https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Непераможны Лем


Сёлета знакамітаму пісьменніку Станіславу Лему споўнілася б 90 гадоў. У Беларусі не забыліся пра ўгодкі вялікага польскага фантаста і выдалі кнігу Лема "Непераможны" ў перакладзе на беларускую мову Анатоля Бутэвіча. Прэзентацыя выдання днямі адбылася ў Мінску.
Цікава, што Анатоль Бутэвіч і раней перакладаў творы Станіслава Лема на беларускую мову. Гэта "Прыгоды Піркса", што выйшлі ў выдавецтве "Мастацкая літаратура" ў 1982 годзе, і знакаміты раман "Салярыс", які ўбачыў свет у 1994 годзе. Тады Анатоль Бутэвіч карыстаўся літаратурным псеўданімам "Максім Валошка".

Кніга "Непераможны" выйшла ў выдавецтве "Літаратура і мастацтва" ў серыі "Бібліятэка сусветнай літаратуры" накладам 1600 экзэмпляраў. У яе ўвайшлі тры апавяданні, раман "Непераможны" і казка пра тое, як вылічальная машына змагалася з цмокам. Пасляслоўе да кнігі напісаў Віктар Язневіч, вядомы "лямолаг", перакладчык твораў Станіслава Лема на рускую мову.

Анатоль Бутэвіч прызнаўся, што творы, якія ўвайшлі ў кнігу, былі перакладзены даволі даўно, але не выдаваліся па тэхнічных прычынах:

— Калі распаўся Савецкі Саюз, паўсталі праблемы аўтарскіх правоў. І, безумоўна, любому выдавецтву набыць аўтарскія правы замежнага аўтара было вельмі дорага. Але сёлета дзякуючы добрай дапамозе пасольства Польшчы ў Беларусі мы выдалі гэтую кнігу. Амбасада выкупіла правы ў спадкаемцаў Лема і перадала гэтыя правы выдавецтву "Літаратура і мастацтва". Такім чынам, чарговая кніга Лема на беларускай мове пабачыла свет.

Адметна, што ў ранейшыя часы кнігі мелі большы наклад. Напрыклад, "Салярыс" Лема выйшаў у Беларусі накладам
15 тысяч экзэмпляраў. Відаць, гэта сведчыла пра неверагодную цікавасць беларусаў да творчасці польскага фантаста. Па мерках сённяшняга часу, калі інтарэс да кнігі, на жаль, памяншаецца, наклад "Непераможнага" таксама можна лічыць поспехам.

— Вялікія людзі, нягледзячы на тое, што іх фізічна няма на гэтай зямлі, ніколі не могуць сысці назаўсёды, бо застаецца тое, што яны стварылі. Тое, што стварыў Станіслаў Лем, будзе жыць. Бо яго тэмы ў літаратуры — універсальныя, філасофскія, — перакананы Анатоль Бутэвіч. — Акрамя таго, Лем, як пісьменнік-фантаст, больш, чым іншыя творцы, быў празорцам. У яго ёсць вельмі шмат тэкстаў, якія сталі прарочымі, прадказалі навуковыя адкрыцці і здзяйсненні.

Прынята лічыць, што фантастычная літаратура — гэта нешта несур`ёзнае. Станіслаў Лем таксама так лічыў. Але менавіта яму ўдалося ўзняць вартасць фантастычнай прозы, надаць ёй статус інтэлектуальнага чытва. І выдатна, што ў беларусаў ёсць магчымасць далучыцца да гэтага чытва на роднай мове.

Вольга Чайкоўская, Звязда
12 кастрычніка 2011
 
Дата публикации:12.10.2011
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:5045
 
Ключевые слова:
Станислав Лем Фантастика Переводная литература
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме