https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


У Мінску затрымалі расіяніна з наркотыкамі на суму большую за 50 тысяч долараў


У Мінску затрыманы расіянін, у якога знойдзена буйная партыя розных наркотыкаў. Мужчына знаходзіўся ў міждзяржаўным вышуку, паведамляе прэс-служба УУС Мінаблвыканкама.
"У поле зроку аператыўнікаў трапіў 28-гадовы грамадзянін Расійскай Федэрацыі, — гаворыцца ў паведамленні. — Супрацоўнікі наркакантролю валодалі інфармацыяй пра тое, што мужчына мае дачыненне да збыту наркотыку як на тэрыторыі нашай краіны, так і ў суседняй дзяржаве. Аперацыя па затрыманні драгдылера праходзіла на тэрыторыі Кастрычніцкага раёна Мінска. Менавіта там, у здымнай кватэры, рэалізатар хаваўся з падробленым пашпартам і партыяй наркотыку".

У сябе на радзіме мужчына патрапіў у поле зроку праваахоўных органаў у сувязі з распаўсюджваннем наркотыкаў, таму з падробленым пашпартам паехаў у Мінск.

"Прыбыўшы ў сталіцу, дылер не збіраўся заставацца ў цені. Асвоіўшыся, пачаў рэалізоўваць дурман у Мінску, — гаворыцца ў паведамленні. — Гандляр імкнуўся наладзіць збыт некалькіх відаў наркотыку як на тэрыторыі Мінска, так і Мінскага раёна. У асартыменце какаін, мефедрон, кетамін, маркі, MDMA і псіхатропныя таблеткі".

Праз месенджары спісваўся з пастаўшчыком наркотыку і, атрымліваючы каардынаты схованак, забіраў тавар і затым рабіў закладкі для пакупнікоў. Асабістага кантакту як з пастаўшчыкамі, так і з патэнцыяльнымі пакупнікамі не было.

Пры ператрусу асабістых рэчаў і кватэры, дзе пражываў мужчына, выяўлена і канфіскавана больш за 230 грамаў асабліва небяспечнага псіхатропнага рэчыва параметылэфедрону, 250 грамаў псіхатропу MDMA, каля 65 грамаў какаіну, каля 120 грамаў кетаміну, 650 фрагментаў паперы ("марак"), у якіх утрымліваецца асабліва небяспечнае псіхатропнае рэчыва ЛСД, 600 псіхатропных таблетак з утрыманнем MDMA. Кошт забароненых рэчываў на чорным рынку складае больш за 50 тысяч долараў.

Мужчына затрыманы. У дачыненні да яго распачата справа на падставе ч. 3 арт. 328 КК (незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў і прэкурсораў).

Таццяна Каравянкова, БелаПАН
Мінск, 25 студзеня 2019
 
Дата публикации:25.01.2019
Тематика:Бизнес, Беларусь
Просмотров:312
 
Ключевые слова:
Наркотики Криминал Психотропы Мінск
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме