https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Купляй беларускае! Фармвытворцы сцвярджаюць:імпартнае — не значыць лепшае


Рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства "Белмедпрэпараты" распачало доўгатэрміновую акцыю па інфармаванні пацыентаў і спецыялістаў аб айчынных лекавых сродках — аналагах імпартных прэпаратаў.
Спецыялісты прадпрыемства распрацавалі для размяшчэння ў аптэчных установах інфармацыйную картку, дзе побач з вядомым найменнямі імпартных лекаў прыводзяцца іх аналагі, якія вырабляюцца на мінскім фармацэўтычным прадпрыемстве. Такім чынам наведвальнікі аптэк змогуць атрымаць інфармацыю пра наяўнасць больш танных лекаў, якія пры гэтым не саступаюць імпартным ні па якасці, ні па сваёй эфектыўнасці. У аснове вытворчасці арыгінальных лекавых прэпаратаў і яго джэнерыкаў ляжыць адна і тая ж субстанцыя, таму фармакалагічныя ўласцівасці такіх прэпаратаў — ідэнтычныя, тлумачаць спецыялісты.

Трэба мець на ўвазе, што далёка не ўсе імпартуемыя ў Беларусь медыцынскія прэпараты — арыгінальныя (сярод зарэгістраваных у нашай краіне прэпаратаў арыгінальных толькі 8 працэнтаў ад агульнай колькасці). Як правіла, большасць імпартуемых прэпаратаў — гэта таксама джэнерыкі (г.зн. аналагі арыгінальных імпартных лекаў, на якія завяршыўся тэрмін іх ліцэнзійнай абароны). Прычым многія джэнерыкі завозяцца да нас з краін, дзе не ўстаноўлены міжнародныя стандарты належнай вытворчай практыкі GMР, у той час як 70 працэнтаў прадукцыі РУП "Белмедпрэпараты" вырабляецца ў цэхах, акрэдытаваных на адпаведнасць стандарту GMР. На карысць высокай якасці мінскіх лекаў сведчыць і тая акалічнасць, што больш за палову выпускаемай на "Белмедпрэпаратах" прадукцыі экспартуецца ў краіны блізкага і далёкага замежжа.

Аднак адкуль такая розніца ў цэнах на імпартныя і айчынныя лекі? Уся прычына ў тым, што на раскрутку імпартных лекаў накіроўваюцца вялізныя сродкі — рэкламныя бюджэты імпартных фармацэўтычных кампаній беларускім вытворцам нават і не сніліся. Да таго ж у кошт арыгінальнага прэпарата таксама закладваюцца і выдаткі на яго шматгадовую распрацоўку, якія могуць даходзіць да 1,5 мільярда долараў.

На "Белмедпрэпаратах" спадзяюцца, што інфармацыйныя карткі дапамогуць пакупнікам зарыентавацца ў "моры" лекавых сродкаў, бо, як сведчаць назіранні, у фармацэўтычным "багацці" праблематычна разабрацца нават беларускім медыкам. У Беларусі, напрыклад, зарэгістраваныя больш як 6 тысяч найменняў лекавых сродкаў. Сур`ёзныя надзеі ўскладаюцца на развіццё ў Беларусі службы клінічных фармаколагаў, якая пачала ўжо фарміравацца. Апошнія будуць дапамагаць урачам падбіраць для пацыентаў прэпарат, аптымальны па суадносінах "цана — якасць — эфектыўнасць".

А пакуль што "Белмедпрэпараты" вырашылі самастойна ўскласці на сябе "асветніцкую місію". Інфармацыйныя стэнды з карткамі-памяткамі будуць устаноўлены ў аптэках, каб любы ахвотны мог узяць такую картку для сябе, сваякоў ці сяброў. Памятка мае зручны памер — яна лёгка змяшчаецца ў кашальку, таму заўсёды будзе пад рукой. І зрабіць правільны і свядомы выбар лекавага прэпарата цяпер зможа любы чалавек, нават вельмі далёкі ад медыцыны...

Надзея НІКАЛАЕВА.
Звязда
14 жнiўня 2010 года

Даведка "Звязды":

Па звестках экспертаў фармацэўтычнага рынку, адзін жыхар Беларусі, робячы пакупку ў аптэках, пакідае там у сярэднім 1,8 долара. Сярэдні кошт адной упакоўкі імпартнага лекавага сродку склаў летась у нашай краіне 3,18 долара, а беларускіх лекаў — 0,66 долара. Ільвіная доля беларускіх прэпаратаў нават пасля падаражэння рэалізуецца выключна па сімвалічных цэнах — ад 150 да 500 рублёў за ўпакоўку. У ТОП-10 гандлёвых найменняў па колькасці прададзеных летась упаковак увайшлі цытрамон-барымед, актываваны вугаль, ацэтылсаліцылавая кіслата, анальгін, карвалол, эналапрыл і іншыя. А ТОП-10 імпартных прэпаратаў у грашовым вымярэнні ўзначалілі летась актавегін, мілдранат, тэрафлю, колдрэкс хатрэм, аўгменцін, анаферон, сумамед і іншыя. 
 
Дата публикации:14.08.2010
Тематика:Товары из Беларуси, Беларусь
Просмотров:5811
 
Ключевые слова:
Белорусскме товары Лекарства из Беларуси
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме