https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Аляксандр Лукашэнка: Калі дзіця ўсміхаецца — значыць, дзяржава існуе, грамадства здаровае


Галоўная ёлка краіны з удзелам Прэзідэнта прайшла ў Палацы Рэспублікі.
Ну, хто з дзяцей не марыць пабываць на рэспубліканскай ёлцы, якая за некалькі дзён да Новага года традыцыйна праходзіць у Палацы Рэспублікі?! У гэтых 2370 хлопчыкаў і дзяўчынак, якія прыехалі ў сталіцу з усіх рэгіёнаў краіны, з’явілася такая магчымасць. Своеасаблівы ўваходны білет на адну з галоўных навагодніх урачыстасцяў Беларусі яны заслужылі сваёй добрай вучобай, талентам і актыўным удзелам у грамадскім жыцці.

Акрамя пераможцаў міжнародных, рэспубліканскіх і рэгіянальных алімпіяд, творчых конкурсаў, фестываляў, спартыўных спаборніцтваў, на галоўную ёлку краіны былі запрошаны дзеці-сіроты, дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў, тыя, хто выхоўваецца ў апякунскіх і прыёмных сем’ях. На ўрачыстасці прысутнічалі і выхаванцы кадэцкіх вучылішчаў, дзеці з сем’яў бежанцаў, маленькія жыхары Данбаса, якія па запрашэнні Дабрачыннага фонду Аляксея Талая знаходзяцца на аздараўленні ў Віцебскай вобласці, дзеці асоб, якія загінулі пры выкананні воінскага абавязку. 

Па традыцыі са сцэны галоўнай залы краіны юных гасцей Палаца Рэспублікі прывітаў кіраўнік дзяржавы. Перш чым звярнуцца да дзяцей, Аляксандр Лукашэнка ўручыў падарункі Дзеду Марозу і Снягурцы. Пры гэтым ён патлумачыў, што ўсе мы, у нейкай ступені застаёмся дзецьмі — кожны год нешта просім у Дзеда Мароза. Таму, на погляд беларускага лідара, будзе правільным, калі і яны са Снягуркай атрымаюць падарункі.

«Мае юныя сябры, я хачу, перш за ўсё вас, павіншаваць з надыходзячым Новым годам, святам чараўніцтва, весялосці і падарункаў, які вы пачынаеце сустракаць раней за ўсіх — як толькі запальваюцца ёлкі ў дзіцячых садах і школах, — звярнуўся да дзяцей Прэзідэнт Беларусі. — Я заўсёды кажу, што любая краіна моцная традыцыямі. Калі мы кажам, краіна суверэнная і незалежная, значыць павінны быць свае традыцыі — спрадвечныя, беларускія».

Беларускі лідар адзначыў, што Новы год — гэта свята, якое кожнага дарослага — кожнага — падахвочвае стаць чараўніком. «Не толькі Дзеда Мароза, усіх нас, — удакладніў ён. — А што робяць чараўнікі? Выконваюць жаданні».

Прэзідэнт прыгадаў яшчэ адну традыцыю, якая зарадзілася ў суверэннай, незалежнай Беларусі, — акцыю «Нашы дзеці». Па яго словах, яна існуе многія гады і ўжо ўкаранілася ў свядомасці нашага народа. «У гэтыя святочныя дні, усе дарослыя — прадпрымальнікі, кіраўнікі прадпрыемстваў, дэпутаты, дзяржслужачыя — ідуць да дзяцей у дзіцячыя дамы, інтэрнаты, школы, дамы сямейнага тыпу і радуюць нашых дзетак і ўсіх, хто там жыве, навагоднімі падарункамі, — заўважыў кіраўнік дзяржавы. — Гэта таксама стала добрай традыцыяй, і, я думаю, што гэтую традыцыю нельга загубіць. Яе трэба працягнуць да старога Новага года».

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што важна не забыць і пра пажылых людзей, якія сёння адзінокія. «Ëсць яшчэ і такія, пра якіх забыліся дзеці, і часам дзеці не бедныя, — канстатаваў ён. — Усе мы маладымі не будзем. Старых не трэба забываць». Кіраўнік дзяржавы выказаў спадзяванне, што акцыя «Нашы дзеці» працягнецца. Прычым увага павінна быць скіравана не толькі на дзяцей, а і на пажылых людзей, якім таксама патрэбна падарыць падарункі і павіншаваць з Новым годам і Раством Хрыстовым.

«Мы вельмі хочам, каб усе падрыхтаваныя сюрпрызы і падарункі вам спадабаліся, — звярнуўся да дзяцей Прэзідэнт. — Для нас гэта вельмі важна. А самі жадаем толькі аднаго — бачыць вашы ўсмешкі і ведаць, што вы жывяце ў міры і бяспецы. Калі дзіця ўсміхаецца — значыць дзяржава існуе, грамадства здаровае. І, канешне, у нас баліць сэрца за мільёны іншых дзяцей. Дзяцей, якія загадваюць пад Новы год не новую цацку або пэўны гаджэт, як гэта прынята цяпер, як вы робіце, а памятаць аб тых дзецях, якія просяць міру, просяць паесці, просяць, каб было цёпла ў доме. Хоць гэта элементарныя рэчы, якія проста абавязаны быць у жыцці кожнага чалавека, асабліва дзіцяці. Шмат дзяцей, якія хочуць паесці і проста спакойна жыць, каб на іх зямлі быў мір. Аб гэтых людзях, аб гэтых дзецях мы павінны памятаць заўсёды. Калі будзем памятаць, гэтая бяда ніколі не прыйдзе на нашу зямлю». 

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка акцэнтаваў увагу на тым, што, на шчасце, у маленькіх беларусаў іншыя мары --- дзіцячыя. «Няхай яны заўсёды будуць такімі і няхай гэтыя мары абавязкова спраўджваюцца, — падкрэсліў ён. — Гэта і ёсць чараўніцтва, якое ўсе так чакаюць пад Новы год. Ад усяго сэрца яшчэ раз віншую вас, маленькіх і ўжо дарослых, будучыню нашай Беларусі, вашых педагогаў, выхавацеляў, настаўнікаў, вашых бацькоў з Новым годам! Жадаю вам выдатнага настрою, моцнага здароўя і, самае галоўнае, поспехаў у вучобе. Вучоба для вас — найгалоўнейшая задача на гэтым этапе вашага жыцця».

Затым Прэзідэнт Беларусі саступіў сцэну яе гаспадарам — Дзеду Марозу і Снягурцы. Дзеці пагрузіліся ў чароўнае дзейства — навагоднюю казку, галоўным героем стаў сімвал нашай Беларусі — зубр.

Пабываць на ёлцы — найлепшы падарунак

А да пачатку мерапрыемства, якое чакала юных беларусаў і не толькі іх, мы пазнаёміліся з удзельнікамі рэспубліканскай ёлкі. Для вучаніцы 8 класа сярэдняй школы г. Мінска № 209 Ганны Івановай навагодняя ўрачыстасць такога ўзроўню стала падарункам да самага любімага свята. Дзяўчынка прызнаецца, што вельмі шчаслівая, што апынулася тут. Безумоўна, выпадковых дзяцей на рэспубліканскай ёлцы не бывае. Ганна — капітан школьнай каманды, якая сёлета заняла першае месца ў гарадскім этапе спартыўна-патрыятычнай гульні «Зарніца». А вось яе сяброўка, Соф’я Грышына, таксама вучаніца гэтай школы, на Прэзідэнцкай ёлцы ўжо ў чацвёрты раз. Папярэднія разы яна трапляла сюды за дасягненні ў мастацкай гімнастыцы, сёлета — за паспяховы ўдзел у той жа «Зарніцы». Дзяўчаты лічаць, што пабываць на гэтай урачыстасці можа кожны школьнік: для гэтага дастаткова быць старанным і актыўным.

Анжаліка Кобрын прыехала на рэспубліканскую ёлку з Клецка. Прызнаецца, што такога прыгожага сімвала свята дагэтуль ніколі не бачыла. Дзяўчына — адна з актывістак сярэдняй школы № 1. Яна не толькі ўдзельнічае ў культурных і спартыўных мерапрыемствах сваёй школы, а і дапамагае пажылым людзям, інвалідам — Анжаліка яшчэ і валанцёр «Школы міру». Дабрачыннасцю школьніца займаецца не па загадзе, а па закліку сэрца.

Ілля Супрун і Яўген Дэйка, школьнікі са Слоніма, не маглі схаваць эмоцый — пабываць на рэспубліканскай ёлцы было іх марай. Жэня заняў першае месца на раённым конкурсе «Дзеці новага пакалення», Ілля таксама паказаў добры вынік на гэтым конкурсе.

Аўтар: Вераніка Канюта
Звязда, 29 снежня 2022

Чытайце таксама
 
Дата публикации:29.12.2022
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:692
 
Ключевые слова:
Александр Лукашенко Новый год Наши дети Благотворительность Соцзащита в Беларуси
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме