Сустрэча з журналістамі доўжылася больш трох гадзін. Прадстаўнікі СМІ атрымалі адказы на самыя розныя пытанні, але ў першую чаргу іх цікавіла меркаванне кіраўніка дзяржавы па найбольш вострых пытаннях — наконт канфлікту ва Украіне і пазіцый бакоў, вайны і міру, рэакцыі Беларусі на абстаноўку, маючых адбыцца перагавораў з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным і ў цэлым саюзнага ўзаемадзеяння. Частка абмеркаваных тэм тычылася ўнутрыпалітычных аспектаў, вектараў знешняй палітыкі Беларусі.
Незапланаванае мерапрыемства ў графіку з’явілася спантанна. Прэзідэнт адгукнуўся на просьбы замежных гасцей — згадзіўся на размову.
«Шчыра і сумленна — незапланаваная сустрэча. Прэс-сакратар мне далажыла, што ў нас такая магутная „армія“, асабліва замежных журналістаў (расіян я не прылічаю да гэтай колькасці). Я падумаў, што будзе, напэўна, негасцінна з беларускага пункту гледжання, калі мы хаця б на некалькі хвілін з вамі не перасячэмся», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
На сустрэчу з кіраўніком дзяржавы акрамя беларускіх журналістаў прыбылі прадстаўнікі СМІ Аўстрыі, Азербайджана, Вялікабрытаніі, Катара, Расіі, Саудаўскай Аравіі, ЗША, Францыі, Японіі і міждзяржаўнай тэлерадыёкампаніі «Мір».
«Паглядзеўшы на склад сённяшняй нашай сустрэчы, я бачу тут даўніх сваіх знаёмых (у прыватнасці, журналіст BBC Стывен Розенберг, які ў лістападзе 2021 года браў інтэрв’ю ў Аляксандра Лукашэнкі.), якія прыязджалі да мяне, і мы вельмі грунтоўна некаторы час таму назад гутарылі з імі па розных пытаннях, на розныя тэмы. Думаю, што ў дынаміцы паглядзець на тыя праблемы, якія іх хвалявалі і якія яны так настойліва спрабавалі мне паставіць у віну, — гэта яшчэ адна такая цікавая фішка сённяшняй сустрэчы», — адзначыў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу, што сённяшняя сустрэча з журналістамі не адмяняе правядзенне анансаванай раней «Вялікай размовы з Прэзідэнтам». «Проста атрымалася нейкая накладка. У нас літаральна праз некалькі тыдняў адбудзецца Пасланне Прэзідэнта народу і парламенту. Два мерапрыемствы, адно за адным, будуць некаторыя паўтарэнні, — растлумачыў ён. — Мы рыхтуем пасланне абсалютна адкрыта, будзе рэакцыя на ўсе пытанні, і трошкі наперад мы пастараемся зазірнуць у межах гэтага паслання».
«Пытанне «Вялікай размовы», як мы яго называем, не здымаецца, яно адкладаецца. Ніякай канспіралогіі тут няма. «Адкрыта вам скажу: атрымалася нейкая накладка», — яшчэ раз заўважыў Прэзідэнт. Паводле яго слоў, у далейшым будзе выдзелены час для сустрэчы з прадстаўнікамі СМІ ў межах «Вялікай размовы».
Звязда, 16 лютага 2023