https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 





Найти
 
 


Адкрыты продаж білетаў на новыя цягнікі міжрэгіянальных ліній бізнес-класа БЧ


Графік руху цягнікоў на 2020/2021 год на дарогах краін Садружнасці незалежных дзяржаў і Балтыі пачне дзейнічаць з 0.00 гадзінаў 13 снежня, нагадалі ў прэс-цэнтры магістралі.
У зносінах Мінск — Магілёў графікам прадугледжана штодзённае курсіраванне трох пар цягнікоў міжрэгіянальных ліній бізнес-класа. Час у дарозе — менш за тры гадзіны. На гэтым маршруце паміж Мінскам і Магілёвам запланаваны прыпынкі па станцыях Асіповічы, Ялізава і Нясета.

Маршрут Мінск — Магілёў будуць абслугоўваць камфартабельныя шасцівагонныя дызель-цягнікі ДП6. У цягніку маецца 311 стацыянарных месцаў для сядзення, у тым ліку 25 месцаў першага класа. Кошт праезду ад Мінска да Магілёва на месцах другога класа складзе BYN 13,07, а на месцах першага класа — BYN 18,02.

Новы рухомы састаў адпавядае сучасным патрабаванням бяспекі руху і камфорту для пасажыраў. Прасторны салон, сістэма кандыцыянавання паветра, мяккія крэслы з індывідуальнымі рэгуляваннямі становішча спінкі і падлакотнікаў. Таксама для пасажыраў па тэхналогіі Wi-Fi арганізаваны бясплатны доступ у інтэрнэт, а таксама да бартавога медыясервера з вялікім выбарам фільмаў, музыкі і кніг.

Усе месцы забяспечаны індывідуальнымі разеткамі для падзарадкі гаджэтаў. У салоне маецца шматфункцыянальная зона для перавозкі пасажыраў з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі, пасажыраў з дзіцячымі каляскамі, веласіпедамі і буйным багажом.

У цягніку ўстаноўлены чатыры туалетныя комплексы вакуумнага тыпу, адзін з іх прыстасаваны для пасажыраў з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі, а таксама абсталяваны пеленальным столікам.

Паніжаная падлога і дзверы, абсталяваныя высоўнымі прыступкамі, робяць працэс пасадкі пасажыраў максімальна хуткім і зручным. Дзверы адчыняюцца па націску спецыяльных кнопак, пры гэтым у мэтах бяспекі дзверы блакуюцца падчас руху цягніка. Для пасадкі і высадкі пасажыраў з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі прадугледжаны адкідныя трапы.

У мэтах павышэння якасці абслугоўвання пасажыраў з 13 снежня да трох пар у суткі будзе павялічана частата звароту штодзённых цягнікоў міжрэгіянальных ліній бізнес класа ДП6 паміж Мінскам і Віцебскам. Дадаткова ў цягніка № 711 Віцебск — Мінск (адпраўленне з Віцебска ў 19.08) з’явяцца прыпынкі па станцыях Крупкі, Жодзіна і Смалявічы.

У новым графіку ў зносінах Мінск — Гродна — паскораныя цягнікі № 729/730 міжрэгіянальных ліній бізнес-класа.

Таксама ў новым графіку прадугледжана курсіраванне новага цягніка рэгіянальных ліній бізнес класа па маршруце Мінск — Пінск. Перавозкі будуць весціся па пятніцах і нядзелях сучаснымі дызель-цягнікамі ДП3. Цягнік № 859 будзе адпраўляцца з Мінска ў 14.07 і прыбываць у Пінск у 18.09. Зваротна з Пінска цягнік № 860 адправіцца ў 18.39 і прыбудзе ў сталіцу ў 22.43. У дарозе запланаваны прыпынкі па станцыях Баранавічы-Палескія, Ляхавічы, Ганцавічы і Лунінец. Кошт квітка ад Мінска да Пінска складзе BYN 9,95.

У прэс-цэнтры Беларускай чыгункі звярнулі ўвагу, што продаж квіткоў на цягнікі рэгіянальных ліній бізнес класа пачынаецца за 20 сутак да адпраўлення цягніка.

Больш падрабязную інфармацыю пра час адпраўлення прызначаных дадатковых цягнікоў можна атрымаць на афіцыйным сайце www.rw.by, у мабільным дадатку «БЧ. Мой цягнік», а таксама па тэлефоне 105 Кантакт-цэнтра Беларускай чыгункі.

Сяргей Расолька
Звязда, 19 лістапада 2020
 
Дата публикации:19.11.2020
Тематика:Транспорт, Беларусь
Просмотров:273
 
Ключевые слова:
Расписание Беларуская чыгунка
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме