А вы ведалі, што сёння ў Беларусі адзначаецца Дзень археолага? Якія яшчэ падзеі адбыліся 15 жніўня і чым адзначаны гэты дзень у народным календары, чытайце далей:
Гістарычныя падзеі 15 жніўня
У 1390 годзе Бярэсце атрымала магдэбургскае права.
У 1483 годзе адбылося святочнае адкрыццё Сіксцінскай капэлы.
У 1945 годзе Японія пасля атамнай бамбардзіроўкі Хірасімы і Нагасакі і аб`яўлення Савецкім саюзам вайны аб`явіла капітуляцыю.
Хто нарадзіўся 15 жніўня
1831 год: Вінцэсь Каратынскі, беларускі паэт і журналіст.
1927 год: Аляксандр Крывіцкі, беларускі мовазнавец.
Таксама ў гэты дзень нарадзіліся французскі імператар Напалеон Банапарт, шатландскі пісьменнік Вальтэр Скот і амерыканскі акцёр Бен Афлек.
15 жніўня ў народным календары
У гэты дзень праваслаўныя шануюць памяць вялебнага Васіля Спаса-Кубенскага, якога ў народзе клічуць Базыль. Кажуць: "Базыль авечкам воўну дае". Авец у Беларусі пачыналі стрыгчы ўвосень. Авечая воўна, як і лён, была асноўнай сыравінай для ткацтва.
Успамінаюць і святога першапакутніка Стэфана (Сцяпана). Па 15 жніўня вызначалі, якім будзе надвор`е напачатку восені: "Які Сцяпан, такі верасень". Святы Сцяпан вядомы як заступнік коней, таму ў гэты дзень касілі атаву і нарыхтоўвалі сена. Да каня-кармільца сяляне заўсёды ставіліся з вялікай павагай, а ў гэты дзень асабліва: трэба было напаіць яго "праз срэбра", гэта значыць паклаўшы нешта срэбнае ў ваду. Звычайна гэта была дробная манетка, якую потым хавалі ў стайні. Такім чынам каня аберагалі ад сурокаў і хвароб.
Каталікі 15 жніўня святкуюць Унебаўзяцце (Успенне) Божай Маці – Прачыстую. Існуе прымаўка: "Прыйшла Прачыста – стала поле чыста", гэта значыць, працы ў полі па ўборцы ўраджаю да гэтага часу ўжо набліжаліся да завяршэння. Таксама Божую Маці называлі Зёльнай і ішлі ў гэты дзень у храм асвячаць сабраную садавіну, збожжа, а таксама лекавыя травы і кветкі.
Sputnik, 14 жніўня 2024