Змяненні ў Нацыянальны каляндар прышчэпак будуць зацверджаны ў бліжэйшы час, паведаміла намеснік міністра аховы здароўя – галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Беларусі Святлана Нячай.
"Будзе ўведзена вакцынацыя ў шасцігадовым узросце ў дзяцей, таму што менавіта гэта група дзяцей фармуе ў гэтай структуры хворых найбольшую ўдзельную вагу", - сказала яна.
Па словах Нячай, у шэсць гадоў будуць прышчэпліваць у тым ліку ад коклюшу. За апошнія пяць месяцаў у краіне зарэгістравалі 1,7 тысячы выпадкаў інфіцыявання. Пры гэтым галоўны санітарны ўрач назвала практыку адмовы ад вакцынацыі "заходняй модай".
"Гэтаму трэба супрацьпаставіць добрую інфармацыйную працу. Так, пабочныя эфекты могуць быць, але яны супастаўныя з тымі рызыкамі для здароўя, якія нясе адсутнасць гэтай прышчэпкі", - заявіла Нячай у эфіры СТБ.
Яна запэўніла, што пры вакцынацыі ўлічваюцца індывідуальныя супрацьпаказанні. Да вакцынацыі дапускаюць толькі пасля таго, як узважаны ўсе рызыкі.
Акрамя таго, Нячай запэўніла, што заходнія санкцыі не стварылі праблем для закупкі вакцын, хаця часам ёсць асцярога па тэрмінах паставак.
"Але, на шчасце, нам удалося нівеліраваць усе вось гэтыя рызыкі і вялікія праблемы ў забеспячэнні монабіялагічнымі прэпаратамі, якія неслі б сур’ёзныя рызыкі, дапусцім, зрыў тэрмінаў вакцынацыі. Такіх фактаў няма", - падкрэсліла галоўны санітарны ўрач.
Мінск, 6 ліпеня 2024
Sputnik
Sputnik