https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


У Мінску асуджаная апошняя група ашмянскіх мытнікаў


У судзе Кастрычніцкага раёна Мінска 14 верасня вынесены апошні прысуд па крымінальнай справе па абвінавачанні ва ўчыненні шэрагу карупцыйных злачынстваў супрацоўнікаў мытнага пункта пропуску "Каменны Лог" Ашмянскай мытні.
Як паведамілі ў Вярхоўным судзе, за атрыманне хабараў у буйным і асабліва буйным памеры ў складзе арганізаванай групы асуджаныя 13 чалавек.

Максімальнае пакаранне — сем гадоў пазбаўлення волі, мінімальнае — пяць гадоў пазбаўлення волі. Усім абвінавачваным прызначаная канфіскацыя маёмасці, пазбаўленне спецыяльнага звання "інспектар мытнай службы", пазбаўленне права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых абавязкаў і функцый прадстаўніка ўлады на пяць гадоў. Адбыванне пакарання — калонія ўзмоцненага рэжыму.

Прысуд законную моц не набыў і можа быць абскарджаны і апратэставаны ва ўстаноўленым законам парадку.

Перадапошні прысуд па гэтай справе быў абвешчаны ў судзе Заводскага раёна Мінска 11 верасня. Тады максімальнае пакаранне аднаму з сямі фігурантаў склала шэсць з паловай гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Астатнія атрымалі ад пяці да пяці з паловай гадоў зняволення. Усе — з канфіскацыяй усёй маёмасці, з пазбаўленнем права займаць пасады, звязаныя з ажыццяўленнем функцый прадстаўніка ўлады, на пяць гадоў, з пазбаўленнем спецыяльнага звання "інспектар мытнай службы".

Працэсы па справе ашмянскіх мытнікаў праходзілі ў Мінску на працягу двух гадоў.

Нагадаем, 3 красавіка 2015 года Аляксандр Лукашэнка, наведваючы Дзяржаўны мытны камітэт, расказаў пра выкрытую карупцыйную схему ў дзейнасці Ашмянскай мытні: "Зусім нядаўна выявіўся абуральны выпадак. Камітэт дзяржбяспекі разам з іншымі праваахоўнымі органамі выявіў, што ў Ашмянскай мытні ў злачынную дзейнасць быў уцягнуты ледзь не ўвесь асабісты склад мытнага паста "Каменны Лог". Крымінальная схема дзейнічала працяглы тэрмін. Фігурантамі з`яўляюцца каля 20 службовых асоб, агульны злачынны прыбытак вылічаецца мільёнамі долараў".

5 красавіка КДБ заявіў аб распачынанні спраў у дачыненні да дзейных і былых супрацоўнікаў Ашмянскай мытні. "Удзельнікі злачыннай групы за хабары, парушаючы мытнае заканадаўства, ажыццяўлялі бесперашкодны пропуск буйных партый розных тавараў праз дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь у пункце пропуску "Каменны Лог". Сумы незаконнай грашовай узнагароды складалі ад 250 да 3.000 долараў ЗША ў залежнасці ад колькасці перамяшчаных грузаў", — гаварылася ў інфармацыі КДБ.

Паведамлялася, што адзін з удзельнікаў злачыннай групы за штомесячную ўзнагароду ў 1.000 долараў прыкрываў злачынную дзейнасць затрыманых, перадаючы ім звесткі аб праверачных мерапрыемствах, якія плануюцца Дзяржаўным мытным камітэтам.

Тады былі затрыманыя і заключаныя пад варту 19 чалавек. У дачыненні да іх КДБ распачаў пяць спраў па прыкметах складу злачынстваў, прадугледжаных ч. 2, 3 арт. 430 (атрыманне хабару) і ч. 2 арт. 431 (дача хабару) Крымінальнага кодэкса. Па месцы жыхарства фігурантаў было канфіскавана наяўных грашовых сродкаў больш чым на 2,2 млн долараў. На аб`екты нерухомасці і транспартныя сродкі асоб, якія праходзяць па крымінальных справах, накладзены арышт.

Паводле інфармацыі на сярэдзіну верасня 2015 года ўжо было затрымана каля 40 работнікаў Ашмянскай мытні. У выніку фігурантамі крымінальнай справы сталі 58 чалавек.

29 снежня 2015 года былы начальнік мытні быў прыгавораны Мінскім абласным судом да сямі гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй усёй маёмасці, пазбаўленнем права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў, на пяць гадоў, пазбаўленнем спецыяльнага звання дзяржаўнага саветніка мытнай службы 3-га рангу, з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. 1 сакавіка 2016 года Вярхоўны суд скараціў тэрмін зняволення да шасці гадоў.

На працэсе ў Мінскім абласным судзе прагучала інфармацыя, што з 2010 года па сакавік 2015 года мытнікі атрымалі ў якасці хабару не менш як 850 тыс. долараў і 19,2 тыс. еўра.

Ашмянская мытня 1 кастрычніка спыніць сваё існаванне, а зона яе адказнасці пяройдзе пад юрысдыкцыю Гродзенскай рэгіянальнай мытні.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН
Мінск, 14 верасня 2017
 
Дата публикации:14.09.2017
Тематика:Бизнес, Беларусь
Просмотров:743
 
Ключевые слова:
Ашмяны Таможня Криминал Коррупция
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме