https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Шрамко: Гэта двайныя стандарты: Расеі можна незалежную царкву, а Беларусі нельга


Праваслаўны сьвятар Аляксандар Шрамко камэнтуе заяву мітрапаліта Паўла супраць патрэбы нацыянальнай царквы для беларусаў.
Кіраўнік Беларускай праваслаўнай царквы (Беларускага экзархату Маскоўскага патрыярхату) Мітрапаліт Павел выказаўся супраць нацыянальнай беларускай царквы: ён параўнаў ідэю нацыянальнай царквы са спакусай Эвы д’яблам і заявіў, што пад лёзунгамі свабоды і незалежнасьці прыхільнікі аўтакефаліі «спрабуюць навязаць новую ідэю, якая не аб’ядноўвае людзей, а разьядноўвае».

Праваслаўны сьвятар Аляксандар Шрамко зьвяртае ўвагу на тое, што сама пастаноўка пытаньня мітрапаліту ў інтэрвію задавала ідэалягічны кірунак: маўляў, словы мітрапаліта былі закладзеныя ў фармаце інтэрвію, а суразмоўца ўладыкі Арцём Махакееў «сам выступіў у ролі зьмея-спакушальніка, бо пытаньне выклікала адпаведны адказ»:

«Насамрэч праблема „рускага сьвету“ зусім не ў нацыянальнасьці. Як у Савецкім Саюзе любілі казаць, што ўсе нацыянальнасьці роўныя і ўсім добра, але аказалася, што роўныя, пакуль не перашкаджаем імпэрскасьці.

Дык „рускі сьвет“ можа сапраўды разумецца не ў палітычным ракурсе, як казаў Мітрапаліт Павел, бо з адной купелі выйшлі, адну традыцыю шмат стагодзьдзяў мелі. Калі адбылася [Кастрычніцкая.] рэвалюцыя, шмат нашых людзей з Расейскай праваслаўнай царквы аказаліся за мяжой, там стваралі розныя царкоўныя цэнтры, якія прадоўжылі традыцыі, прыцягнулі шмат людзей іншых нацыянальнасьцяў. Гэта можна назваць духоўным „рускім сьветам“, які паўплываў на цэлы сьвет сваёй традыцыяй».

Айцец Аляксандар Шрамко задаецца пытаньнем пра тое, чаму разнастайныя галіны «рускага сьвету» аказаліся нібыта непатрэбнымі, чаму Масква прагне ўніфікацыі. Ён заяўляе, што «фактычна вядзецца вайна з расейскім экзархатам у Парыжы, ігнаруецца ягонае існаваньне, робяць выгляд, што не існуе там ніякай традыцыі», згадвае, што Мікалаеўскі сабор у Ніцы быў адабраны ў мясцовага экзархату і далучаны да Маскоўскага патрыярхату.

«Цяпер „рускі сьвет“ узяты як сродак імпэрскай прысутнасьці ў сьвеце, праваднік расейскай лініі. Ім не падабаюцца тыя, хто не падпарадкоўваецца. Хай яны „рускі сьвет“, але калі не падпарадкоўваюцца — значыць, гэта ня нашыя. Гэта зусім іншы „рускі сьвет“, гэта „русский мир“, і тут істотная розьніца.

Калі нібыта ідэя нацыянальнай царквы разьядноўвае, варта спытаць: што з гісторыяй самой Маскоўскай царквы, якая ў XV стагодзьдзі абвясьціла сваю незалежнасьць? І мы гэта адзначаем як сьвята: вось атрымалі незалежнасьць. Дык гэта таксама разьяднаньне было? І як тады ставіцца да ўсіх іншых праваслаўных цэркваў: грузінскай, сэрбскай, румынскай?..

Усе гэтыя цэрквы нацыянальныя, зь якіх складаецца агульная Праваслаўная Царква. Як мы любім казаць, што ў нас няма падпарадкаваньня, мы ўсе браты і сёстры, сябруем між сабой. Мы ж ня кажам, што нацыянальная царква павінна стварацца ў піку камусьці, гэта фактычна тэхнічнае пытаньне, яно не зьяўляецца нейкай спакусай.

Так сталася, што гэта нармальна, каб у сваёй дзяржаве была свая царква, каб яна была ў добрых дачыненьнях з цэрквамі іншых дзяржаваў, як сястра. Чаму ж гэта падзел? Гэта ў агульнай традыцыі праваслаўнай царквы, натуральны працэс. Наадварот, калі кіруючы цэнтар царквы знаходзіцца ў іншай краіне, гэта выклікае недавер, стварае напружанасьць.

Тут бачым нейкія двайныя стандарты, як той казаў: сабе можна незалежную царкву, а калі іншая краіна хоча, то гэта разьяднаньне. Гэта недальнабачна, мне здаецца».

Айцец Шрамко заўважае, што амаль ніводнай аўтакефальнай царквы не стварылася бяз пэўнага канфлікту, калі цэнтар не адпускаў ад сябе новую царкву. Тая ж Маскоўская царква, згадвае ён, абвясьціла незалежнасьць ад Канстантынопалю самачынна, а ўзаконеная тая незалежнасьць была, калі канстантынопальскія патрыярхі ўжо былі пад мусульманскім ярмом, былі слабымі і шукалі падтрымкі Масквы.

Радыё Свабода, 3 студзеня 2017
 
Дата публикации:03.01.2017
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:810
 
Ключевые слова:
Русская православная церковь Суверенитет Религия Христианство Автокефалия
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме