Бюджэт пражытачнага мінімуму (БПМ) у Беларусі з 1 жніўня павялічыцца на 13,75 рубля — да 197,57 рублёў.
Па асноўных сацыяльна-дэмаграфічных групах зацверджаны наступныя памеры БПМ:
у сярэднім на душу насельніцтва — 197 рублёў 57 капеек у месяц;
для працаздольнага насельніцтва — 218 рублёў 87 капеек;
для пенсіянераў — 151 рубель 98 капеек;
для студэнтаў — 192 рублі 79 капеек;
для дзяцей да трох гадоў — 125 рублёў 87 капеек;
для дзяцей ад трох да шасці гадоў — 174 рублі 90 капеек;
для дзяцей ад шасці да васемнаццаці гадоў — 215 рублёў 50 капеек.
Гэтыя паказчыкі разлічаны ў цэнах чэрвеня і будуць дзейнічаць па 31 кастрычніка 2017 года.
У сувязі са змяненнем БПМ з 1 жніўня адпаведна вырастуць мінімальныя працоўныя і сацыяльныя пенсіі; надбаўкі і даплаты асобам ва ўзросце 75 гадоў і вышэй, якія атрымліваюць пенсіі ў органах па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне; дапамогі па догляду інвалідаў I групы або асоб, якія дасягнулі 80-гадовага ўзросту; дзіцячыя дапамогі і шэраг іншых сацыяльных выплат, якія залежаць ад памеру БПМ.
Акрамя таго, з улікам росту сярэднямесячнай зарплаты ў другім квартале (па даных Белстата, сярэдні заробак у гэты перыяд склаў 796,80 рублёў), з 1 жніўня будуць павялічаны памеры дапамогі па догляду дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў. Штомесячныя выплаты па догляду за першым дзіцём складуць 278,88 рублёў у месяц; за другім і наступнымі дзецьмі — 318,72 рублёў; дзіцяці-інваліда — 358,56 рублёў.
Бюджэт пражытачнага мінімуму служыць нарматывам індэксацыі даходаў насельніцтва, а таксама выступае як крытэрый патрэбнасці пры вызначэнні права грамадзян на дзяржаўную адрасную сацыяльную дапамогу ў выглядзе штомесячнай сацыяльнай дапамогі і забеспячэння прадуктамі харчавання дзяцей першых двух гадоў жыцця. Акрамя таго, БПМ прымяняецца для вылічэння іншых выплат і служыць крытэрыем ацэнкі пры вызначэнні права грамадзян на некаторыя віды сацыяльнай падтрымкі.
Бюджэт пражытачнага мінімуму ўяўляе сабой вартасную велічыню мінімальнага набору прадуктаў харчавання і нехарчовых тавараў і паслуг, неабходных для захавання здароўя чалавека і забеспячэння яго жыццядзейнасці. Пражытачны мінімум для асноўных сацыяльна-дэмаграфічных груп насельніцтва складаецца з мінімальных набораў прадуктаў харчавання, нехарчовых тавараў і паслуг (кошт нехарчовых тавараў і паслуг вызначаны ў памеры 77% ад кошту мінімальнага набору прадуктаў харчавання).
БелаПАН
Мінск, 30 ліпеня 2017
Мінск, 30 ліпеня 2017