https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


На фільм «Сьмерць Сталіна» ў Менск прыяжджаюць нават расейцы


Расейская глядачка пра «Сьмерць Сталіна»: «Фільм не спадабаўся. Нельга паказваць няпраўду»
8 лютага ў Менску пачаўся паказ брытанскай камэдыі «Сьмерць Сталіна». У першы дзень у кінатэатрах Silver Screen быў аншляг. Фільм прагледзелі больш за 1300 чалавек. 

Камэдыя будзе дэманстравацца ў менскіх кінатэатрах замест раней заплянаваных двух дзён амаль два тыдні — па 21 лютага. 

На самам першым паказе нават надвячоркам, у працоўны час (а 16.50) была поўная заля. Хоць яшчэ за некалькі гадзін да сэансу квіткоў у продажы было прыкладна дзьве траціны залі на 150 месцаў. Але перад сеансам народ літаральна «паваліў». Прычым самага рознага ўзросту.

Людзі больш сталага веку казалі, што цікавяцца гісторыяй, хочуць разабрацца, што ж адбывалася ў вярхах улады ў першыя дні пасьля сьмерці «правадыра». Моладзь прыйшла «на камэдыю». Але кожны з апытаных перад пачаткам сэансу адказваў, што заінтрыгавала найперш тое, што фільм са скандалам забаранілі ў Расеі — літаральна за дзень да абвешчанай прэм’еры. «Сьмерць Сталіна» спрабавалі забараніць у Беларусі, але не адважыліся.

24 студзеня Міністэрства культуры Беларусі спачатку таксама прыпыніла продаж квіткоў — пакуль яго не паглядзяць чыноўнікі. Паказы былі заплянаваныя цягам двух дзён у трох кіназалях. Праз два тыдні Мінкульт Беларусі ўсё ж такі даў «дабро» на паказ «Сьмерці Сталіна» ў Менску — нават без накіраваньня на экспэртную камісію ў пытаньнях прадухіленьня прапаганды парнаграфіі, гвалту і экстрэмізму.

«Нарэшце не пайшлі на повадзе ў Расеі»

Учынак беларускіх чыноўнікаў Мінкульту народ ацаніў: людзі казалі, што «нарэшце не пайшлі на повадзе ў Расеі, прынялі самастойнае рашэньне насуперак братняй краіне».

Сярод гледачоў шмат расейцаў. Былі заўважаныя нават папулярныя расейскія кінаакторы, сярод якіх Марына Магілеўская. Магчыма, здымаюцца тут у чарговым расейскім сэрыяле. Але некаторыя людзі казалі, што знарок прыехалі паглядзець забароненую ў Расеі стужку.

Так што расейцы ўжо спэцыяльна едуць у Беларусь ня толькі ў казіно, але і на забароненыя на радзіме фільмы.

Мікіту Хрушчова ў фільме «Сьмерць Сталіна» сыграў амэрыканскі актор Стыў Бушэмі, якога любяць здымаць Квэнтын Тарантына, Джоэл і Ітан Коэны. У ролі Георгія Малянкова — Джэйсан Айзэкс.

Памерлага Сталіна сыграў Адрыян Маклафлін, дачку Сталіна Сьвятлану Алілуеву сыграла Андрэа Рэйзбара, а расейская акторка Вольга Курыленка, вядомая рольлю дзяўчыны Джэймса Бонда, сыграла піяністку Марыю Юдзіну.

Рэакцыя гледачоў неадназначная

Рэакцыя гледачоў неадназначная. Спачатку ў залі стаяла мёртвая цішыня.

Масква, 1953 год. Рэпрэсіі, чэкісты сярод ночы людзей забіраюць з кватэр у піжамах, Сталін, Бэрыя і кампанія расстрэльваюць людзей.

І тут пасьля прачытаньня ліста ад піяністкі Марыі Юдзінай Сталіну становіцца дрэнна, ён з грукатам падае; варта, што стаіць пад дзьвярыма, не адважваецца зайсьці. Сталіна ў непрыгляднай позе ў лужыне мачы знаходзіць жанчына, што прынесла сьняданак. Ён быццам бы яшчэ жывы, але на парозе сьмерці.

Прыходзіць Бэрыя... Лекара клікаць не сьпяшаюцца — усе добрыя ўрачы рэпрэсаваныя, а дрэнных клікаць ня хочуць — а раптам Сталін выжыве і даведаецца? І пачынаецца барацьба за ўладу, інтрыгі... Гумар (месцамі чорны), сатыра, гратэск. Публіка ў залі паціху пачынае хіхікаць, потым ціха (кіно ж пра сьмерць!) сьмяяцца...

Пасьля прагляду фільма некаторыя расейцы абураліся — маўляў, гісторыя скажоная, усё было ня так, і з Бэрыем расправіліся не адразу, і любімага народам маршала Жукава выставілі пасьмешышчам.

Беларуская моладзь збольшага выказвала захапленьне — сьмешная камэдыя, да таго ж палітычная. Гледачы больш сталага ўзросту неахвотна дзяліліся ўражаньнямі.

Пасьля першага дня паказу рэйтынг фільма на afisha.tut.by — 7,3.

«Сьмерць Сталіна» будзе ісьці ў сетцы кінатэатраў Silver Screen (Galileo Dana Mall і Арэна-Сіці), а таксама ў Falcon Club Буцік Кіно. Прычым у выходныя пройдзе па 5 сэансаў на дзень. Фільм будзе дэманстравацца ў сталічных кінатэатрах амаль два тыдні — з 8 па 21 лютага. Але ў рэгіёнах яго ня ўбачаць — кінавідэапракат «Сьмерць Сталіна» не замаўляў.

Сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі

У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што пад іх падпалі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладныя лічбы не вядомыя — КДБ дагэтуль не раскрыла архівы. Беларусы лічацца трэцімі паводле колькасьці ахвяраў рэпрэсіяў у сталінскія часы.

Іна Студзінская
Радыё Свабода, 9 лютага 2018
 
Дата публикации:09.02.2018
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:485
 
Ключевые слова:
Кинематограф Сталинизм Сталинские репрессии Мінск "Смерть Сталина"
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме