https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


У Мінску назіраецца стабільна высокая актыўнасць на другасным рынку жылля


Гэта адзначыла ў каментары намеснік дырэктара па продажах на другасным рынку жылля агенцтва нерухомасці "Твая сталіца" Святлана Кудзелка.
"Апошнія некалькі гадоў адпускны сезон негатыўна на другасны рынак жылля не ўплывае, — сказала яна. — Хутчэй наадварот, летась менавіта ў гэты час быў зафіксаваны рэкорд апошніх 10 гадоў па колькасці ажыццёўленых у Мінску здзелак куплі-продажу кватэр. А сёлета колькасць здзелак застаецца стабільна высокай: штомесяц, пачынаючы з сакавіка, рэгіструецца больш за 1.100 пераходаў права ўласнасці, у той час як сярэднегадавыя паказчыкі 2014—2015 гадоў былі на ўзроўні 950 здзелак у месяц".

За кошт стабільнай колькасці здзелак колькасць кватэр, якія прапаноўваюцца на продаж, ад месяца да месяца складае каля 7,5 тыс., што "з`яўляецца для Мінска цалкам звычайным за апошнія некалькі гадоў паказчыкам".

Паводле дадзеных агенцтва нерухомасці "Твая сталіца", больш за ўсё купляецца ці прадаецца (53% ад агульнай колькасці здзелак) кватэр стандартных спажывецкіх якасцяў, г.зн. тых, якія не прадугледжваюць свежага сучаснага рамонту і/або мэблі з бытавой тэхнікай.

Як заўважыла эксперт, прычына ў іх цэнавай даступнасці — у сярэднім каля 38 тыс. долараў для аднапакаёвых, 50 тыс. — для двухпакаёвых і 62 тыс. — для трохпакаёвых кватэр. Пераважная большасць такіх кватэр размяшчаецца ў дамах 1970—1990-х гадоў пабудовы.

Гатовыя да пражывання кватэры са свежым сучасным рамонтам, а ў шэрагу выпадкаў з мэбляй і бытавой тэхнікай, што дазваляе новаму ўладальніку адразу ж засяляцца, як правіла, каштуюць на 20% даражэй, адзначыла Кудзелка. Так, сярэдні кошт аднапакаёвай, гатовай да пражывання кватэры, гэтым летам складае 45 тыс. долараў, двухпакаёвай — 60 тыс., трохпакаёвай — 75 тыс. долараў.

"У структуры здзелак з кватэрамі другаснага рынку Мінска можна вылучыць у асобную групу дамы, пабудаваныя пасля 2009 года. Доля здзелак з кватэрамі ў такіх дамах складае каля 17%. Сучасныя планіроўкі і добры стан месцаў агульнага карыстання — асноўнае, што прыцягвае да іх пакупнікоў. Акрамя таго, за кошт свайго пакуль яшчэ маладога ўзросту яны могуць выступаць рэальнай альтэрнатывай новабудоўлям", — тлумачыць эксперт.

Кватэры ў такіх дамах з добрым рамонтам, мэбляй, а магчыма, і бытавой тэхнікай каштуюць у залежнасці ад плошчы і месцазнаходжання: ад 46 да 60 тыс. долараў — аднапакаёвыя; ад 67 да больш за 100 тыс. — двухпакаёвыя; ад 95 тыс. і больш — трохпакаёвыя. Без добрага рамонту і мэблі: ад 43 да 55 тыс.; ад 50 да больш за 77 тыс.; ад 77 да 90 тыс. долараў адпаведна.

"У пакупнікоў, якія шукаюць максімальна бюджэтныя прапановы, ёсць некалькі варыянтаў: шукаць мінімальныя па плошчы кватэры, якія прадстаўлены на другасным рынку ў асноўным старым жылым фондам (хрушчоўкамі-брэжнеўкамі), або звярнуць увагу на найбліжэйшы прыгарад Мінска. Тыя, хто не хоча купляць кватэру "пад аднаўленне" з-за старога ўзросту дома, выбіраюць апошні варыянт. Кватэру ў найбліжэйшым прыгарадзе Мінска выбіраюць 8% пакупнікоў, пры гэтым практычна палова здзелак прыпадае на кватэры ў дамах, якія пабудаваны пасля 2009 года. Найбольшай папулярнасцю карыстаюцца Калодзішчы, Бараўляны, Лясны і Фаніпаль", — сказала замдырэктара. Сярэдні кошт квадратнага метра складае 1.040 долараў для аднапакаёвых (танней на 5% у параўнанні з сярэднім узроўнем па Мінску), 850 — для двухпакаёвых (14%), 660 — для трохпакаёвых кватэр (32%).

Як адзначыла эксперт, стабільны попыт застаецца і на пакоі. Доля здзелак гэтым летам знаходзіцца ў межах 3%. Кошты ў залежнасці ад месцазнаходжання, стану кватэры, плошчы і некаторых іншых параметраў вар`іруюцца ад 12 тыс. да 20 тыс. долараў. У прыватнасці, мінімальныя цэны характэрныя для пакояў, якія размяшчаюцца ў кватэрах найбліжэйшага прыгарада Мінска.

"Пакоі запатрабаваны ў першую чаргу пакупнікамі з рэгіёнаў. У прыватнасці, пакоі купляюць бацькі студэнтам. Купля пакояў адбываецца па прычыне недахопу грошай і нежадання або адсутнасці магчымасці браць крэдыт. Да таго ж пры куплі пакоя не выключаецца магчымасць пасля выкупу кватэры цалкам. Многія думаюць, што пакоі прадаюцца толькі ў кватэрах старога жылога фонду, але гэта не так — ёсць прапанова пакояў і ў дастаткова новых дамах", — падкрэсліла прадстаўнік "Тваёй сталіцы".

"Відавочных выгод гэта лета пакупнікам не прынесла, у той час як канкурэнцыя паміж прадаўцамі застаецца высокай на працягу ўсяго года. Пры гэтым ім даводзіцца канкурыраваць не толькі адзін з адным у межах Мінска, але ўжо і з прадаўцамі ў прыгарадзе Мінска, а таксама з забудоўшчыкамі, якія актыўна прапаноўваюць новабудоўлі на акцыйных умовах", — падсумавала Кудзелка.

Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 24 ліпеня 2017
 
Дата публикации:24.07.2017
Тематика:Бизнес, Беларусь
Просмотров:780
 
Ключевые слова:
Жильё в Беларуси Стоимость
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме