Першы поўны пераклад кніг Новага Запавету на беларускую мову быў здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі. Нагодай для выдання паслужыла святкаванне 500-годдзя выдання Бібліі Францішка Скарыны.
Прэзентацыі выдання папярэднічала прывітальнае слова Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча, прадстаўніка праваслаўнай Царквы — айца Святаслава Рагальскага, прадстаўніка Біблійнага таварыства Беларусі – Ігара Міхайлава, а таксама даклады кс. ліц. Валерыя Марціноўскага і доктара біблійнай тэалогіі Марыны Пашук.
«Сённяшняя падзея заклікае адказаць на пытанне: якое месца ў нашым жыцці займае Слова Божае?» – зазначыў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч падчас прывітальнага слова да ўдзельнікаў біблійнага сімпозіума. Іерарх узгадаў часы пераследу, калі было складана знайсці Біблію і падкрэсліў, што сёння мы маем шмат магчымасцяў для яе вывучэння.
«Выказваю надзею, што гэтае выданне будзе спрыяць духоўнаму перамяненю ў сэрцах людзей», – заўважыў арцыпастыр.
Прадстаўнік Праваслаўнай Царквы, айцец Святаслаў Рагальскі ў сваім слове адзначыў важнае значэнне Бібліі ў справе фарміравання народнасці. «Зараз, калі Святое Пісанне ёсць амаль у кожным доме, людзі забываюць, што яно з`яўляецца духоўным хлебам. Але толькі тады нацыя становіцца нацыяй, якая праслаўляе Бога, калі пачынае спажываць гэты "духоўны хлеб"», – падкрэсліў айцец Святаслаў Рагальскі.
Прадстаўнік Біблійнага таварыства Беларусі Ігар Міхайлаў звярнуў увагу на важнасць сімпозіуму ў кантэксце святкавання 500-годдзя Бібліі Скарыны і падкрэсліў, што беларускі першадрукар ў першую чаргу быў хрысціянінам. «Сэрца Скарыны прагнула Бога, таму ён і друкаваў Біблію. І тыя, хто сёння займаецца выданнем Бібліі, могуць таксама лічыць сябе спаткаемцамі Францішка Скарыны», – сказаў Ігар Міхайлаў.
Ксёндз Валерый Марціноўскі пазнаёміў прысутных з постацямі апосталаў Пятра і Паўла, адзначыўшы іх вялікі ўклад у пашырэнне Евангелля.
Доктар біблійнай тэалогіі Марына Пашук выступіла з дакладам на тэму гісторыі перакладаў Святога Пісання на беларускую мову, узгадаўшы таксама пра асаблівасці лексікі, цяжкасці, з якімі сутыкаюцца перакладчыкі падчас сваёй працы, а таксама моўныя недахопы ў мінулых неафіцыйных выданнях Новага Запавету.
Першае поўнае афіцыйнае выданне Новага Запавету прэзентаваў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.
«Трэба падзякаваць кардыналу Казіміру Свёнтку за тое, што ён заснаваў гэтую Секцыю па перакладзе. Дзякую ўсім членам Сецыі. Яны вялікай ахвярай учынілі тое, што мы зараз маем. Таксама выдавецтву "Про Хрысто", якое займалася мастацкім афамленнем новага выдання Святога Пісання, і ўсім, хто спрычыніўся да выдання Новага Запавету на беларускай мове», – заўважыў іерарх.
«Будзем людзьмі Слова! Найперш – Божага Слова!» – заклікаў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.
Пасля прэзентацыі ўдзельнікі сімпозіуму памаліліся на св. Імшы, якую ўзначаліў Апостальскі нунцый у Беларусі Габар Пінтэр.
Напрыканцы сімпозіума была магчымасць набыць поўнае выданне «Новага Запавету». Як паведаміла Секцыя па перакладзе, усяго на дадзены момант было выдадзена 2 тысячы асобнікаў.
Пасля прэзентацыі Кнігу можна будзе набыць у кнігарні «Духоўная кніга», па адрасе: Мінск, вул. М. Багдановіча, 25.
Другі этап прэзентацыі першага поўнага выдання Новага Запавету на беларускай мове пройдзе 19 снежня а 16:00 ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.
Праца над афіцыйным перакладам біблійных тэкстаў распачалася яшчэ ў 2002 годзе і была абумоўлена неабходнасцю стварэння Імшальнага Лекцыянарыя на беларускай мове для выкарыстання падчас цэлебрацыі Літургіі. У выніку быў выдадзены Лекцыянарый у шасці тамах.
Затым, на падставе апрацаваных тэкстаў, у 2012 годзе Секцыя па перакладзе выдала чатыры Евангеллі з уступамі да кожнага з іх. Але праца па перакладзе іншых кніг Новага Запавету працягвалася. Пераклады, якія з’яўляліся, паступова змяшчаліся на афіцыйным партале Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, каб усе жадаючыя маглі пазнаёміцца з тэкстам Святога Пісання па-беларуску.
Асновай для афіцыйнага перакладу сталі самыя новыя выданні Новага Запавету: «Novum Testamentum Graece» (ed. B. Aland et K. Aland, J. Karavidopoulos, C. Martini, B. Metzger, Stuttgart 199327), «Novum Testamentum Graece» (ed. B. Aland et K. Aland, J. Karavidopoulos, C. Martini, B. Metzger, Stuttgart 201228), «якія падаюць грэцкія тэксты паводле найстаражытнейшых і найлепшых рукапісаў (кодэксаў)».
«Секцыя па перакладзе ставіла перад сабой мэту стварыць дакладны пераклад зместу біблійных кніг на сучаснай і камунікатыўнай беларускай мове. Пры гэтым у перакладзе паслядоўна трымалася прынятай у Касцёле тэалагічнай тэрміналогіі. Для захавання гістарычнага кантэксту і, калі гэта было неабходна з тэалагічнага пункту гледжання, — некаторыя габрэйскія, арамейскія і грэцкія словы перадаваліся ў іх арыгінальным гучанні, але ў кірылічным запісе», — заўважаюць перакладчыкі.
Поўнае выданне «Новага Запавету» на беларускай мове змяшчае ў сабе не толькі тэксты кніг Бібліі, але і ўводзіны да іх. Асаблівасцю выдання з’яўляецца таксама дадатак з картамі, на якіх можна пазнаёміцца з геаграфіяй часоў Хрыста і Яго вучняў, біблійны слоўнік і «храналагічная табліца падзеяў, звязаных з гісторыяй збаўлення і агульнай гісторыяй чалавецтва».
Над беларускамоўным выданнем «Новага Запавету» працавалі перакладчыкі, тэолагі і філолагі з розных дыяцэзій Беларусі: кс. д-р Ян Крэміс, д-р Марына Пашук, кс. ліц. Валерый Быкоўскі, кс. ліц. Аркадзь Куляха OCD, кс. ліц. Ян Кучынскі, кс. ліц. Ігар Лашук, кс. прэлат Францішак Кісель, маг. Антон Кузміч, бакалаўр Марыя Барткова.
Кансультантам найбольш складаных момантаў перакладу выступіла перакладчыца Бібліі, прафесар біблістыкі ўніверсітэта Кардынала Стэфана Вышынскага ў Варшаве (Польшча), доктар габілітаваная Ганна Кусьмірэк.
Макет выдання падрыхтаваны ў выдавецтве «Про Хрысто». Аўтар мастацкага афармлення выдання — Алег Глекаў, камп’ютарная вёрства — Алег Глекаў і Эльвіра Палінеўская.
«Новы Запавет» выдадзены пад агульным кіраўніцтвам арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча.
Марына Валасар
Catholic.by, 25 лістапада 2017
Catholic.by, 25 лістапада 2017