Этнакультуролагі Іван Крук і Аксана Катовіч у эфіры тэлеканала РТР-Беларусь пазнаёмілі гледачоў са старадаўнім беларускім абрадам сустрэчы Новага года, які праводзіцца пры дапамозе сподкі і шклянкі з вадой.
Першая частка абраду здзяйснялася за паўгадзіны да наступлення Новага года. У сучасных беларусаў і сёння засталася традыцыя праводзіць год адыходзячы.
"Мы селі ўсе за стол, — свята сямейнае, да чужых людзей не хадзі і чужога чалавека да сябе ў Новы год не пускай. І тады гаспадар ставіць на руку альбо на сярэдзіну стала чарку або шклянку з вадой. І мы на хвілінку трымаем левую руку над гэтай вадой і ціхенька самі сабе: "Божачка, забяры з сабой мае хваробы, бяду, няшчасце", — усё са знакам мінус. І потым адкрываем фортку і выліваем праз фортку нашы праблемы", — распавёў Крук.
Другая частка абраду працягваецца ў першыя секунды Новага года — пад звыклы бой курантаў. У тую ж шклянку трэба зноў наліць ваду да краёў і трымаць над шклянкай ужо правую руку. Рабіць гэта трэба ўсёй сям`ёй, жадаючы шчасця, здароўя і радасці, у першую чаргу, блізкім людзям.
"Абавязковая ўмова: не сабе жадаем, любай і добрай, а пачынаем з таго, што: "Хачу, каб бабуля з дзядулем пражылі яшчэ год. Хачу, каб у бацькі склалася ўсё на працы. Хачу, каб у мамы было здароўе. Хачу, каб у сына… Хачу, каб ва ўнука. І толькі ў апошнюю чаргу ўспамінаеш пра сябе", — распавяла Катовіч.
"А потым усю гэтую вадзіцу, як загаварылі ўсе свае жаданні, і тады, пачынаючы са старэйшага, па горла… Ці ад меншага, тут ужо, як сям`я выбірае. Пускаецца ўсё гэта па крузе, і абавязкова трэба выпіць да дна. Якім б ні быў гэты рытуал, яго праводзілі ўсёй сям`ёй з дзецьмі, закладваючы падмурак дабрабыту, шчасця і міра ў сэрца", — рэзюмаваў Крук.
Sputnik, 29 снежня 2017