https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Дзе можна набыць дыск з беларускім фільмам?


Беларускае кіно ёсць на DVD-дысках, толькі беларускі глядач пра гэта не ведае...
Упершыню я пабачыла ў продажы прадукцыю "Беларусьфільма" сёлета на "Славянскім базары ў Віцебску". Прыкметны стэнд у цэнтры горада з назвай Нацыянальнай кінастудыі прыцягнуў, спадзяюся, не толькі маю ўвагу — хоць бы таму, што пабачыць беларускія фільмы ў продажы вельмі нязвыкла... Пазнаёміўшыся з асартыментам, я прыдбала дыск з айчыннымі мультфільмамі, абмінуўшы "Інсайт" Рэнаты Грыцковай і "Дастыш фантастыш" Аляксандра Канановіча, якія таксама прадаваліся. Разам з дакументалістыкай нашай анімацыі сапраўды ёсць чым ганарыцца. На жаль, ні першае, ні другое асабліва нідзе не паглядзіш. Таму я і "адхапіла" з радасцю зборнік мультфільмаў, у які ўвайшлі творы Міхаіла Тумелі, Аляксандра Ленкіна, Сяргея Кац`ера, Таццяны Кубліцкай...

На гэтым мае сутыкненні з беларускімі фільмамі ў продажы скончыліся. І я задумалася: а што ж гэта такое было?

Аказваецца, сёлета вясной паміж УП "Нацыянальная кінастудыя "Беларусьфільм" і кампаніяй "Вігма" было падпісана партнёрскае пагадненне, паводле якога кампанія "Вігма" цяпер вырабляе і распаўсюджвае DVD-прадукцыю з творамі айчыннага кінамастацтва. На сёння выйшлі ўжо чатыры дыскі. Акрамя трох згаданых вышэй, яшчэ фільм "Крапавы берэт" рэжысёра Андрэя Голубева.

— Нельга сказаць, што ў нашых планах выдаць усе фільмы кінастудыі за 85 гадоў, — кажа Валянціна Белякова, прэс-сакратар кінастудыі "Беларусьфільм". — У першую чаргу на дысках будуць выходзіць нашы новыя фільмы. Але мы будзем рухацца ў кірунку таго, каб выпускаць у свет для хатняга прагляду і класіку айчыннага кінематографа, напрыклад, фільмы "Белыя росы", "Бураціна" і інш.

Дык дзе ж можна сёння набыць дыск з беларускім фільмам? "Тэрыторыя распаўсюду прадукцыі кампаніі "Вігма", — адказвае Валянціна Белякова, — уся Беларусь, уключаючы абласныя і раённыя цэнтры. Натуральна, там, дзе ёсць пункты продажу "вігмаўскай" прадукцыі, ёсць нашы фільмы. Так нам паабяцала кампанія. І мы верым. У нас жа дзелавыя стасункі. "Вігма" павінна займацца, як вырабляючая кампанія, і рэкламай сваёй прадукцыі, сярод якой ёсць і нашы фільмы. Мы, са свайго боку, дапамагаем плакатамі, флаерамі, фотаздымкамі, але рэклама — не наш асноўны абавязак. Гэта абавязак вырабляючай кампаніі".

Каб праверыць яшчэ раз, ці ёсць у продажы беларускія фільмы ў крамах сталіцы, я выбралася ў горад. У самых буйных і вядомых сетках крамы "Містэрыя гуку" прадукцыі "Вігма" не аказалася... Я разгубілася. Мне нічога не заставалася, акрамя як удакладніць, дзе ж можна набыць DVD-прадукцыю самай буйной і вядомай айчыннай вырабляючай кампаніі.

— На вуліцы Раманаўская Слабада ёсць наша фірмовая крама, — распавядае намеснік генеральнага дырэктара кампаніі "Вігма" Марына Скрумдзь. — Ёсць наша прадукцыя і ў гіпермаркетах.

— А беларускія фільмы там ёсць? — цікаўлюся я.

— У фірмовай краме ёсць, а за гіпермаркеты я не магу адказваць, таму што яны самі выбіраюць па каталозе тое, што будуць у нас замаўляць. Але, як правіла, для асартыменту ўсяго бяруць па 1-2 дыскі, — тлумачыць Марына Міхайлаўна.

Далей я накіравалася, вядома ж, у фірмовую краму. Ля ўвахода стракацеў плакат фільма "Дастыш фантастыш". Гэта абнадзейвала. Але зайшоўшы ўсярэдзіну, я ледзь адшукала ў самым непрывабным закуточку на верхняй паліцы без аніякіх пазнакаў два (з чатырох даступных) фільмы "Беларусьфільма". "Страшна падумаць: што ж тады ў нефірмовых крамах? А ў раённых цэнтрах?" — сказала я сама сабе. Прадавец Аляксандр ветліва мне патлумачыў, што гэта ўсе беларускія фільмы, якія ёсць у наяўнасці. "А ці карыстаюцца попытам?" — не адчапляюся па абавязку службы. "Ну, вось пра гэты пыталіся кагадзе, таму што ў кінатэатрах ішоў, — тыцкае Аляксандр у дыск з надпісам "Дастыш фантастыш" — А так не вельмі цікавяцца". — "А не ведаеце, у гіпермаркетах ёсць?" — "Наша прадукцыя, наогул, ёсць. А вось наконт беларускіх фільмаў не ўпэўнены. Крамы ж бяруць толькі тое, што добра прадаецца..." — разважае прадавец.

У некалькіх гіпермаркетах, дзе я пабывала, ніякіх беларускіх фільмаў не аказалася і блізка. Акрамя таго, сярэднестатыстычная рэакцыя прадаўцоў на пытанне "А ці ёсць у вас беларускія фільмы на дысках?" была: "Беларускія? Фільмы?" — з максімальна грэблівай і абуранай інтанацыяй. "Так, беларускія. Кампанія "Вігма" выпускае", — не здавалася я. "Мы з "Вігмай" толькі па CD працуем", — з гонарам абвясціла мне адна прадавачка.

Не дзіва, што для мяне (як і для ўсіх астатніх, відаць) было ў навіну пабачыць у Віцебску беларускія фільмы ў продажы. Ды гэта была, атрымліваецца, нейкая экзотыка, якую цяпер яшчэ паспрабуй адшукаць. Фільмы ёсць, нават дыскі ёсць з беларускімі фільмамі, а ў продажы не знайсці нічога. І не дзіўна, што беларускі глядач не пытае беларускае кіно ў крамах — пра яго існаванне (маецца на ўвазе сучасны кінематограф, а не класіка беларускага савецкага кіно) сёння мала хто ведае. Яго якасць — тэма асобная. Сённяшняму гледачу трэба паказаць і расказаць, для таго, каб зацікавіць. А тут — ні рэкламы, ні інфармацыі пра тое, што "ўра! здзейснілася нарэшце — маем нашы фільмы на дысках!".

Навошта тады здымаюць і выпускаюць на дысках беларускае кіно, калі глядач пра гэта нічога не ведае?!

Вольга ЧАЙКОЎСКАЯ
Звязда
14.08.2010


 
Дата публикации:14.08.2010
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:6296
 
Ключевые слова:
Беларусьфильм Белорусское кино
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме