе максімальна выкарыстоўваць новую тэхналогію ў разнастайных варыяцыях на перспектыўных участках.

«Я думаю, што лёгкія канструкцыі і па цане, і па эксплуатацыйных характарыстыках будуць дастаткова запатрабаваныя ў патэнцыяльных пакупнікоў», — лічыць Аляксандр Яцко.

Цэлы раён з электраацяпленнем

Паблізу новага жылога комплексу «Паўночны бераг» «Мінскбуд» пачаў узвядзенне жылога раёна шматкватэрных электрадомаў. Новы мікрараён з`явіцца ў раёне вуліцы Выгоцкага і будзе цалкам забяспечвацца электраацяпленнем.

У склад ДВА «Мінскбуд» уваходзяць 14 прадпрыемстваў агульнай колькасцю каля 16 тысяч чалавек, якія выконваюць амаль поўны інвестыцыйны цыкл па будаўніцтве любога аб`екта, удакладніў Аляксандр Яцко. Да кастрычніка трэсты прадпрыемства ўвялі 17 жылых дамоў для грамадзян, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Было падкрэслена, што першачарговым кірункам работы «Мінскбуда» з`яўляецца забеспячэнне дзяржзаказу па будаўніцтве жылых дамоў для гэтых катэгорый грамадзян.

Запатрабаваныя прадпрыемствы «Мінскбуда» і для будаўніцтва жылля для шматдзетных сем`яў. Дамы, якія здаюцца, не толькі ўкладваюцца ў пэўную вартасць, але і маюць сучасны выгляд і эксплуатацыйныя характарыстыкі. Цэнтральны апарат прадпрыемства таксама выступае заказчыкам жылля для грамадзян, якія маюць патрэбу ў паляпшенні жыллёвых умоў. Па словах намесніка генеральнага дырэктара, у гэтым годзе цэнтральны апарат ужо забяспечыў увод жылля, даведзенага заданнем.

Ёсць у аб`яднання і перспектыўныя пляцоўкі. Прадпрыемства сёлета завяршыла комплексную забудову і трансфармацыю «Чыжоўкі 6» і «Чыжоўкі 6А». За тры гады быў знесены прыватны сектар, на яго месцы было пабудавана больш за 600 кватэр для чаргавікоў. «Цяпер гэты раён горада мае завершаны архітэктурны выгляд і, думаю, радуе гараджан», — падзяліўся меркаваннем Аляксандр Яцко.

Намеснік генеральнага дырэктара «Мінскбуда» лічыць правільным выдзяленне жылля мінчанам для рэалізацыі іх маёмасных правоў у той жа мясцовасці, дзе яны жылі да зносу дамоў. Цяпер «Мінскбуд» праводзіць вялікую забудову на больш за 120 тысяч чалавек на скрыжаванні вуліц Філімонава і Сталетава. Ільвіная доля мінчан, якія жылі ў знесеным прыватным сектары, атрымала кватэры ў новабудоўлях.

У перспектывах у прадпрыемства прамысловая забудова на вуліцы Гурскага, знос старых дамоў на вуліцы Сярова, працяг будаўніцтва ВК «Утульны». «Праектаў шмат, і ёсць усе перадумовы для выканання даведзеных горадам паказчыкаў», — рэзюмаваў намеснік генеральнага дырэктара «Мінскбуда».

Лошыца, дзіцячыя сады і паліклінікі

Як вядома, праграмай прадпрыемства «УКБ Мінгарвыканкама» на 2023 год прадугледжана праектаванне і будаўніцтва 137 аб`ектаў. У стадыі будаўніцтва цяпер знаходзіцца 55 аб`ектаў. Дырэктар унітарнага прадпрыемства «УКБ Мінгарвыканкама» Анжэла Бабарыка адзначыла, што іх прадпрыемства — асноўны заказчык па Мінску, які мае шэраг даччыных прадпрыемстваў. Акрамя жыллёвага будаўніцтва, прадпрыемства вядзе сацыяльныя аб`екты, а таксама аб`екты будаўніцтва, якія знаходзяцца на асаблівым кантролі кіраўніка дзяржавы.

У частцы жыллёвага будаўніцтва Анжэла Бабарыка адзначыла, што прадпрыемствам ужо ўведзены ў эксплуатацыю апошнія новабудоўлі ў мікрараёнах Лошыца-8.1 і Лошыца-8.2. Пачата будаўніцтва ў Лошыцы-7, дзе ўзводзяцца два жылыя дамы для адсялення грамадзян з перспектыўных пляцовак Лошыцы-5. «Цяпер ідзе рэалізацыя маёмасных правоў грамадзян і знос дамоў. У 2025 годзе плануем прыступіць да жыллёвага будаўніцтва ў мікрараёне Лошыца-5», — адзначыла дырэктар.

Упраўленне капітальнага будаўніцтва горада таксама пачало забудову Лошыцы-10. Распачаты першы дом для жыхароў, якіх адсялялі. Да ліку перспектыўных пляцовак Анжэла Бабарыка адносіць забудову на вуліцах Авакяна — Быхаўская. Вядзецца перадпраектная праца, рэалізацыя маёмасных правоў грамадзян будзе пачата з 2026 года.

Дырэктар унітарнага прадпрыемства асобна адзначыла, што пад пастаяннай увагай узвядзенне электрадомаў у Смалявічах. На гэтым аб`екце прадугледжана беспарковачная зона для камфорту жыхароў. Непадалёк нядаўна быў адкрыты дзіцячы сад, навінай якога стала поўная камп`ютарызацыя.

Між іншым, УКБ Мінгарвыканкама ўваходзіць у лік заснавальнікаў вытворчасці лёгкіх сталёвых танкасценных канструкцый Мінскага гарадскога тэхнапарка. Менавіта таму апрабаваць гэты матэрыял прадпрыемства плануе пры ўзвядзенні дзіцячага садка, які з`явіцца ў жылым комплексе Mіnsk World.

Таксама дырэктар адзначыла, што пачалася будоўля на месцы ГРЦ «Гулівер», дзе з`явіцца новы жылы комплекс. Муніцыпальнае прадпрыемства ўжо заступіла на аб`ект, у планах — да снежня размясціць дэкларацыі па першым жылым доме. Усяго на аб`екце іх будзе чатыры.

У 2026 годзе прадпрыемства плануе пачаць узвядзенне жылля на тэрыторыі паблізу праспекта Незалежнасці — вуліца Валгаградская і вуліца Кедышка. У рамках інвестыцыйнай праграмы ў Мінску пачата будаўніцтва чатырох паліклінік. У маі 2025 года новая дзіцячая паліклініка з`явіцца ў мікрараёне Лошыца-9, у жніўні 2026-га адкрыецца шматпрофільная паліклініка ў пасёлку Усходні. Пачата будаўніцтва дарослай і дзіцячай паліклінік у мікрараёне Mіnsk World з тэрмінамі ўводу май — жнівень 2025-га.

Аўтар: Сяргей Куркач
Звязда, 16 кастрычніка 2023
 
Дата публикации:16.10.2023
Тематика:Бизнес, Беларусь
Просмотров:123
 
Ключевые слова:
Мінск Жильё в Беларуси Соцзащита Многодетные семьи
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме